Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне беларуску аштрафавалі за пратэрмінаваны пашпарт, які цяпер немагчыма замяніць за мяжой


Пасьля забароны Лукашэнкі выдаваць і абменьваць беларускія пашпарты за мяжой ва Ўкраіне за пратэрмінаваны пашпарт аштрафавалі беларуску, паведамляе Free Belarus Center.

Жанчына, якая зьвярнулася ў юрыдычны аддзел Free Belarus Center, жыве ва Ўкраіне разам зь сям'ёй ужо 20 гадоў і мае дзейны сталы від на жыхарства, але ў яе скончыўся тэрмін дзеяньня пашпарта, які цяпер можна замяніць толькі ў Беларусі.

Ва Ўпраўленьні Дзяржаўнай міграцыйнай службы горада Чарнаўцы запатрабавалі ад жанчыны зьявіцца для складаньня пратаколу аб адміністрацыйным парушэньні па артыкуле 203. Характэрна, што з праверкай дакумэнтаў жанчына не сутыкалася, яе адразу запрасілі за пратаколам, адзначаюць у Free Belarus Center. Жанчына ўжо заплаціла штраф.

«Я ўпэўненая, што я не адзіны чалавек, які сутыкнуўся ці яшчэ сутыкнецца з такой праблемай», — адзначыла яна.

У паведамленьні Free Belarus Center падкрэсьліваецца, што «магчымасьці замяніць пратэрмінаваны пашпарт у яе не зьявілася (і ня зьявіцца), а, значыць, украінская міграцыёнка можа і надалей працягваць перасьледаваць яе».

Паводле юрыстаў ініцыятывы, за першае і паўторнае правапарушэньне па гэтым артыкуле пагражае штраф, але можа дайсьці і да пастановы аб прымусовым вяртаньні, а потым і забароны на ўезд ва Ўкраіну.

7 верасьня набыў моц указ Лукашэнкі, паводле якога беларусы больш ня могуць атрымаць новыя пашпарты ў дыпляматычных установах за мяжой, а таксама аформіць некаторыя іншыя дакумэнты. Зрабіць гэта можна толькі ў органах унутраных спраў на тэрыторыі Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG