Як паведамляе прэс-служба ўраду Літвы, сытуацыя зь бясьпекай на мяжы зь Беларусьсю будзе ацэньвацца з улікам наступных індыкатараў:
- рызыкі/пагрозы ваеннага характару, якія ўзьнікаюць,
- дзейнасьць беларускіх выведвальных спэцслужбаў супраць Літвы,
- інфармацыйныя атакі (дэзінфармацыя) у дачыненьні да Літвы,
- памежныя інцыдэнты і г. д.
На падставе аналізу зацьверджаных індыкатараў ураду Літвы будуць прапаноўваць тыя ці іншыя меры, якія вар’іруюцца ад абмежаваньняў на перамяшчэньне людзей, транспарту або тавараў да поўнага закрыцьця мяжы зь Беларусьсю.
Вышэйназваныя індыкатары будуць прымяняць таксама і да ацэнкі сытуацыі на беларуска-польскай і беларуска-латвійскай мяжы, адзначаецца ў паведамленьні.
28 верасьня міністры ўнутраных спраў Польшчы і краінаў Балтыі ўзгаднілі мэханізм закрыцьця мяжы зь Беларусьсю. Было заяўлена, што мяжу могуць зачыніць у выпадку крытычнага інцыдэнту: напрыклад, у выпадку прымяненьня зброі на мяжы адной зь дзяржаў, калі яна ўяўляе пагрозу нацыянальнай бясьпецы, а таксама ў выпадку арганізаванага прарыву мігрантаў празь мяжу.
Літва забароніць выезд у Беларусь асобам, якія маюць доступ да сакрэтнай інфармацыі
Камісія па нацыянальнай бясьпецы Літвы таксама ўхваліла прапанову аб абмежаваньні на паездкі ў Беларусь і Расею ў асабістых мэтах тых, хто мае доступ да сакрэтнай інфармацыі. Рашэньне аргумэнтуецца спробамі беларускіх спэцслужбаў вэрбаваць літоўскіх грамадзян, якія перасякаюць мяжу.
Абмежаваньні могуць закрануць каля 56 тысяч жыхароў Літвы, якія маюць доступ да інфармацыі пад грыфамі «Абмежаванае выкарыстаньне», «Канфідэнцыйна», «Сакрэтна» і «Цалкам сакрэтна».