Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што адбывалася за кулісамі «Дзікага паляваньня караля Стаха». Адзін дзень з стваральнікамі опэры і таямніцы пастаноўкі ў Лёндане


«Дзікае паляваньне караля Стаха» ў Лёндане. Віталь Аляксяёнак, Вольга Падгайская, Андрэй Хадановіч. Свабодны тэатар. Каляж
«Дзікае паляваньне караля Стаха» ў Лёндане. Віталь Аляксяёнак, Вольга Падгайская, Андрэй Хадановіч. Свабодны тэатар. Каляж

У каго страляў дырыгент Віталь Алексяёнак? Чаму партыю Сьвеціловіча сьпявае ўкраінская опэрная сьпявачка? Як украінскіх сьпевакоў вучылі беларускаму вымаўленьню? Хто зь вядомых людзей наведаў прэм’еры ў Лёндане і пра што баранэса Кенэдзі пытала рэжысэраў Натальлю Каляду і Мікалая Халезіна?

Радыё Свабода правяло дзень з стваральнікамі опэры беларускага Свабоднага тэатру «Дзікае паляваньне караля Стаха» у Лёндане, зазірнула за кулісы тэатру, пагутарыла з аўтарамі й выканаўцамі, паглядзела саму пастаноўку, паслухала ўражаньні гледачоў і ўведала пэўныя таямніцы пастаноўкі, якую ўжо называюць культурнай падзеяй году для Беларусі.

Вольга Падгайская: «Часам пачуваюся, як Надзея Яноўская ў замку, і вельмі хачу, каб мяне выратавалі, каб выратавалі Беларусь»

Перадпрэм’ерны паказ і тры прэм’еры 14–16 верасьня адбываліся ў лёнданскім Барбікан-цэнтры — шматфункцыянальным асяродку выканальніцкіх мастацтваў, адным з найбуйнейшых у Эўропе. Гэта ўнікальны комплекс творчых пляцовак, дзе праходзяць канцэрты клясычнай і сучаснай музыкі, тэатральныя паказы, а таксама кінапаказы і мастацкія выставы.

Вольга Падгайская
Вольга Падгайская

За кулісы мяне праводзіць кампазытарка Вольга Падгайская. Яна ў прыгожай чорнай сукенцы. Толькі скончылася другая прэм’ера, ёсьць крыху часу да вечаровай, апошняй прэм’еры. Вольга кажа, што найбольш перажывала за якасьць гуку, але ўрэшце можна расслабіцца, бо гукарэжысэр усё наладзіў, музыка гучыць ідэальна, як яна і задумвала.

Пытаюся кампазытарку, ці згодная яна з рэжысэрам Мікалаем Халезіным, што опэра Солтана «Дзікае паляваньне караля Стаха», якая ідзе на сцэне беларускага Вялікага тэатру, несучасная, састарэла і музыка, і пастаноўка. Вольга далікатна адказвае:

— Солтан жыў у адзін час, а ў нас за два гады столькі падзеяў было, што стагодзьдзямі адбываюцца.

Прызнаецца, што ад прапановы Свабоднага тэатру да прэм’еры пражыла некалькі жыцьцяў.

— Колькі там герояў, столькі і жыцьцяў пражыла. Віталь Алексяёнак кажа, што самыя прыгожыя арыі ў Надзеі Яноўскай. Часам я пачуваюся як Надзея ў замку, у вакуўме, а вакол страх. І я вельмі хачу, каб мяне выратавалі, каб выратавалі Беларусь. Яноўская, Беларэцкі і Рыгор — мае любімыя героі. Я б хацела быць як яны ўсе, разам узятыя.

Тэмпэрамэнтам з пэрсанажаў кампазытарцы блізкі Дубатоўк, але ня ўчынкамі, удакладняе Вольга.

— Дубатоўк кантралюе ўсё. Мне падабаюцца такія героі. Зразумела, што я — за добрых герояў, за Яноўскую, Беларэцкага, за Рыгора, які ўсё палагодзіў і дапамог галоўнаму герою. Але мне чамусьці сымпатычны гэты злыдзень. У опэры ён вельмі яскравы герой. І Аляксандар Фаркушак (саліст Кіеўскай опэрнай студыі і Нацыянальнага прэзыдэнцкага аркестру Ўкраіны. — РС) вельмі моцна яго выканаў. Як і Варона (Аляксандар Чуўпіла — саліст Нацыянальнай філярмоніі Ўкраіны. — РС), вельмі яскравы злыдзень атрымаўся. Галоўныя героя таксама яскравыя, але яны разважлівыя, спакойныя людзі, а я ў жыцьці не такая — шалапутная і шалёная, як той Дубатоўк.

Вольга Падгайская кажа пра надзвычайную сучаснасьць Караткевіча.

— Калі цябе захапіла ў закладнікі «дзікае паляваньне», зло, гэта вельмі страшна. І робіцца ўсё цяжэй і цяжэй. Усе ўкраінцы ў нашай трупе разумелі, што адбываецца ў Беларусі, што людзі — гэта адно, а нелюдзі — іншае. Калі перачытваю цяпер Караткевіча, разумею, што нібы праклён на Беларусь, і ты нічога ня можаш з гэтым зрабіць. Пакуты і страх вакол. І толькі каханьне, якое ў опэры перамагае. Спадзяюся, што і ў нас так будзе.

Вольгу Падгайскую Мікалай Халезін называе найлепшай сучаснай беларускай кампазытаркай, а яе музыку — сучасным мінімалізмам, які ў падачы і ўспрыманьні значна складанейшы, чым мінімалізм Філіпа Гласа.

Калі Вольга разам з трупай выходзіць на сцэну пасьля апошняй прэм’еры, на ёй замест элегантных туфляў, у якіх бегала ўвесь дзень па тэатры, красоўкі. Падгайская стомленая, але вельмі шчасьлівая і натхнёная, як і аўдыторыя ў тэатральнай залі.

Хадановіч: «Украінцы сьпяваюць па-беларуску — на фоне штучных падзелаў гэта так важна і патрэбна»

У фае Барбікан-цэнтру — сцэнічнае ўвасабленьне Блакітнай жанчыны, важнага вобразу ў рамане Караткевіча і опэры. Побач прадаюць майкі і хусткі з выявамі «Дзікага паляваньня караля Стаха». Мэрчы нятанныя, але многія наведнікі купляюць на памяць пра знакавую падзею майкі за 25 фунтаў.

Андрэй Хадановіч
Андрэй Хадановіч

Фірмовую майку з мэрчам опэры надзеў пад пінжак і аўтар лібрэта паэт Андрэй Хадановіч. 50-гадовы былы старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру, паэт, перакладнік, блогер ня толькі выклаў вершам знакаміты раман, але і вучыў украінскіх сьпевакоў дакладнаму беларускаму вымаўленьню ў опэрных партыях.

Паэт спадзяецца, што бліжэйшым часам ягонае лібрэта паводле раману Караткевіча як асобны твор выйдзе ў часопісе «Дзеяслоў».

Мы пачынаем гаварыць пра актуальнасьць Караткевіча і сучасных Беларэцкіх і Рыгораў.

— Караткевіч паказвае на пальцах, як інтэлігенцыя выяўляецца зусім ня хлюпікамі. Праўда, Беларэцкаму трэба было знайсьці Рыгора і паяднацца з народам. Рыгоры такія знаходзіліся падчас нашай спробы паўстаньня ў 2020 годзе, калі зьяўляліся актывісты страйку, але, на жаль, масавых Рыгораў не было. А вось Беларэцкія як былі, так і ёсьць — мужчыны і жанчыны. Гэта ўвесь той мірны супраціў, да якога хтосьці ставіцца з расчараваньнем. Радок бяззбройны і бясспрэчны, сказаў бы сам Караткевіч.

Андрэй Хадановіч лічыць «Дзікае паляваньне караля Стаха» самым украінскім творам Уладзімера Караткевіча.

— Сваёй задумай раман зьвязаны зь яго вучобай у Кіеве. Самы аўтабіяграфічны вобраз — Андрэя Сьвеціловча, беларускага студэнта ўкраінскага ўнівэрсытэту. Ён ладзіць там студэнцкія пратэсты ў другой палове ХІХ стагодзьдзя, у гнюснай рэакцыйнай атмасфэры. Яны чытаюць Шаўчэнку. І зь імі адбываецца тое, што з нашымі студэнтамі лінгвістычнага ўнівэрсытэту ў верасьні 2020 году. Калі чужынцы, імпэрцы, расейскія сілавікі пытаюць Сьвеціловіча на допыце пра нацыянальнасьць, той адказвае: «Пішы — украінец».

Хадановіч настаяў, каб выканаўца ролі Сьвеціловіча Ірына Жыцінская гэтую фразу вымаўляла не па-беларуску, а па-ўкраінску: «Пиши — українець».

— А далей Беларэцкі і Сьвеціловіч разважаюць, што такое слова вартае дзясяткаў куляў, бо гэта маральная салідарнасьць. І цяпер украінцы бачаць, што беларускі інтэлектуал думаў пра Ўкраіну і нашыя агульныя праблемы. Гэта вельмі важна на фоне ўсіх крыўдаў ваеннага часу, выкіданьня беларускіх твораў з украінскай школьнай праграмы. Тут важны знак, што ўкраінскі паэт і перакладнік Вячаслаў Лявіцкі ўзьняў кампанію, і вуліцу Дабралюбава ў Кіеве перайменавалі ў вуліцу Караткевіча. Зь іншага боку, беларусы Лёндану і беларусы, якія прыехалі на прэм’еру зь іншых краінаў, бачаць, як украінцы сьпяваюць па-беларуску. На фоне штучных падзелаў гэта так важна і патрэбна, што немагчыма пераацаніць.

Хадановіч падкрэсьлівае, што важна гаварыць пра пастаноўку «Дзікага паляваньня караля Стаха» ня толькі як пра беларускую, але як пра беларуска-ўкраінскую падзею.

Матолька: «Гэта крута яшчэ і таму, што не беларусы ўдзельнічаюць ува ўкраінскай пастаноўцы, а ўкраінцы — у опэры паводле Караткевіча»

Да нашай размовы далучаецца заснавальнік праекту «Беларускі Гаюн» Антон Матолька, які быў на прэм’еры 15 верасьня. Прашу адным словам перадаць уражаньні ад пастаноўкі. «Ваў», кажа Матолька.

Антон Матолька
Антон Матолька

— Караткевіч на сцэне лёнданскага «Барбікану» — гэта ваў. Мы вельмі часта паўтараем, што трэба больш гаварыць пра Беларусь, каб Беларусь была ў парадку дня, а тут прыклад, як гэта зрабілі Коля Халезін, беларускі Свабодны тэатар сумесна з украінскімі артыстамі. Гэта крута яшчэ і таму, што не беларусы ўдзельнічаюць ува ўкраінскай пастаноўцы, а ўкраінцы — у опэры паводле Караткевіча. Вельмі складанай опэры насамрэч. Моцна ўражаны, эмоцыяў вельмі шмат.

Матолька кажа, што шмат яго знаёмых і сяброў у Эўропе чакаюць магчымасьці паслухаць і пабачыць опэру, бо візу ў Брытанію атрымаць дастаткова складана. Ён перакананы, што залі будуць запоўненыя ў Варшаве, Празе, Барсэлёне, іншых гарадах Эўропы, і спадзяецца пабачыць пастаноўку калі-небудзь у Менску.

Віталь Алексяёнак: Калі скончыцца вайна, было б крута прывезьці спэктакль ува Ўкраіну, а калі скончыцца дыктатура — у Беларусь

Падчас дыскусіі
Падчас дыскусіі

Антон Матолька ідзе на дыскусію з удзелам арт-дырэктараў Свабоднага тэатру Натальлі Каляды і Мікалая Халезіна, якую вядзе баранэса Гэлена Кэнэдзі, дэпутатка Палаты лордаў, сымбалічная «хросная» палітвязьня Мікіты Емяльянава. Падчас дыскусіі Натальля рэзкая і пераканаўчая, Мікалай Халезін — іранічны і глыбокі. «Мы ня будзем падабацца і новай уладзе», — зазначае ён.

Мікалай Халезін
Мікалай Халезін

Публічныя дыскусіі з удзелам VIP у дзень пастаноўкі — пасьпяховая і зьмястоўная практыка Свабоднага тэатру. 15 верасьня актрыса і Пасол добрай волі UNHCR (агенцтва ААН у справах уцекачоў) Кейт Бланшэт далучылася да панэльнай дыскусіі Свабоднага тэатру пра ўплыў вайны і дыктатуры на дзяцей Украіны і Беларусі. «Лісты надзеі», канвэрты з малюнкамі ўкраінскіх дзяцей ляжалі на кожным фатэлі тэатральнай залі.

Віталь Алексяёнак
Віталь Алексяёнак

А я пераймаю дырыгента Віталя Алексяёнка. 32-гадовы Віталь — галоўны дырыгент Нямецкай опэры на Райне ў Дзюсэльдорфе і аўтар кнігі пра беларускія пратэсты. У першыя месяцы вайны падчас бамбаваньня выступаў з музыкамі ў харкаўскім мэтро. Віталь зрабіў некалькі дзясяткаў пералётаў у Лёндан, рыхтуючы пастаноўку. Пытаюся яго: што давялося зрабіць упершыню ў працы над «Дзікім паляваньнем»?

Выявілася, што страляць. Паводле задумы рэжысэраў, менавіта дырыгент страляе ў Ігнася Бермана-Гацэвіча. Але ня толькі страляць давялося ўпершыню, прызнаецца дырыгент.

— Працаваць з усёй камандай. На опэрных пастаноўках дырыгент заўсёды займаецца толькі музычнаю часткаю. Музыка напісаная, і ты інтэрпрэтуеш. А тут мы дапісвалі, дапрацоўвалі, нешта прыбіралі. Была сумесная праца з Вольгай Падгайскай, яе «Five-storey Ensemble», удзельнікі якога добра ведаюць, як выконваць яе музыку. Праца над опэрай была жывым працэсам, для мяне вельмі інтэнсіўным, крэатыўным і прыгожым.

Алексяёнак кажа, што сучаснасьць твору Караткевіча падчас пастаноўкі адчувалася моцна. Напачатку працы ў адной са сьпявачак, якая жыла ў Кіеве, у доме зддарыўся выбух, выбіла шыбы. Яна не магла нармальна працаваць, думала пра гэта. Падчас нашай пастаноўкі забілі ўкраінскую пісьменьніцу Вікторыю Амеліну, сяброўку Натальлі і Колі. Памёр Алесь Пушкін. Для нас гэта не прайшло проста. Мы разумеем, што «дзікае паляваньне» і зараз скача.

У прамове пасьля трэцяга спэктаклю я сказаў, што «дзікае паляваньне» зараз паўсюль, не заканчваецца, і опэра гэта добра адлюстроўвае.

Пытаюся пра будучыя сцэнічныя пляцоўкі для опэры. Для дырыгента важнае ня месца, а тое, каб як мага болей людзей пазнаёміліся зь беларускай і ўкраінскай культурай.

— Калі скончыцца вайна, было б крута прывезьлі спэктакль ува Ўкраіну, а калі скончыцца дыктатура — у Беларусь. Беларусы чакаюць гэтае пастаноўкі. Такога ў беларускай культуры яшчэ не было.

Ірына Жыцінская: Сьвеціловіч ня будзе жанчынай на сцэне

Опэрныя партыі выконваюць зоркі ўкраінскай опэры. Салістка Ўроцлаўскай опэры Ірына Жыцінская выконвае дзьве ролі — Сьвеціловіча і Кульшы. Пытаюся яе, чым быў прадыктаваны выбар сьпявачкі на гэтую ролю.

Ірына Жыцінская
Ірына Жыцінская

— Насамрэч Сьвеціловіч ня будзе жанчынай на сцэне. Так часта бывае ў опэры, што ролі маладых хлопцаў сьпяваюць мэца-сапрана. У мяне нізкі жаночы голас. Вольга Падгайская напісала партыю Сьвеціловіча, які змагаецца за свабоду, за свае ідэі, для жаночага голасу, каб адлюстраваць такога маладога, запальнага чалавека. Караткевіч быў моцна зьвязаны з Украінай, і мой герой таксама. Яго выключылі з унівэрсытэту за тое, што чытаў сябрам лекцыі пра Тараса Шаўчэнку. Для мяне гэты твор моцна пераклікаецца з сучаснасьцю. Гэта барацьба дабра і зла. Высьвятляецца, што нейкая група людзей можа застрашваць грамадзтва, а з другога боку ёсьць людзі, якія не баяцца і змагаюцца, каб быць людзьмі, а не рабамі.

Сымбаль зла, пра якое гаворыць Жыцінская, — кувалда, якою б’юць над магілай Сьвеціловіча, і кароткія кадры разгону беларускіх пратэстаў 2020 году як візуальны кантэкст.

Андрэй Бандарэнка: Мне было вельмі цікава сьпяваць па-беларуску

Выканаўцу ролі Беларэцкага Андрэя Бандарэнку лічаць адным з самых пэрспэктыўных барытонаў ва Ўкраіне. Быў салістам Нацыянальнай філярмоніі Ўкраіны, апошнім часам гастралюе ў Італіі, Францыі, Вялікай Брытаніі, Швайцарыі, Фінляндыі. Андрэй пагадзіўся сьпяваць у опэры беларускага Свабоднага тэатру на прапанову Віталя Алексяёнка.

Андрэй Бандарэнка
Андрэй Бандарэнка

Мы размаўляем, седзячы ў сталоўцы «Барбікану», куды Андрэй заскочыў пад’есьці перад спэктаклем. Зьвяртаю ўвагу на прыгожае тату на руцэ ў музыкі. Задаю яму пытаньні па-беларуску, ён адказвае па-ўкраінску.

— Я пагадзіўся найперш таму, што Віталь Алексяёнак прапанаваў. Мне прыслалі партытуру і клявір, выявілася, што гэта вельмі прыгожая музыка, якую напісала Вольга Падгайская. Потым я стаў цікавіцца беларускім Свабодным тэатрам, хто такі Мікалай Халезін. Усё склалася адно да аднаго — тое, тое і тое цікава. Была цудоўная каманда беларусаў і ўкраінцаў. Гэта быў фантастычны час. Мне было вельмі цікава сьпяваць па-беларуску. Ніколі ня думаў, што беларуская і ўкраінская мовы такія падобныя. Складанасьцяў у вымаўленьні не было, тым больш што маэстра лібрэтыст нам усё надыктаваў.

Мікола Губчук пра «дзікае паляваньне» у Гастомелі

Мікола Губчук
Мікола Губчук

Другі выканаўца ролі Беларэцкага саліст Нацыянальнай опэры Ўкраіны Мікола Губчук прызнаецца, што стаў значна больш разумець Беларусь і беларусаў пасьля ўдзелу ў гэтым амбітным праекце.

— Пра італьянскую і ўкраінскую мовы гавораць як пра найбольш мэлядычныя мовы сьвету. Я б дадаў да іх і беларускую мову.

Гаворачы пра сучаснае гучаньне «дзікага паляваньня», Губчук згадвае Гастомель на Кіеўшчыне, дзе ён быў у пачатку вайны Расеі супраць Украіны, і ўсё, што давялося перажыць у гэтыя цяжкія дні. Паводле яго, на рэпэтыцыях не ўзьнікала ніякіх канфліктных сытуацыяў паміж беларусамі і ўкраінцамі, бо ўсе яны аднадумцы ва ўспрыманьні вайны і дыктатараў, якія яе распачалі.

Тамара Калінкіна: Люблю экспэрымэнтаваць у жыцьці і на сцэне

Тамара Калінкіна
Тамара Калінкіна

З выканаўцай ролі Яноўскай Тамарай Калінкінай, салісткай Нацыянальнай опэры Ўкраіны, заслужанай артысткай Украіны ўдалося пагаварыць у грымёрнай, дзе ёй філігранна стваралі сцэнічны вобраз. Тамара кажа, што даволі хутка пагадзілася на галоўную ролю ў сучаснай опэры паводле Караткевіча.

— Найперш мяне заінтрыгаваў сюжэт, цудоўны каст, рэжысэры-пастаноўнікі, рэжысэр, а таксама тое, што гэта экспэрымэнтальны праект сумесна з драматычным тэатрам. Я захапляюся драматычным тэатрам і люблю экспэрымэнтаваць і ў жыцьці, і на сцэне таксама. Таму я хутка пагадзілася, бо ўсе складнікі падаліся мне вельмі цікавымі і шматабяцальнымі. Практычна ўсе выканаўцы — мае блізкія сябры. Я перачытвала раман двойчы, спачатку хутка, каб пазнаёміцца з творам, каб зразумець, што за роля. Другі раз вельмі глыбока перачытвала, некаторыя разьдзелы шмат разоў. Для мяне адкрылася багата новага пра Беларусь, пра што я нават не задумвалася. І, безумоўна, ёсьць асацыяцыя з сёньняшнім днём.

Што рабіць зь цяперашнім «дзікім паляваньнем» у Беларусі і ўва Ўкраіне? Тамара крыху задумалася, памаўчала, а потым адказала:

— Мне здаецца, што кожны мае змагацца на сваім фронце, бо немагчыма ахапіць неахопнае. Трэба шчыра і з аддачай змагацца на сваім фронце. Мы можам. І я стараюся гэта рабіць шчыра, наколькі дазваляе ўнутраны рэсурс, фізычныя і чалавечыя магчымасьці.

Глядачка: «Калі частка трупы выйшла ў масках, якія паўтаралі дызайн масак у спэктаклі, я зразумела, чаму ў іх схаваныя твары»

За тры дні прэм’еру наведалі шмат беларусаў, многія спэцыяльна прыляцелі дзеля гэтага ў Лёндан. У залі можна было пабачыць прадстаўніцу Аб’яднанага пераходнага кабінэту Аліну Коўшык, перакладніка, журналіста і грамадзкага дзеяча Сяргея Шупу, баскетбалістку Кацярыну Сныціну, прадстаўніцу беларускай дыяспары ў Чэхіі Алену Ціхановіч. На прэм’еры бачылі ўладальніка шэрагу IT-кампаніяў Віктара Пракапеню, Ірыну Красоўскую, удаву зьніклага бізнэсоўца Анатоля Красоўскага. З прычынаў бясьпекі многія вядомыя беларусы, якія прыйшлі на спэктакль, асьцерагаюцца называць свае імёны. З той жа прычыны частка музыкантаў аркестру выйшлі да публікі на сцэну ў масках, бо зьбіраюцца вяртацца ў Беларусь.

Некалькі дзясяткоў беларусаў прыляцелі са Злучаных Штатаў Амэрыкі, у тым ліку кіраўніца International School of Advanced Learning у амэрыканскім Бостане Марына Львова. Яны з мужам Ігарам купілі квіткі ў першы ж дзень продажу. Прызнаюцца, што ляцелі ў тым ліку на Ільлю Сільчукова, які меўся сьпяваць Беларэцкага. З прыватных прычынаў Ільля часова выйшаў з праекту, але зьбіраецца далучыцца да пастаноўкі на наступных паказах. Марына Львова называе пастаноўку Свабоднага тэатру выбітнай падзеяй для беларускай культуры.

— Беларускі Свабодны тэатар мовай сучасных мастацкіх практык пераасансоўвае ўжо клясычны раман Караткевіча. Атрымаўся поліфанічны шматузроўневы твор.

Наступная мая суразмоўца, вядомая гендэрная дасьледніца, просіць не называць яе імя ў публікацыі, але вельмі хоча падзяліцца ўражаньнямі ад спэктаклю, які, паводле яе, стаў вялікай падзяей.

— Многія мае сябры ў розных краінах глядзелі яго ў інтэрнэце, і гэта стварала вельмі ўзьнёслую атмасфэру яднаньня. Больш за сам спэктакль мяне ўразіў выхад актораў падчас авацыяў. Калі частка трупы выйшла ў масках, якія паўтаралі дызайн масак у спэктаклі, я зразумела, чаму ў іх схаваныя твары. Бо нават у Лёндане беларусы ня могуць пачувацца ў бясьпецы, пакуль рэжым Лукашэнкі трымае ўладу. Уразьлівасьць артыстаў з Украіны, якія паляцелі дадому туды, дзе ідзе вайна, і ўразьлівасьць беларускіх артыстаў, якія ня могуць цалкам прыняць свой посьпех, бо маюць пэрспэктыву быць кінутымі ў турму, разьбілі маё сэрца. Мая брытанская сяброўка не зразумела спачатку, чаму некаторыя артысты выйшлі ў масках. Яна падумала, што яны проста саромеюцца. Гэты боль, зразумелы бяз словаў толькі нам, не пакідае мяне ні на хвіліну. Вельмі хацелася б, каб такіх праектаў, дзе мы можам аб’ядноўвацца дзеля ўзаемнай падтрымкі, было больш. Такія падзеі даюць зразумець, што мы разам і што мы надалей супраціўляемся аўтарытарызму ўсімі даступнымі спосабамі.

Фрагмэнт опэры
Фрагмэнт опэры

Опэра «Дзікае паляваньне караля Стаха» ня завяршаецца перамогаю дабра над злом. Беларэцкі зрывае адзеньне «блакітнай жанчыны» з Яноўскай. Яны кахаюць адно аднаго. Але трывожная, напружаная музыка гучыць да самага канца пастаноўкі. І далей — голас Андрэя Каляды, бацькі рэжысэркі Натальлі Каляды, які прамаўляе апошнія словы раману Караткевіча: «Я прачынаюся і думаю, што не прайшоў ягоны час, пакуль ёсьць цемра, голад, нераўнапраўе і цёмны жах на зямлі. Яно — сымбаль усяго гэтага. Хаваючыся напалову ў тумане, імчыць над змрочнай зямлёй дзікае паляваньне».

Гучаць воплескі, у людзей на вачах сьлёзы, на сцэне ўдзельнікі пастаноўкі, акторы трымаюць бел-чырвона-белы і блакітна-жоўты сьцягі. Гучаць воклічы «Слава Ўкраіне!» і «Жыве Беларусь!». Публіка адгукаецца: «Героям слава!», «Жыве вечна!». Але маскі на тварах беларускіх музыкаў нагадваюць пра «дзікае паляваньне».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG