«Удзел Беларускага Чырвонага Крыжа ў прымусовай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з тэрыторый, акупаваных Расеяй, у Беларусь зьяўляецца саўдзелам ва ўчыненьні міжнароднага злачынства», — напісаў генпракурор. Пра гэта паведамляе BPN.
На яго думку, БКК «груба парушае нормы Жэнэўскіх канвэнцый, а таксама Асноўныя прынцыпы Руху Чырвонага Крыжа». «Мы спадзяёмся, што МКЧК разгледзіць гэтае парушэньне добрапрыстойнасьці і прыме адпаведныя меры», — дадаў ён.
«Са свайго боку, мы пачалі расьследаваньне, каб забясьпечыць адказнасьць за кожны выпадак прымусовага перамяшчэньня і/або дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей», — сказаў Косьцін.
19 ліпеня выдаць ордэр на арышт генэральнага сакратара Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзьмітрыя Шаўцова заклікаў міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба ў звароце да Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе. За некалькі дзён да гэтага генэральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзьмітры Шаўцоў падчас сваёй чарговай паездкі на Данбас перадаў гуманітарную дапамогу і зьняўся ў рэпартажы тэлеканала «Беларусь-1», дзе прызнаўся, што яго арганізацыя бярэ ўдзел у вывазе дзяцей з Украіны.