Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) заявілі, што ракетная атака Расеі супраць Украіны ў ноч на 21 верасьня была найбольшай за апошні месяц.
«У ноч на 21 верасьня расейскія войскі нанесьлі вялікую сэрыю ракетных удараў па Ўкраіне, што, пэўна, адпавядала візыту прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага ў ЗША», — адзначаецца ў справаздачы ISW за 21 верасьня.
У гэтай сувязі экспэрты нагадалі, што ў часе апошняй маштабнай атакі Расеі супраць Украіны ў ноч на 30 жніўня расейскія войскі запусьцілі па Ўкраіне 28 крылатых ракет, а ў ноч на 21 верасьня — 44.
Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Валеры Залужны заявіў, што расейцы запускалі ракеты ў некалькі хваляў з розных кірункаў і што ракеты мянялі курс на сваім маршруце.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў часе свайго візыту ў ЗША правёў шэраг ключавых сустрэч — з прэзыдэнтам Джо Байдэнам, зь міністрам абароны ЗША Лойдам Осьцінам, з кангрэсмэнамі.
Джо Байдэн пасьля сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім заявіў, што ўсталяваньню міру ва Ўкраіне супрацьстаіць толькі Расея.
Джо Байдэн і большасьць у кіраўніцтве Кангрэсу ЗША па-ранейшаму падтрымліваюць дапамогу Ўкраіне, хоць Зяленскі сутыкнуўся з больш жорсткай рэакцыяй сярод кангрэсмэнаў у параўнаньні зь яго візытам у сьнежні летась.
ЗША накіравалі Ўкраіне каля 113 мільярдаў даляраў на патрэбы ў сфэры бясьпекі і гуманітарнай дапамогі, каб дапамагчы ўраду Зяленскага пасьля ўварваньня Расеі ў лютым 2022 году.
Выведка Вялікай Брытаніі: Расея і Ўкраіна абмяняліся інтэнсіўнымі ўдарамі па тылавых аб’ектах
У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі мяркуюць, што інтэнсіўныя ўдары Расеі па Ўкраіне зьяўляюцца адказам на атакі Ўкраіны па глыбокім тыле на расейскай тэрыторыі.
У гэтым кантэксьце брытанскія выведнікі нагадалі аб усё больш частых выбухах на расейскіх матэрыяльна-тэхнічных базах, авіябазах і камандных пунктах у Крыме, Краснадарскім краі і Падмаскоўі, а з другога боку — аб далёкіх ударах Расеі па аб’ектах на ўсёй тэрыторыі Украіны.
«Такая незвычайная інтэнсіўнасьць, пэўна, часткова зьяўляецца адказам на інцыдэнты ў Расеі і Крыме. Паколькі наземныя баявыя дзеяньні адносна статычная, кожны бок шукае перавагі, прабіваючы стратэгічную глыбіню праціўніка», — патлумачылі ў вайсковай выведцы Вялікай Брытаніі.
Брытанскія выведнікі мяркуюць, што нягледзячы на тое, што Чарнаморскі флёт усё больш жорстка абстрэльваюць, найбольшую заклапочанасьць расейскага кіраўніцтва цяпер выклікае атака вайсковага аэрадрому «Чкалаўскі» пад Масквой.
«Гэта адчувальнае месца, таму што тут знаходзяцца спэцыяльныя вайсковыя самалёты, а таксама VIP-транспарт для расейскіх лідэраў», — адзначаецца ў паведамленьні выведкі Вялікай Брытаніі.
20 верасьня ў Галоўным упраўленьні выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны паведамілі, што расейскія сьледчыя пачалі расьсьледаваньне дывэрсіі, у выніку якой 18 верасьня на аэрадроме «Чкалаўскі» істотныя пашкоджаньні атрымалі два самалёты і адзін верталёт. Расейскія СМІ аб гэтым інцыдэнце не паведамлялі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.