Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна падала пазовы ў СГА супраць Польшчы, Вугоршчыны і Славаччыны за блякаваньне транзыту ўкраінскай аграпрадукцыі ў ЭЗ


Украіна падала пазовы ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю (СГА) супраць Польшчы, Вугоршчыны і Славаччыны, якія забаранілі імпарт украінскай аграпрадукцыі ў краіны ЭЗ. Пра гэта паведаміла міністарка эканомікі Ўкраіны Юлія Сьвірыдзенка.

Паводле Сьвірыдзенкі, Украіне «прынцыпова важна даказаць, што асобныя дзяржавы – сябры ЭЗ ня могуць забараняць імпарт украінскіх тавараў».

«Мы спадзяёмся, што гэтыя дзяржавы здымуць свае абмежаваньні і нам не давядзецца доўга высьвятляць адносіны ў судах. Нам патрэбна салідарнасьць зь імі і абарона інтарэсаў фэрмэраў. Прынятыя намі крокі і ціск Эўракамісіі і іншых дзяржаў-членаў дапамогуць аднавіць нармальны гандаль паміж Украінай і суседнімі дзяржавамі, а таксама паказаць салідарнасьць паміж намі», — адзначыла міністарка.

Паводле яе, у выніку аднабаковай забароны на імпарт украінскай аграпрадукцыі з боку Польшчы, Славаччыны і Вугоршчыны ўкраінскія экспартэры «ўжо панесьлі і працягваюць несьці значныя страты праз прастой, дадатковыя затраты і немагчымасьць выканаць замежнаэканамічныя пагадненьні».

Украіна, як падкрэсьліла Сьвірыдзенка, «бачыць у гэтым парушэньне Польшчай, Вугоршчынай і Славаччынай сваіх міжнародных абавязаньняў». Таксама ўкраінскі бок лічыць, што аднабаковыя дзеяньні краін – сяброў ЭЗ у сфэры гандлю «непрымальныя і ўсе краіны – члены блёку павінны каардынаваць і ўзгадняць гандлёвую палітыку, паколькі ён адносіцца да выключнай кампэтэнцыі ЭЗ».

У пятніцу, 15 верасьня, Эўракамісія адмяніла эмбарга на пастаўку ўкраінскага збожжа ў краіны ЭЗ. У Эўракамісіі прыйшлі да высновы, што дзякуючы ўведзеным у траўні 2023 году абмежаваньням на экспарт украінскага збожжа рынкавыя скажэньні ў Баўгарыі, Вугоршчыне, Польшчы, Румыніі і Славаччыне зьніклі. Акрамя таго, як адзначылі ў Эўракамісіі, узважаная палітыка ў адносінах да паставак сельгаспрадукцыі з Украіны прывяла да росту экспарту ўкраінскага збожжа з краінаў ЭЗ у трэція краіны.

У той жа час улады Польшчы, Вугоршчыны і Славаччыны заявілі, што не разблякуюць транзыт украінскай аграпрадукцыі, нягледзячы на рашэньне Эўракамісіі. Урады ўсіх трох краін растлумачылі свае дзеяньні абаронай айчынных фэрмэраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG