Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне не фіксуюць спробаў Беларусі дэстабілізаваць сытуацыю на мяжы


Сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка. Архіўнае фота
Сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка. Архіўнае фота

Андрэй Дземчанка паведаміў, што Расея вывела свае падразьдзелы зь Беларусі і «не завяла» новых у межах ратацыі. Ён нагадаў, што колькасьць вагнэраўцаў на беларускай тэрыторыі цяпер не перавышае адну тысячу асобаў.

У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны заявілі, што працягваюць назіраць за сытуацыяй у Беларусі, нягледзячы на вывад расейскіх войскаў і зьмяншэньне колькасьці наймітаў расейскай прыватнай кампаніі «Вагнэр».

«Сытуацыя [на мяжы] застаецца кантраляванай. Мы не назіраем ня толькі ўварваньня, а і спробаў дэстабілізаваць сытуацыю, якая магла б зыходзіць з таго боку мяжы, але нашы падразьдзелы выведкі, вядома ж, сочаць за сытуацыяй на тэрыторыі Беларусі ўвогуле і за колькасьцю расейскіх войскаў», — сказаў сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом.

Андрэй Дземчанка паведаміў, што Расея вывела свае падразьдзелы зь Беларусі і «не завяла» новых у межах ратацыі. Ён таксама нагадаў, што колькасьць вагнэраўцаў на беларускай тэрыторыі не перавышала 6 тысяч.

«У далейшым іх [вагнэраўцаў] пачалі выводзіць, практычна яны пачалі адтуль зьнікаць і цяпер, паводле нашых зьвестак, іх там знаходзіцца ня больш за адну тысячу. Гэта, як правіла, тыя інструктары, якіх залучылі да падрыхтоўкі падразьдзелаў арміі Беларусі, або якія выконваюць іншыя заданьні, але значнай пагрозы Ўкраіне яны не ствараюць», — падкрэсьліў сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка.

Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.

У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.

Што важна ведаць пра наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі

  • «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі.
  • Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
  • Асноўнае месца дысьлякацыі вагнэраўцаў у Беларусі — вайсковая база ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну Магілёўскай вобласьці, за 90 кілямэтраў ад Менску. Вайсковую базу пачалі рыхтаваць да прыезду ПВК «Вагнэр» у канцы чэрвеня. На спадарожнікавых здымках, якія публікавала Свабода, відаць, што ў лягеры паставілі больш за 300 вайсковых намётаў.
  • Паводле інфармацыі The Washington Post, ад 22 ліпеня на базу таксама прыбылі «дзясяткі, калі ня сотні» адзінак баявой тэхнікі. Паводле зьвестак Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, на 22 ліпеня колькасьць расейскіх наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі магла дасягаць 5 тысяч.
  • 19 ліпеня кіраўнік «Вагнэра» Яўгеній Прыгожын выступіў перад наймітамі ў вёсцы Цэль, дагэтуль ён некалькі разоў туды прылятаў.
  • Другі пункт, дзе былі найміты ПВК «Вагнэр», — палігон «Берасьцейскі» на поўдні ад абласнога цэнтру. Ён месьціцца за некалькі кілямэтраў ад мяжы з Польшчай і за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад мяжы з Украінай.
  • 20 ліпеня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб сумесным трэнаваньні на гэтым палігоне наймітаў ПВК «Вагнэр» і Сілаў спэцыяльных апэрацыяў Беларусі.
  • Аляксандар Лукашэнка заявіў, што вагнэраўцы просяцца на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў, а потым сказаў, што гэта быў жарт.
  • 31 ліпеня 2023 году зьявіліся фота фартыфікацыяў на палігоне «Рэпішча» пад Асіповічамі за 15 кілямэтраў ад лягеру наймітаў «Вагнэра» ў вёсцы Цэль. На здымку сэрвісу Planet Labs відаць, што на тэрыторыі палігону ідуць актыўныя будаўнічыя працы.
  • 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG