Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскае сьледзтва палічыла ўкраінскай ракету, якая ўпала ў лістападзе на тэрыторыі краіны


На месцы падзеньня ракеты ў Пшэводаве, архіў
На месцы падзеньня ракеты ў Пшэводаве, архіў

Ракета, якая ўпала на сушылку ў гаспадарцы на поўначы Польшчы ў лістападзе 2022 года і забіла двух чалавек, была запушчана ўкраінскай зэнітнай сыстэмай, устанавіла польская пракуратура. Пра гэта гаворыцца ў матэрыяле газэты «Rzeczpospolita».

Сьледчыя зьвярнуліся да Кіева па дапамогу ў расьсьледаваньні, але пакуль не атрымалі адказу.

Інцыдэнт адбыўся ў вёсцы Пшэводаў 15 лістапада 2022 году. Ракета ўпала на польскую тэрыторыю падчас расейскага ўдару па цэлях на захадзе Ўкраіны. У Польшчы было склікана экстранае паседжаньне Рады бясьпекі, прэзыдэнт Анджэй Дуда на наступны дзень на паседжаньні ўраду назваў тое, што здарылася, няшчасным выпадкам.

Расьсьледавальнікі прыйшлі да высновы, што ракета, якая ўпала ў Пшэводаве, — расейскай вытворчасьці, запушчаная сіламі ўкраінскай СПА з комплексу С-300. Дзеля большай эфэктыўнасьці ракеты запускаліся парамі. Адна зь іх трапіла ў цэль падчас расейскага абстрэлу, другая — не. Яна павінна была выбухнуць у паветры, але мэханізм самаліквідацыі не спрацаваў.

Па дадзеных польскай газэты, сьледзтва ведае, зь якой пазыцыі СПА была запушчана ракета. Заключэньне падрыхтаванае на аснове мноства крыніц, гаворыцца ў матэрыяле, у тым ліку тэхнічнай экспэртызы і інфармацыі спэцслужбаў. У матэрыяле сьцьвярджаецца, што ўкраінскі бок ня быў дапушчаны да расьсьледаваньня і ня стаў зь ім супрацоўнічаць.

Прэс-сакратар нацыянальнай пракуратуры заявіў газэце «Rzespospolita», што ня можа камэнтаваць дадзеныя сьледзтва. Пры гэтым збор доказаў скончаны, кажа ён. Варшава зьвярнулася да Ўкраіны па юрыдычную дапамогу і чакае адказу.

Раней прадстаўнікі Кіева выказвалі сумневы ў паведамленьні аб прыналежнасьці ракеты ўкраінскім вайскоўцам. Прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі ў тэлезвароце наўпрост абвінавачваў Маскву ў ракетным удары па краіне NATO.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG