Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зрабіць абарону Крыму немагчымай». Амэрыканскі генэрал выказаўся пра ўкраінскі контранаступ


Бэн Годжэс на прэс-канфэрэнцыі ў Літве, 1 сакавіка 2017 году
Бэн Годжэс на прэс-канфэрэнцыі ў Літве, 1 сакавіка 2017 году

Бэн Годжэс, былы камандуючы войскамі ЗША ў Эўропе, адказаў на пытаньні журналістаў Радыё Свабода. Сярод іншага ён ацаніў хаду ўкраінскага контранаступу. Прапануем вашай увазе некаторыя ягоныя тэзісы.

  • Большасьць людзей, якія ацэньваюць контранаступ, канцэнтруюцца на наземных апэрацыях. Але ўкраінцы праводзяць тое, што мы ў NATO называем «шматсфэрныя апэрацыі».
  • На маю думку, галоўная мэта контранаступу – ізаляваць і потым паступова вызваліць Крым. Той, хто кантралюе Крым, будзе пераможцам.
  • Я ня думаю, што Данбас значыць для расейцаў вельмі шмат. Для іх важны так званы «сухапутны мост» ад Растова да Крыму ўздоўж узьбярэжжа Азоўскага мора. Расейцам трэба падтрымліваць Крым, а яны ведаюць што Керчанскі мост вельмі ненадзейны.
  • Таму контранаступ скіраваны на ізаляцыю Крыму, на тое, каб зрабіць немагчымай дзейнасьць расейскага Чарнаморскага флёту, расейскіх вайскова-паветраных сілаў, зрабіць немагчымымі апэрацыі з Джанкою, лягістычнага вузла расейцаў.
  • Зь цягам часу мае адбыцца дэакупацыя Крыму. Але найперш трэба зрабіць, каб яго немагчыма было абараняць. І мы назіраем спробы ізаляваць Крым, перарэзаць так званы «сухапутны мост» або захапіўшы гэтую тэрыторыю, або атрымаўшы дастаткова далёкасяжнай зброі, з дапамогай якой можна зрабіць немагчымымі транспартныя канвоі па гэтым «сухапутным мосьце».
  • Цяперашнія атакі дронаў на аэрапорты ўнутры Расеі і атакі на Крым за апошнія дні ствараюць вялікі псыхалягічны ціск на расейскае вайсковае камандаваньне. Гэта пачатак спробаў разбурыць вайсковую інфраструктуру ў Севастопалі і зрабіць, каб расейцам немагчыма было яго абараняць.
  • Днямі адбылася атака на штаб Чарнаморскага флёту Расеі. Некаторыя СМІ паведамлялі, што нібыта загінуў расейскі адмірал, але потым яго паказалі ў няясным відэа. Аднак папраўдзе няважна, ці забілі адмірала, – заўсёды можна знайсьці новага. Цяжэй знайсьці афіцэраў, якія выконвалі канкрэтныя функцыі ў камандаваньні Чарнаморскага флёту. І калі праўдзівая інфармацыя пра тое, што там быў дзясятак забітых і больш за дзясятак параненых афіцэраў, дык гэта сапраўды сур'ёзная страта для расейцаў.
  • Я маю сяброў ва Ўкраіне, у тым ліку афіцэра спэцназу, які бярэ ўдзел у баявых апэрацыях. І я разумею, што там адбываюцца жахлівыя рэчы. Дакладныя лічбы стратаў невядомыя, але імаверна, што ад 2014 году загінула каля 70 тысяч украінскіх вайскоўцаў і цывільных жыхароў. Але ўкраінцы ня могуць сабе дазволіць спыніцца.
  • Я быў зьдзіўлены, калі пачуў, што мой стары добры сябра генэрал Мілі (кіраўнік Аб’яднанага камітэта начальнікаў штабоў ЗША. — РС), кажа, што застаецца толькі каля 45 дзён надворʼя для баявых дзеяньняў. Украінцы ведаюць, што яны ня могуць сабе дазволіць даць расейцам тры ці чатыры месяцы адпачыць і ўзмацніць абарону. Я б заахвочваў іх працягваць ціск на расейскія камунікацыі, на расейскія штабы, захоўваць ініцыятыву
  • Мне не хацелася б быць на месцы расейскіх салдатаў, якія застануцца ў акопах, ведаючы, што сыстэма забесьпячэньня не працуе і няма лідэраў, якія клапаціліся б пра іх. Таму я лічу, што ўкраінцы будуць працягваць баявыя апэрацыі, але будуць падладжвацца пад надворʼе і канкрэтныя ўмовы.
  • Найбольшая памылка, якую зрабілі ўкраінцы, гэта тое, што яны адразу пасьля 2014 году не пачалі рыхтавацца да вайны. Таму ім давялося ўжо падчас вайны будаваць войска, тэрытарыяльную абарону. І вядома ж, што ў такой сытуацыі абавязкова будуць нейкія памылкі. Але я ня стаў бы крытыкаваць іх за нейкія рэчы падчас контранаступу.
  • Мяне моцна злуе тая крытыка, якая гучала з Пэнтагону, што, маўляў, украінцы нешта робяць ня так, як мы іх вучылі. Гэта лухта, бо мы ўвогуле не паслалі б амэрыканскіх салдат на такую апэрацыю без вырашальнай перавагі ў паветры. Нехта крытыкуе ўкраінцаў за тое, як яны спрабуюць прабіцца празь мінныя палі. Але ім даводзіцца гэта рабіць, бо мы месяцамі разважалі, даваць ці не даваць ім танкі Abrams ці нешта яшчэ.
  • Прэзыдэнт Зяленскі і ўкраінцы могуць мяне паправіць, калі я памыляюся, але я лічу, што Ўкраіна ніколі ня будзе ў бясьпецы, пакуль ня вызваліць Крым. Не хачу рабіць прадказаньняў, бо я лічыў, што вызваленьне магло адбыцца ўжо сёлета, і я памыляўся. Я памыляўся, бо лічыў, што ЗША дадуць Ўкраіне ўсё неабходнае для перамогі. Але я моцна пераацаніў гатоўнасьць ЗША да гэтага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG