Фільм «На другом берегу» быў зьняты «Беларусьфільмам» да «Дня народнага адзінства». Рэжысэр — расеец Андрэй Хрулёў. Стужка апавядае пра падзеі 1925 году.
«У Заходняй Беларусі чатыры гады ідуць хваляваньні, працуюць агенты савецкай выведкі. Спробы мясцовых жыхароў адстаяць сваю веру і царкву закончыліся жорсткім здушэньнем», — так аўтары фільма апісваюць яго. Ідэолягі ў анатацыі пішуць, што фільм «пра самы цяжкі пэрыяд нашага народу — польскую акупацыю».
«Апраўданьне за пропуск — квіток з прозьвішчам»
Сяргей (імя зьмененае дзеля бясьпекі, зьвесткі ёсьць у рэдакцыі. — РС) вучыцца на другім курсе аднаго з факультэтаў БДУ. Ён кажа, што прагляд фільма «На другом берегу» для некаторых факультэтаў 2-3 курсаў заплянавалі на 19 верасьня, 15.00, у кінатэатры «Кастрычнік». Студэнты, па словах Сяргея, атрымалі загад паглядзець стужку ад кіраўніцтва факультэту.
«Сказана, што 19 верасьня, у аўторак, адмяняюцца заняткі, чацьвёртая і пятая пара. Бо ў 15:00 мы ідзём на „патрыятычнае кіно“. Прычым мусім купіць квіткі па 6 рублёў. Сказалі, што „апраўданьне за пропуск заняткаў — квіток з напісаным вашым прозьвішчам“», — патлумачыў студэнт.
Ён дадаў, што розныя групы і курсы БДУ разьмеркавалі на розныя даты. Толькі месца прагляду аднолькавае — кінатэатар «Кастрычнік».
Сяргей сьцьвярджае, што студэнты не гараць жаданьнем ісьці глядзець кіно.
«Нехта думае купіць квіток і не ісьці, іншыя — прыкінуцца хворымі», — кажа студэнт.
Свабода праверыла словы Сяргея з дапамогай сайту рэзэрвацыі квіткоў і заўважыла, што ў названы ім час у кінатэатры няма свабодных месцаў.
Пры гэтым падчас бліжэйшых выходных, калі ў школах і ўнівэрсытэтах няма заняткаў, а ўстановы і прадпрыемствы не працуюць, фільм «На другом берегу» ў «Кастрычніку» ўвогуле не паказваюць. У гэтыя дні там можна пабачыць галівудзкі «Апэнгеймэр».
Пра тое, што «На другом берегу» прымушаюць паглядзець тых, хто не зьбіраўся гэтага рабіць, расказвае і чытачка Свабоды Алена. Яна паведаміла, што 14 верасьня на «кіно» вадзілі яе дачку-падлетка. Прагляд быў арганізаваны цэнтралізавана, усёй клясай, з клясным кіраўніком.
«Я мала што дабілася ад яе. Яна, відаць, ня надта ўцяміла, пра што кіно, запомніла сцэны забойства палякамі нейкай жанчыны. Напэўна, беларускі», — падзялілася Алена. Маці школьніцы дадала, што за квіток бацькі не плацілі.
Што дзяржаўныя СМІ пішуць аб прэм’еры
Пра тое, што прагляд фільма «На другом берегу» адбываецца арганізавана, сьведчаць і публікацыі ў дзясятках абласных і раённых выданьняў. «Раёнкі» па ўсёй Беларусі пішуць шаблённа: «Першымі фільм паглядзелі працоўныя калектывы і старшаклясьнікі».
У Горадні кіно пра «палякаў-акупантаў» першымі глядзелі чыноўнікі. У кінатэатры выступаў старшыня аблвыканкаму Ўладзімер Каранік. Ён заклікаў «цаніць стабільнасьць і мірнае неба». Між іншым кіраўнік рэгіёну зазначыў, што «ў нас цяпер сярэдняя адукацыя зьяўляецца нормай, некалі ж на гэтай тэрыторыі менш за палову насельніцтва ўмела чытаць. Цяпер мы ня маем праблемы, каб знайсьці працу па душы. А быў пэрыяд, калі прадпрыемствы закрываліся».
Паказ прайшоў і ў Зэльве.
«У кінатэатры прайшлі тры сэансы, і ўсе — пры поўнай залі. Першымі стужку праглядзелі школьнікі — удзельнікі вайскова-патрыятычных клюбаў, старшаклясьнікі гімназіі № 1 і школы № 3. На другі сэанс прыйшлі старэйшыя зэльвенцы. Многія — цэлымі калектывамі», — напісала раённая газэта.
У Лідзе таксама «першымі гістарычную драму ўбачылі пэдагогі і навучэнцы». Раённая газэта напісала, што «арганізацыі і прадпрыемствы вызначаюцца з графікам прагляду фільму».
Кіно глядзелі «старшаклясьнікі, прадстаўнікі працоўных калектываў» і ў Смаргонях.
У Гомлі аднымі зь першых на кіно прыйшлі прадстаўнікі БРСМ.