Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародная фэдэрацыя запатрабавала адстаўкі кіраўніка «Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа» Шаўцова


Дзьмітры Шаўцоў, Генэральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа, архіўнае фота
Дзьмітры Шаўцоў, Генэральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа, архіўнае фота

Міжнародная фэдэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (МФТЧКіЧП) апублікавала вынікі расьсьледаваньня дзейнасьці Генэральнага сакратара Беларускага Чырвонага Крыжа Дзьмітрыя Шаўцова ў сувязі зь ягонымі паездкамі на акупаваны Расеяй Данбас.

Расьсьледаваньне Фэдэрацыі паказала, што Дзьмітры Шаўцоў, «дзейны генэральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, парушыў Асноўныя прынцыпы руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, правілы выкарыстаньня яго эмблем і Палітыку добрасумленнасьці МФТЧКіЧП.

Камітэт выкананьня прававых нормаў і пасярэдніцтва МФТЧКіЧП правёў расьсьледаваньне абвінавачаньняў, выкліканых афіцыйнымі заявамі генэральнага сакратара Беларускага Чырвонага Крыжа, у тым ліку аб ядзернай зброі і перамяшчэньні дзяцей у Беларусь, а таксама ў сувязі зь ягоным візытам у Луганск і Данецк», — гаворыцца ў рашэньні Фэдэрацыі.

Праўленьне МФТЧКіЧП падтрымала высновы і рэкамэндацыі Камітэту выкананьні прававых нормаў і пасярэдніцтва і, у сувязі з парушэньнем генэральным сакрактаром Беларускага Чырвонага Крыжа Дзьмітрыем Шаўцовым Палітыкі добрасумленнасьці, падвергла апошняга абмежавальным мерам, забараніўшы яму займаць якія-небудзь кіроўныя пасады ў МФТЧКіЧП да далейшага апавяшчэньня.

Праўленьне таксама заклікала:

  • Беларускі Чырвоны Крыж вызваліць Генэральнага сакратара Дзьмітрыя Шаўцова ад займанай пасады не пазьней за 30 лістапада 2023 году.
  • Устрымацца ад новых партнэрскіх абавязаньняў у дачыненьні да Беларускага Чырвонага Крыжа, у тым ліку фінансаваньня, у выпадку калі нацыянальнае таварыства ня выканае рашэньне праўленьня да 30 лістапада 2023 года.
  • Праўленьне зьвяртаецца да іншых кампанэнтаў Руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца з просьбай зрабіць тое ж самае.
  • Беларускі Чырвоны Крыж павінен выканаць гэтыя рашэньні да 30 лістапада 2023 года. Калі Беларускі Чырвоны Крыж ня прыме неабходных дзеяньняў для адхілення Шаўцова, членскія правы нацыянальнага таварыства будуць аўтаматычна прыпыненыя 30 лістапада 2023 году.

Міжнародная фэдэрацыя заявіла, што ў выніку расьследаваньня было ўстаноўлена, што перамяшчэньне дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый у Беларусь ажыцьцяўлялася не Беларускім Чырвоным Крыжом, а іншай арганізацыяй, а таксама не фінансавалася МФТЧКіЧП, удзел Беларускага Чырвонага Крыжа ў дзейнасьці зь дзецьмі засяроджаны ўнутры краіны і накіраваны на падтрымку людзей, перамешчаных у выніку канфлікту.

Падчас паездкі Шаўцова на акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі яго заўважылі ў камуфляжы і зь літарай Z на рукаве, якую выкарыстоўваюць прыхільнікі расейскай вайны ва Ўкраіне, хоць статут Чырвонага Крыжа патрабуе ад сяброў арганізацыі заставацца нэўтральнымі. Міжнародны Чырвоны Крыж адхрысьціўся ад паездак Шаўцова на акупаваны Расеяй Данбас.

19 ліпеня з заклікам да Міжнароднага крымінальнага суду выдаць ордэр на арышт Дзьмітрыя Шаўцова выступіў міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба.

Што рабіў Шаўцоў на акупаваным Данбасе

Днямі генэральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзьмітры Шаўцоў падчас сваёй чарговай паездкі на Данбас перадаў гуманітарную дапамогу і зьняўся ў рэпартажы тэлеканала «Беларусь-1», дзе прызнаўся, што яго арганізацыя бярэ ўдзел у вывазе дзяцей з Украіны. На гэта зьвярнуў увагу сайт «Зеркало».

«Мяне да глыбіні душы абурыў той факт, калі абвінавацілі Беларусь у тым, што мы выкрадаем дзяцей, якія прыяжджаюць да нас на аздараўленьне. І, шчыра кажучы, справа ў тым, што і беларускі Чырвоны Крыж браў у гэтым — і бярэ, і будзе браць — актыўны ўдзел», — заявіў Дзьмітры Шаўцоў.

  • 18 ліпеня аўтары дакладу Эўрапарлямэнту заклікалі Міжнародны крымінальны суд выдаць ордэр на арышт Аляксандра Лукашэнкі за гвалтоўны вываз дзяцей з акупаваных Расеяй земляў Украіны.
  • Раней такі ордэр выдалі на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай у правах дзіцяці ў РФ Марыі Львовай-Бяловай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG