Урады Беларусі і Расеі заплянавалі падрыхтоўку дапаможніка для школьнікаў у гісторыі так званай «саюзнай дзяржавы». Дапаможнік па «агульнай гісторыі саюзнай дзяржавы» для навучэнцаў беларускіх і расейскіх устаноў сярэдняй адукацыі плянуецца распрацаваць у 2024 годзе, паведаміў намесьнік міністра адукацыі Аляксандар Кадлубай 3 кастрычніка ў Менску на форуме «Расея і Беларусь: агульная гісторыя, агульны лёс», піша Bpn-info.online.
Па словах чыноўніка, якія перадае шэраг дзяржаўных мэдыя абедзьвюх краін, выданьне гэтага падручніка дапаможа «супрацьстаяць спробам скажэньня і фальсыфікацыі гістарычных фактаў».
«Яно дапаможа выпрацаваць агульны погляд на мінуўшчыну, які будзе садзейнічаць кансалідацыі грамадзтва, выхаваньню патрыятычных і грамадзянскіх якасьцяў падрастаючага пакаленьня, служыць умацаваньню міжнацыянальнай і міжканфэсійнай згоды», — заявіў Кадлубай.
Намесьнік міністра сказаў што гэта трэба нібыта ва ўмовах «разьвязваньня інфармацыйнай і гібрыднай войнаў» супраць народаў Беларусі і Расеі.
Паводле яго, ужо распрацавалі дапаможнік «Гісторыя Вялікай Айчыннай вайны», ён стаў першым у сэрыі «Расея і Беларусь: старонкі агульнай гісторыі».
Па выніках X Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расеі, які прайшоў 26–28 чэрвеня гэтага года ва Ўфе (Башкартастан, Расея), быў падпісаны дакумэнт, у якім верхнія палаты парлямэнтаў абедзьвюх краін рэкамэндавалі ўрадам «распрацаваць агульны навукова абгрунтаваны гістарычны стандарт, які зьмяшчае канцэптуальныя ацэнкі гістарычных падзей і асоб, а таксама адзіныя падыходы да выкладаньня гісторыі».
У Расеі і Беларусі апошнім часам актыўна перапісваюць падручнікі гісторыі, у прыватнасьці з расейскага школьнага падручніка «Навакольны сьвет» для навучэнцаў чацьвёртых клясаў прыбралі некалькі згадак Кіева як сталіцы Кіеўскай Русі. З падручнікаў прыбіраюць згадкі пра масавыя рэпрэсіі, злачынствы эпохі сталінізму, нэгатыўна ацэньваюць вызвольнае паўстаньне 1863 году.