Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дачка за тое, каб кідаць вучобу і ехаць у Польшчу». Што бацькі студэнтаў-платнікаў думаюць пра абавязковую адпрацоўку


Будынак Лінгвістычнага ўнівэрсытэту ў Менску. Ілюстратыўнае фота
Будынак Лінгвістычнага ўнівэрсытэту ў Менску. Ілюстратыўнае фота

У Беларусі ўвядуць абавязковую адпрацоўку для студэнтаў, якія вучацца платна, а тэрмін разьмеркаваньня для тых, хто вучыцца за кошт бюджэту, павялічаць. У выпадку адмовы давядзецца заплаціць істотна больш. Паразмаўлялі з бацькамі студэнтаў і экспэртам.

Мяркуецца, што так званыя «платнікі» павінны будуць адпрацаваць пасьля ВНУ 2 гады, «бюджэтнікі» — 5 гадоў, а «мэтавікі» — 7 гадоў. Калі студэнт адмовіцца ад разьмеркаваньня, сума, якую яму давядзецца заплаціць дзяржаве, будзе прыкладна ўдвая большая, чым ён унёс за ўвесь пэрыяд навучаньня. Пра гэта гаварылі на нарадзе ў пытаньнях адукацыі 21 верасьня.

Дагэтуль студэнты-мэдыкі за атрыманьне свабоднага дыплёму мусілі выплачваць каля 30 тысяч рублёў.

«Урад прыняў рашэньне аб павелічэньні сумы дзякуючы таму, што трэба вярнуць выплаты стыпэндыі, за матэрыяльна-тэхнічную базу, за мадэрнізацыю ўнівэрсытэтаў. І на сёньняшні дзень гэта сума складзе ўжо парадку 60 тысяч», — паведаміла начальніца ўпраўленьня арганізацыйна-кадравай работы Міністэрства аховы здароўя Вольга Калюпанава пра зьмены ў сваёй сфэры.

Колькі давядзецца заплаціць выпускнікам БДУІР, БДУ альбо БНТУ пры адмове ад разьмеркаваньня, пакуль не паведамлялася.

Бюджэтнікі пакуль павінны адпрацаваць па разьмеркаваньні два гады, мэтавікі — 5. Паводле міністра адукацыі Аляксандра Іванца, гэтага недастаткова, таму рыхтуюцца зьмены ў Кодэкс аб адукацыі. Лукашэнка гэтую ідэю ўхваліў. Для мэтавікаў ён назваў лічбу — да 7 гадоў. І ў разьмеркаваньні платнікаў ён ня бачыць нічога процізаконнага. Маўляў, у Беларусі фактычна няма платнай адукацыі, ёсьць напалову платная, якую дзяржава субсыдуе.

Паводле міністра адукацыі Аляксандра Іванца, студэнты-платнікі пакрываюць ня больш за 70% выдаткаў на адукацыю, а на шэрагу спэцыяльнасьцяў, у тым ліку мэдычных, творчых, толькі палову.

«Мы ўсё жыцьцё плацілі ў Беларусі падаткі. Куды тады яны ідуць?»

За вялікую колькасьць студэнтаў, якія вучацца за грошы, плацяць бацькі. Многім студэнтам-платнікам не хапіла балаў, каб паступіць на бюджэт. Але нямала і тых, хто сьвядома выбраў платнае навучаньне, каб пазьбегнуць разьмеркаваньня. Пагаварылі бацькамі, што яны плянуюць рабіць далей.

20-гадовая Вольга вучыцца на трэцім курсе Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту. Год навучаньня каштуе 3948 рублёў, сэмэстар, адпаведна, 1974 рублі.

Бацькі Вольгі вельмі засмучаныя навіной аб разьмеркаваньні, бо знарок выбралі платнае аддзяленьне, каб не было абавязковай адпрацоўкі. Балаў дачка набрала дастаткова, каб вучыцца на бюджэтным.

Сям’я ў 2021 годзе зьбіраліся пераяжджаць у Польшчу, а Воля заканчвала школу (усе мелі «карты паляка»). Вырашылі, што Вольга застанецца ў Беларусі, атрымае вышэйшую адукацыю. Тым больш ёсьць дзе жыць, бабулі-дзядулі побач, падзялілася маці студэнткі Тацяна.

«Я не магу сказаць, што адукацыя ў Беларусі танна каштуе; для нас гэта істотныя грошы, тым больш у такой сытуацыі, калі мы з нуля абжываемся ў новай краіне. Дачка, акрамя ангельскай і нямецкай, яшчэ інтэнсіўна вывучае польскую мову. Вядома, платна. Думалі, што пасьля заканчэньня яна прыедзе да нас у Беласток з добрым веданьнем моваў.

Калі пачулі, што давядзецца альбо адпрацоўваць па разьмеркаваньні, альбо заплаціць яшчэ, засмуціліся. Мы ж і так плацім немалыя грошы за вучобу дачкі. Мы ўсё жыцьцё плацілі ў Беларусі падаткі. Куды тады яны ідуць? Хіба не на адукацыю, ахову здароўя?

Будзем абмяркоўваць на сямейнай нарадзе, што рабіць. Я і дачка за тое, каб яна кінула гэты ВНУ і пераехала ў Польшчу. Падцягне мову, а налета пойдзе вучыцца бясплатна і са стыпэндыяй у Польшчы», — кажа Тацяна, маці студэнткі лінгвістычнага ўнівэрсытэта.

«Вучылі сына платна, каб не было разьмеркаваньня»

Кірылу, каб паступіць у Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі на бюджэтнае аддзяленьне, не хапіла некалькі балаў.

Прахадны бал на спэцыяльнасьць «праграмная інжынэрыя» быў 377 (гэта ня самы высокі. Сёлета на іншыя спэцыяльнасьці было і 389, і 390), Кірыл набраў крыху больш за 350. Бацькі ягоныя — звычайныя службоўцы, для іх плата за вучобу (4 600 рублёў за год) — вялікія грошы. Сын суцешыў, што ён будзе падпрацоўваць і дапамагаць у аплаце.

«Вырашылі вучыць сына платна. Знайшлі ў гэтым пазытыў, што ня будзе абавязковага разьмеркаваньня. Хлопец наш таленавіты, ён ужо падпрацоўвае ў нейкай фірме, а за 4 гады вучобы знойдзе сабе добрую працу. Але калі пачулі навіну пра абавязковае разьмеркаваньне або дадатковую аплату, былі ў шоку. Муж кажа, што наперадзе яшчэ амаль 4 гады вучобы, мо штосьці зьменіцца...

Дарэчы, першыя тры тыдні вучобы расчаравалі Кірыла. Менавіта з прычыны «ідэалягічнай „апрацоўкі“. То на нейкі фільм пагналі, то абавязковыя факультатывы, то куратару трэба даць спасылкі на сацсеткі, паведаміць, у каго ёсьць „карта паляка“ (у нас, дарэчы, няма)», — падзялілася маці першакурсьніка Алена.

Жанчына кажа, што сын раней не задумваўся пра вучобу за мяжой, даўно вызначыўся, што пойдзе ў прэстыжны БДУІР, атрымае добрую адукацыю, знойдзе высокааплатную працу ў Беларусі.

«А цяпер ён увесь вольны час вывучае інфармацыю пра замежныя ўнівэрсытэты, стыпэндыі, цікавіцца ўмовамі навучаньня, як атрымаць грант на вучобу, перапісваецца зь сябрамі, якія вучацца за мяжой. Сын маральна рыхтуе нас, што можа паехаць вучыцца за мяжу. Мне пакуль цяжка з гэтым зьмірыцца, хаця я разумею, што Кірыл настырны і паедзе», — кажа маці студэнта-платніка.

«Сыстэме адукацыі бракуе фінансаваньня»

Незалежная экспэртка ў галіне адукацыі Сьвятлана Мацкевіч кажа, што чуткі пра тое, што разьмяркоўваць будуць і платнікаў, хадзілі даўно. І прычына ня ў тым, што не стае кадраў.

«Сыстэме адукацыі, відавочна, бракуе фінансаваньня. Яго заўсёды не хапала, а цяпер тым больш. Улады слаба адрозьніваюць, дзе рынак і, скажам, правы кліента, а дзе плянавая эканоміка. І дзяржава ўжо даўно рознага кшталту рыначныя інструмэнты, у тым ліку плату за навучаньне, выкарыстоўвае на сваю карысьць. Гэта значыць, рыначныя працэдуры зьмяшчае ў рамкі плянавай эканомікі, паглынае гэта плянавай эканомікай.

Таму, ва ўмовах неправавой дзяржавы, гэта для яе нармальнае рашэньне — разьмяркоўваць і платнікаў, а калі адмовяцца, прымушаць іх заплаціць яшчэ больш», — перакананая экспэртка.

Сьвятлана Мацкевіч
Сьвятлана Мацкевіч

Сьвятлана дадае, што калі лекараў сапраўды катастрафічна не хапае і іх спрабуюць прывязаць вялікай адпрацоўкай, немагчымасьцю прайсьці інтэрнатуру, то часьцяком з абавязковым разьмеркаваньнем студэнтаў некаторых спэцыяльнасьцяў узьнікаюць праблемы. Ім прапануюць самім шукаць сабе першае працоўнае месца.

Да прыкладу, на надзвычай папулярны факультэт міжнародных адносінаў Белдзяржунівэрсытэту, дзе прахадны бал дасягаў 398, сёлета набралі 70 бюджэтнікаў (летась 90). А платнікаў набіраюць штогод удвая больш (летась 163 студэнты). Навучаньне для іх каштуе 5956 рублёў на год. Куды ўсіх іх будуць разьмяркоўваць пры амаль замарожаных міжнародных стасунках, вялікае пытаньне. Але чыноўнікаў ад адукацыі гэта не хвалюе, перакананая экспэртка.

«Хвалюе гэта не чыноўнікаў, а звычайных людзей. Паводле лёгікі чыноўнікаў, працэдура разьмеркаваньня патрэбна не для таго, каб запоўніць вакантныя працоўныя месцы, а для таго, каб задаць правілы гульні на гэтым полі.

Значыць, калі ты, заканчваючы ВНУ, адмаўляесься ад разьмеркаваньня альбо цябе няма куды разьмеркаваць, то цябе прымусяць выплачваць тую суму, якая нібыта была патрачана на тваю адукацыю за 4 альбо 5 гадоў. Разьмеркаваньне платнікаў — тупая, простая схема папаўненьня бюджэту. Чыноўнікаў наагул не хвалюе запаўненьне працоўных месцаў», — кажа незалежная экспэртка Сьвятлана Мацкевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG