Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тысяча даляраў і год на падрыхтоўку. Як беларускія выпускнікі едуць вучыцца за мяжу


Каляж
Каляж

Каб паступіць у польскі ўнівэрсытэт, не заўсёды трэба здаваць іспыты. Часам дастаткова выйграць у конкурсе атэстатаў і прайсьці сумоўе. Каб вывучыць польскую мову, можа хапіць году часу і тысячы даляраў. Выпускнікі і іхныя бацькі расказалі, як яны паступалі ў польскія вучэльні.

У Беларусі зьбіраюцца ўвесьці абавязковую адпрацоўку і для платнікаў, а тэрмін разьмеркаваньня павялічыць. Раней частка абітурыентаў сьвядома паступала на платнае аддзяленьне, каб не адпрацоўваць пасьля ў рэгіёнах на нізкааплатных пасадах. Цяпер, у чаканьні зьменаў у заканадаўстве, колькасьць паступленьняў за мяжу можа павялічыцца яшчэ больш.

Сёлета ў польскіх установах вучацца 2 тысячы беларускіх студэнтаў. Гэта на тысячу больш, чым у 2021 годзе.

Свабода пагаварыла са студэнткай, якая вучылася ў Беларусі, а сёлета паступіла ў Польшчу, а таксама з маці адной са студэнтак польскага ўнівэрсытэту. Яны расказалі пра тое, наколькі складана было рыхтавацца да паступленьня і колькі гэта каштавала.

За курс польскай мовы аддалі каля 1000 даляраў

Псыхоляг Ганна Матуляк расказала пра тое, як паступала ў польскія ВНУ ейная дачка Кацярына. Дзяўчына скончыла беларускую школу ў 2021 годзе. Пасьля папрасіла ў бацькоў год перадыхнуць і падрыхтавацца. У 2022 годзе яна паступіла ў варшаўскі ВНУ на бізнэс-псыхалёгію. Але праз год зразумела, што ёй не пасуе кірунак, забрала дакумэнты і паступіла на сацыяльную псыхалёгію ў іншы варшаўскі ўнівэрсытэт.

Ганна Матуляк
Ганна Матуляк

Зь дзявятай клясы Кацярына мэтанакіравана хацела паступаць у Польшчу, знайшла некалькі варыянтаў унівэрсытэтаў.

«Я сама, як псыхоляг і выкладчык ва ўнівэрсытэце, разумела, што лепш, калі ёсьць магчымасьць, каб яна адразу вучылася за мяжой. Гэта зусім іншы ўзровень ведаў. Усе падзеі, якія адбываліся ў 2020 годзе, не пакінулі нам ніякага шанцу застацца ў Беларусі», — кажа Ганна.

Каб паступіць у абедзьве польскія вучэльні, выпускніцы трэба было прайсьці конкурс атэстатаў і гутарку на польскай мове. Таму ў апошніх клясах яна падцягнула на некалькі балаў сярэдні бал — да 8. У год пасьля школы дзяўчына падпрацоўвала і ў спакойным тэмпе вучыла польскую мову. Спачатку на курсах, а потым з рэпэтытарам.

З рэпэтытарам вынікі былі лепшыя, бо ў групе складана было засяроджваць увагу, адзначае суразмоўца. Месяц заняткаў на курсах на ўзроўні А1 па два разы на тыдзень каштаваў больш за 300 рублёў. Усяго дзяўчына хадзіла туды тры месяцы. Далей заняткі ў рэпэтытара каштавалі 20 даляраў у гадзіну. Яна займалася недзе 4-5 месяцаў, таксама па два разы на тыдзень. Каб вывучыць польскую мову для праходжаньня гутаркі, патрацілі больш за тысячу даляраў.

«Студэнты тут спрачаюцца з выкладчыкамі»

На думку Ганны, аднаклясьнікі дачкі, сябры і знаёмыя магчыма, нават больш высілкаў рабілі, каб падрыхтавацца да ўступных іспытаў па пэўных прадметах у беларускія вучэльні.

«У дачкі была задача проста вывучыць мову. Усё, што яна магла зрабіць у 11-й клясе — падцягнуць адзнакі па прадметах — яна зрабіла», — кажа маці.

Абедзьве вучэльні, куды паступала Каця, прыватныя і платныя. Год навучаньня каштуе каля 3 тысяч даляраў. Час навучаньня ў бакаляўрыяце — тры гады.

Працэс навучаньня ў Польшчы, на думку Ганны, моцна адрозьніваецца ад беларускага. Дачка ў першы год студэнцтва была вельмі натхнёная тым, што яны зь першага месяца рабілі цікавыя праекты, якія можна прымяняць на практыцы.

«Мама, ты ўяўляеш, студэнты тут спрачаюцца з выкладчыкамі, выкладчыкі кажуць, што ім не падабаецца іхны прэзыдэнт, што мы мусім думаць сваёй галавой! Ты ўяўляеш, яны проста на занятках пра гэта гавораць!» — пераказвае зьдзіўленьне дачкі Ганна.

Яна цешыцца, што дачцэ за мяжой сталі даступнымі такія агульначалавечыя рэчы.

«Гэта пра свабоду. Сам працэс адукацыі іншы, выкладчыкі з прэзэнтацыямі, новымі навуковымі дасьледаваньнямі, дастаткова маладых людзей сярод іх», — кажа Ганна.

Яна адзначае, што з мовай праблем у навучаньні ў Кацярыны няма. Яна досыць хутка авалодала польскай.

«Гэта не было перашкодай, але было дадатковым фактарам стрэсу, бо яна і так жыве асобна ад бацькоў», — тлумачыць маці.

Пры гэтым паступленьне ў літоўскія ВНУ не разглядалі, хаця ў Вільні жывуць бацькі дзяўчыны. Вырашылі, што літоўская мова занадта цяжкая, каб на ёй вучыцца. Да таго ж дачка даўно прыгледзела сабе некалькі польскіх вучэльняў.

Не здавала іспытаў, за дакумэнты аддала 500 рублёў

Беларуска Наста* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) скончыла каледж у Менску, пасьля працавала на дзьвюх працах. Сёлета яна паступіла ў польскі ўнівэрсытэт на іншы кірунак, на факультэт мэнэджмэнту.

«Хачу атрымаць новыя веды і дыплём эўрапейскага ўзору. Хачу таксама мець магчымасьць вандраваць па Эўропе, павысіць узровень жыцьця. Была проста цікавасьць да пераезду», — расказвае Наста.

Для паступленьня ёй трэба было толькі выйграць у конкурсе атэстатаў. Яна не здавала іспытаў і не праходзіла гутаркі.

«Я не здавала ніякіх іспытаў, бо ў мяне ёсьць „карта паляка“. Я знарок шукала такія ўнівэрсытэты, дзе можна прайсьці паводле балу школьнага атэстату», — кажа дзяўчына.

У Варшаву яна не рызыкавала паступаць, бо там трэба было пацьвердзіць веданьне мовы на ўзроўні В1.

«Я працавала на дзьвюх працах, у мяне не было столькі часу, каб вучыць польскую мову», — тлумачыць суразмоўца.

На заняткі польскай мовы дзяўчына не хадзіла. Некалькі гадоў яна слухала падкасты па-польску, глядзела ролікі ў Youtube. За месяц да паступленьня стала вучыць празь Youtube правілы польскай мовы, знайшла ў інтэрнэце падручнік-трэнажор.

З дакумэнтамі ёй за грошы дапамагала жанчына. За ўсё Наста заплаціла каля 500 беларускіх рублёў: каб зрабіць апастыль на атэстат, перакласьці дакумэнты, паслаць іх у дзьве вучэльні, а таксама прайсьці там «рэкрутацыю». Такі працэс неабходны, калі падаесься на некалькі аддзелаў, тады трэба заплаціць унівэрсытэту. Рэкрутацыя на адзін факультэт каштавала 40 беларускіх рублёў.

Навучаньне ва ўнівэрсытэце бясплатнае, бо дзяўчына мае «карту паляка». Таксама па «карце паляка» можна падацца на сацыяльную стыпэндыю, яна складае каля 300 даляраў. Тым, хто вучыцца платна, трэба плаціць каля 3 тысяч даляраў у год. Пражываньне для аднаго чалавека ў пакоі на дваіх у інтэрнаце за месяц каштуе каля 120 даляраў.

Наста мяркуе, што складанасьць паступленьня ў Беларусі і ў Польшчы залежала ад ейнага асабістага разьвіцьця, узросту.

«Каля я паступала ў Беларусі, мне было 16 гадоў. Я з маленькага гораду ехала ў Менск, мне было страшна. Я вучылася, здавала экзамэны, гэта было больш стрэсава. Цяпер я больш дарослая, самастойная. Заплаці грошы — і ты можаш паехаць паступіць. Мне было лягчэй працаваць на дзьвюх працах, зарабіць грошы і паехаць», — падсумоўвае яна.

Заняткі ва ўнівэрсытэце ў суразмоўцы пачаліся толькі ў кастрычніку, таму параўнаць навучальны працэс у дзьвюх краінах дзяўчына яшчэ ня можа. Аднак яна заўважыла, што ў Польшчы больш індывідуальны падыход, усю інфармацыю з унівэрсытэту ёй шлюць на электронную пошту. У Беларусі трэба было зайсьці на сайт вучэльні, каб нешта даведацца. У Польшчы на лекцыі трэба папярэдне запісвацца онлайн, выбіраць, на якую прыйдзеш, а на якую не. У Беларусі проста ёсьць расклад, паводле якога студэнты вучацца.

У студэнцкім інтэрнаце дзяўчына жыве ў блёку разам з хлопцам (іх суседзі на момант размовы не заехалі). Кажа, што для яе гэта няёмка, бо яна дзеліць зь незнаёмцам адну прыбіральню. У беларускім інтэрнаце ў адным блёку жылі або толькі дзяўчаты, або толькі хлопцы, успамінае яна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG