Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеў: пагроза расейскіх ракетных удараў з тэрыторыі Беларусі ўсё яшчэ застаецца


Сьпікер Паветраных сіл Украіны Юры Ігнат. Архіўнае фота
Сьпікер Паветраных сіл Украіны Юры Ігнат. Архіўнае фота

Украіна ўзмацняе войскамі сваю тэрыторыю на паўночнай мяжы, супрацьпаветраную абарону, ставіць загароды розных тыпаў і, у тым ліку, праводзіць мінаваньне памежнай тэрыторыі.

Сьпікер Паветраных сіл Украіны Юры Ігнат заявіў, што пагроза нанясеньня Расеяй ракетных удараў з тэрыторыі Беларусі па Ўкраіне ўсё яшчэ застаецца.

«Мы ня маем ніякіх ілюзій, што нічога не адбудзецца. Расея там трымае зэнітна-ракетныя комплексы, яна там трымае «Іскандэры», авіяцыю, хоць і не ў такой вялікай колькасьці, як гэта было з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня. Але Беларусь пакуль яшчэ саюзная дзяржава, і мы робім высновы і ўзмацняемся», — сказаў Юры Ігнат у эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом.

Сьпікер Паветраных сіл Украіны дадаў, што ўкраінскі бок узмацняе сваімі войскамі тэрыторыю на паўночнай мяжы, супрацьпаветраную абарону, ставіць загароды розных тыпаў і, у тым ліку, праводзіць мінаваньне памежнай тэрыторыі.

«Працягласьць лініі фронту вялікая — больш за 2 тысячы кілямэтраў, улічваючы Прыднястроўе, Беларусь, Расею і лініі баявых сутыкненьняў на марскіх межах. Усё гэта лінія фронту, і з гэтай лініі фронту можа прыляцець. Таму ніякіх ілюзій тут не павінна быць. Мы ўзмацняем гэтыя кірункі», — падкрэсьліў ён.

Юры Ігнат дадаў, што ўкраінская выведка адсочвае сытуацыю з правядзеньнем у Беларусі вайсковых вучэньняў, у тым ліку і тых, пра якія абвясьцілі сёньня, з выкарыстаньнем авіяцыі.

«Мы маем інфармацыю з уласных крыніц, маем інфармацыю ад нашых партнэраў, якія побач зь Беларусьсю.[...] Мы атрымліваем інфармацыю зь іншых краін аб паветранай абстаноўцы і выведцы. Ну праводзяць там нейкія вучэньні — гэта неад’емная частка існаваньня любога войска, ягонай жыцьцядзейнасьці, таму армія заўсёды жыве баявой падрыхтоўкай. Гэта няспынны працэс», — адзначыў сьпікер Паветраных сіл Украіны Юры Ігнат.

Міністэрства абароны 3 кастрычніка абвясьціла аб пачатку чарговага этапу праверкі баявой здольнасьці Ўзброеных сіл з выкарыстаньнем авіяцыі.

Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.

У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску – у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.

Праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам агрэсіі Расеі супраць Украіны датычна да Беларусі ўвялі міжнародныя санкцыі.

Увесь час ад моманту расейскага ўварваньня ва Ўкраіну на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG