Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фатальныя лічбы. Ці патрэбна беларусам беларуская школа


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Гэтая навіна засталася амаль незаўважанай, але яна выразна адлюстроўвае сытуацыю, якая склалася ў грамадзтве ў адносінах да беларускай мовы і, шырэй — да тэмы нацыянальнай ідэнтычнасьці.

У Магілёве ў клясы з беларускай мовай навучаньня сёлета запісаліся шасьцёра вучняў. А Магілёў – горад насельніцтвам у 353 338 чалавек (дадзеныя на 2023 год).

Мой сябра пажартаваў, што ў 2016-м у тым жа Магілёве па-беларуску вучыліся трое школьнікаў — за сем гадоў рост аж удвая, з трох да шасьці…

А вось якую навіну паведаміла расейская агенцыя РБК:

«У Херсонскай вобласьці вучыць украінскую мову хочуць 64% школьнікаў, у Запароскай — 46%, заявілі рэгіянальныя ўлады. Гаворка пра вучняў 1-4-х клясаў. Расейскае Мінадукацыі заявіла, што распрацавала спэцыяльны падручнік».

Заўважым: гаворка ідзе пра акупаваныя Расеяй тэрыторыі.

То бок, нават пры агрэсіўна адмоўным стаўленьні расейскай адміністрацыі да ўкраінскай мовы, значна больш за палову школьнікаў у Херсонскай, і амаль палова ў Запароскай вобласьцях жадаюць вучыць украінскую мову. Што, канешне, азначае: жадаюць іх бацькі.

Параўнаньне з Магілёвам, на першы погляд, нараджае пэўныя асацыяцыі і пэўныя высновы не на карысьць беларусаў. Так, дзяржаўны апарат, мякка кажучы, не заахвочвае бацькоў аддаваць дзяцей у беларускія клясы. Наадварот — у незалежнай прэсе раз-пораз зьяўляюцца публікацыі пра тое, якія перашкоды робяцца бацькам, што імкнуцца ствараць беларускія клясы.

Але ж за такое імкненьне пакуль што нікога не затрымалі, не арыштавалі і не прысудзілі да пазбаўленьня волі.

І, здаецца, нішто не перашкаджае бацькам патрабаваць стварэньня для сваіх дзяцей умоваў, якія — між іншым — гарантуе ім пакуль яшчэ не скасаваны Закон аб мовах, прыняты ў далёкім 1990 годзе.

Але гэта толькі на першы погляд.

Мова як маркер нядобранадзейнасьці

Нядаўна адзін з міліцэйскіх начальнікаў, які тлумачыў затрыманьне за нацыянальную сымболіку, што фармальна ў Беларусі не забароненая, сказаў: так, канешне, за адно толькі гэта судзіць ня будуць, але наяўнасьць на аватарцы бел-чырвона-белага сьцяга ці выява «Пагоні» на цішотцы дае падставу меркаваць, што асоба можа мець куды больш сур’ёзныя «грахі». А пры праверцы акаўнтаў у сацсетках ці пры ператрусах (!) выяўляюцца «сапраўдныя злачынствы» — альбо ўдзел у масавых шэсьцях 2020 года, альбо данаты палітзьняволеным, якія, ясная справа, праз аднаго — экстрэмісты. А тое, наколькі ў сучаснай Беларусі гэта сур’ёзнае злачынства, паказвае нядаўні прысуд віноўніку аўтакатастрофы, вынікам якой былі адзінаццаць ахвяраў: ён атрымаў сем гадоў зьняволеньня, тады як «палітычным» часта даюць значна болей.

Вось гэтак жа ўспрымаецца і беларуская мова. Бацькі баяцца, што, аддаючы дзіця ў беларускую клясу, яны падвергнуць сябе рызыцы. Рызыцы патрапіць пад увагу спэцслужбаў (калі яшчэ не патрапілі), ідэолягаў па месцы працы (пасады якіх шмат дзе занялі афіцэры КДБ), нарэшце, пагрозе пазбаўленьня свабоды (прычыну знойдуць).

Засьцярогі небеспадстаўныя. Усё гэта адбываецца на фоне татальнага страху, які апанаваў беларускае грамадзтва ў выніку няспынных і ўсё больш жорсткіх рэпрэсій.

Два спосабы зьнішчэньня нацыянальнай ідэнтычнасьці

Родная мова зьяўляецца падмуркам нацыянальнай ідэнтычнасьці — без якой, у сваю чаргу, не існуе нацыі. Аслабіць гэтую ідэнтычнасьць, а яшчэ лепей — зьнішчыць яе зьяўляецца найважнейшай мэтай той ці іншай дзяржавы, якая імкнецца захапіць тэрыторыю чужой краіны.

Адбываецца такое зьнішчэньне двума спосабамі. Першы — калі ваенным альбо палітычным спосабам захопліваецца тэрыторыя, усталёўваецца акупацыйны рэжым, і потым ужо зьнішчаецца ідэнтычнасьць — зачыняюцца нацыянальныя школы, перасьледуюцца традыцыйныя рэлігійныя канфэсіі, забараняюцца палітычныя партыі, ідэйная праграма якіх пабудаваная на прыярытэце нацыянальных каштоўнасьцяў. Другі спосаб — усё вышэй названае робіцца шляхам уплыву на кіроўную эліту дзяржавы.

Беларусь у гэтым сэнсе ўяўляе сабой унікальны выпадак, пры якім абодва спосабы спалучаныя.

Беларусь была акупаваная Расейскай імпэрыяй, і царскі рэжым зьнішчаў уніяцтва, забараняў беларускія школы, адпраўляў на шыбеніцу ці ў Сыбір тых, хто спрабаваў вызваліць народ ад чужынскага панаваньня.

Гэта моцна паўплывала на сьвядомасьць насельніцтва, можна нават сказаць — сфармавала яго. І калі ў 1991-м удалося аднавіць незалежнасьць — значная частка электарату прагаласавала за таго, хто абяцаў вяртаньне пад патранаж Масквы. З прыходам Лукашэнкі незалежнасьць не была зьнішчаная цалкам (у яго былі свае прычыны за яе трымацца), але «русский мир» практычна ня ведаў перашкодаў. Прыхільнікі беларушчыны пры Лукашэнку ніколі ніякага спрыяньня не атрымлівалі.

Тое, што мы часам называем працэсам «мяккай беларусізацыі» у 2015-2019 гадах, не было вынікам працы дзяржаўных інстытуцый, вынікам асэнсаванай, мэтадычнай і пасьлядоўнай палітыкі — проста ўлады не перашкаджалі ініцыятарам. Цяпер жа беларушчыну зьнішчаюць.

І паколькі тэкст гэты пачынаўся зь лічбаў — лічбай і закончым.
Нельга сказаць, што ў першай палове 90-х дзяржаўны апарат, асабліва выканаўчая ўлада, зь вялікім энтузіязмам спрыялі беларускаму школьніцтву. Але існаваў Вярхоўны Савет, дзейнічала парлямэнцкая камісія ў пытаньнях адукацыі, культуры і захаваньні гістарычнай спадчыны на чале зь Нілам Гілевічам, у якую ўваходзілі Лявон Баршчэўскі, Алег Трусаў, іншыя нацыянальна арыентаваныя дэпутаты, і камісія літаральна ў штодзённым рэжыме патрабавала выкананьня Закона аб мовах.

У верасьні 1993 году, калі дзяржаўныя інстытуцыі выконвалі Закон аб мовах, у беларускамоўныя клясы прыйшлі 80% першаклясьнікаў.

Яшчэ 5-7 такіх гадоў — і выгадавалася б пакаленьне, якое не дазволіла б прыйсьці да ўлады тым, хто лічыць, што на беларускай мове нельга стварыць нічога значнага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG