Старшыня Дзяржаўнай міграцыйнай службы Ўкраіны Натальля Навуменка заявіла, што грамадзяніну Беларусі Юрыю Зайцаву, які цяпер ваюе на баку Ўкраіны, абгрунтавана адмовілі ў міжнароднай абароне.
У ліпені тэлеканал «Белсат» апублікаваў дакумэнты, у якіх сьцьвярджалася, што Юрыя Зайцаву адмовілі ў міжнароднай абароне ў сувязі «паляпшэньнем стану» з правамі чалавека ў Беларусі са спасылкай на адпаведную публікацыю ў выданьні «Аргументы и факты». У тэксце «АиФ» вялося пра добрыя ўмовы для зьняволеных за кратамі — маўляў, мэдсанчастцы ПК-22 нібыта «могуць пазайздросьціць некаторыя раённыя паліклінікі».
«Гэтая гісторыя пачалася не з падпісаньня ім кантракту з Узброенымі сілам Ўкраіны ў сьнежні 2022 году. Яна пачалася ў 2014 годзе, калі ён прыехаў ва Ўкраіну, выкарыстоўваючы пашпарт грамадзяніна Расейскай Фэдэрацыі на імя іншай асобы. І аформіў сабе дазвол на часовае пражываньне ва Ўкраіне на падставе аб’яднаньня зь сям’ёй. То бок чалавек сьвядома ўехаў ва Ўкраіну па чужых дакумэнтах, пад выглядам іншага чалавека, аформіў тут дакумэнты і спакойна пражываў, пакуль яго не раскрылі», — паведаміла Натальля Навуменка ў інтэрвію ўкраінскаму выданьню «Цензор.нет».
Кіраўніца міграцыйная служба падкрэсьліла, што ягоная справа — «гэта гісторыя экстрадыцыі за злачынствы з абарачэньнем наркотыкаў».
«Ён год адседзеў у СІЗА Адэсы, справу аб экстрадыцыі Адэская пракуратура дагэтуль не закрыла. І я не магу сказаць, яна палітычна сфабрыкаваная ці не. Ці ёсьць там палітычныя падставы, можа сказаць толькі пракуратура, якая займаецца пытаньнем экстрадыцыі», — удакладніла яна.
Натальля Навуменка падкрэсьліла, што яму адмовілі ў міжнароднай абароне яшчэ ў 2021 годзе, і ён пачаў аспрэчваць гэта ў судах.
«Дзяржаўная міграцыйная служба не прымае аднаасобна рашэньне аб наданьні статусу ўцекача. Працэдура пачынаецца ў рэгіёне, заканчваецца ў цэнтральным апараце міграцыйнай службы. І вядома не без удзелу праваахоўных органаў, у тым ліку СБУ. Ёсьць два лісты СБУ аб тым, што яны супраць наданьня гэтай асобе статусу ўцекача. Магчыма, у іх таксама ёсьць пэўныя нейкія аргумэнты для гэтага», — адзначыла Натальля Навуменка.
Старшыня Дзяржаўнай міграцыйнай службы Ўкраіны падкрэсьліла, што «ў гэтай справе ня бачыць палітычнага перасьледу або сфабрыкаваных зьвестак аб наркотыках». «Я і не магу іх бачыць, бо я не праваахоўнік», — дадала яна.
Юрыя Зайцава затрымалі ў Адэсе ў жніўні 2020 году. Яго беларускія праваахоўныя органы шукалі з 2014 году для прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці за стварэньне злачыннай арганізацыі, кантрабанду і незаконнае абарачэньне наркотыкаў і псыхатропаў.
Паводле матэрыялаў справы, якія згадваліся ў адпаведным рашэньні ўкраінскага суду, Юры Зайцаў быў ідэолягам стварэньня і кіраўніком інтэрнэт-рэсурсаў, празь якія распаўсюджваліся наркотыкі і псыхатропы цягам 2013–2014 гадоў. Іншыя 16 удзельнікаў гэтай схемы продажу спайсаў асуджаныя ў Беларусі ў 2016 годзе на тэрмін ад 9 да 19 гадоў пазбаўленьня волі.
У жніўні 2020 году, у часе судовага пасяджэньня аб выбары яму меры папярэдняга трыманьня, Юры Зайцаў не заяўляў аб палітычна матываванай крымінальнай справе ў Беларусі. Ягоны тагачасны адвакат Мікалай Дзеравянка ў інтэрвію Свабодзе таксама ня згадваў палітычных аспэктаў ягонага затрыманьня ва Ўкраіне.
Палітычны аспэкт зьявіўся ўжо ў канцы 2020 – пачатку 2021 году, калі ва Ўкраіну пачалі ўцякаць грамадзяне Беларусі за ўдзел у акцыях пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў і ад крымінальнага перасьледу за гэта. Першай арганізацыяй, якая выступіла ў абарону Юрыя Зайцава, стаў «Беларускі дом ва Ўкраіне».