Як паведамляе Most, беларус Аляксандар (імя зьменена па просьбе героя) з жонкай і дочкамі пераехаў у горад Маркі пад Варшавай і перавёў дзяўчынак у мясцовую ў школу. У клясах апынуліся таксама і іншыя дзеці мігрантаў — у асноўным украінцы. Калі перад пачаткам навучальнага году ў адным з месэнджараў стварылі бацькоўскі чат і выклалі туды сьпіс новых вучняў, многія зь якіх — беларусы і ўкраінцы, некаторыя бацькі польскіх дзяцей практычна адразу адрэагавалі нэгатыўна.
«Чытаю гэтыя прозьвішчы і ня ўпэўненая, ці правільна гэта раблю. Рукі апускаюцца. Сумняюся, што ў другой клясе нашы дзеці атрымаюць веды», — пісала адна мама.
«Без камэнтароў», — дадала іншая.
4 верасьня прайшоў сход бацькоўскіх камітэтаў паралелі, па выніках якога стала зразумела: незадаволеных польскіх семʼяў у разы больш, чым праяўленых у чаце рэакцый. Некаторыя бацькі накіравалі скаргі ў сувязі зь вялікай колькасьцю дзяцей-замежнікаў ня толькі кіраўніцтву школы, але і ў мэрыю.
Іншыя, наадварот, усталі на абарону дзяцей зь Беларусі і Украіны. Так, адна з польскіх жанчын напісала:
«Ад 4 верасьня бурмістру (мэру. — заўв. MOST) і ў кураторыюм паступіла вялікая колькасьць скаргаў ад польскіх бацькоў на тое, што іх дзіця трапіла ў адну клясу з замежнікамі (галоўным чынам украінцамі). Бракуе словаў, каб на гэтыя скаргі адказваць... Перадаю бацькам, што дзеці ня з Польшчы ніякім чынам не прыніжаюць узровень клясы, маюць 6 гадзін урокаў польскай на тыдзень і ў асобных выпадках маюць дадатковую дапамогу. Просьба хоць на імгненьне стаць на месца гэтых ні ў чым не вінаватых дзяцей...»
Паводле беларуса Аляксандра, кіраўніцтва было абуранае сытуацыяй, якая склалася. Польскім бацькам далі зразумець, што зьменаў чакаць ня варта: клясы зацьверджаныя, дзеці замежнікаў абсалютна здольныя вучыцца з палякамі, ніяк не прыніжаючы агульны ўзровень клясы і не тармозячы адукацыйны працэс. Больш за тое, перад пачаткам навучальнага году кіраўніцтва дадало яшчэ некалькі клясаў, каб колькасьць навучэнцаў у кожным не перавышала 30 чалавек.
У выніку ўкраінскія і беларускія дзеці засталіся вучыцца нароўні з палякамі. Аляксандар кажа, што такога выніку ўдалося дасягнуць дзякуючы пазыцыі кіраўніцтва школы, мэрыі і кураторыюму адукацыі.
«Пасьля такой рэакцыі адміністрацыі я яшчэ больш задаволены школай. Пераводзіць дзяцей у іншую мы не плянуем», — кажа беларус.