Генэральны дырэктар Вялікага тэатру Расеі Ўладзімір Урын назваў дзьве прычыны, зь якіх вымушаны зьмяніць рэпэртуар тэатру ў новым сэзоне.
«Першая — выключна юрыдычная. У тых ці іншых спэктакляў проста скончыліся ліцэнзіі, падаўжэньне якіх сёньня немагчымае. Хоць, пакуль гэтыя ліцэнзіі былі, нават нягледзячы на тое, што некаторыя з стваральнікаў спэктакляў прасілі або нават эмацыйна патрабавалі іх зьняць, мы адказвалі: «Зазірніце ў кантракт, у вас няма ніякіх падстаў патрабаваць зьняцьця спэктакля», — сказаў Уладзімір Урын у інтэрвію выданьню «Российская газета».
Паводле яго, другой прычынай стала выказваньні аўтараў пастановак пра вайну ва Ўкраіне. «У такім выпадку іхныя імёны зьнікалі з афіш. Тут ёсьць яшчэ адзін важны момант: Вялікі ў гэтым сэнсе асаблівы тэатар, з пункту гледжаньня ўвагі да яго. Таму, напэўна, натуральна, калі паднімаецца пэўная хваля абураных лістоў і іншых выказваньняў. Тады тэатар і Міністэрства культуры цудоўна разумеюць, што выклікае сур’ёзную нэгатыўную рэакцыю. Гэта таксама было прычынай зьняцьця асобных спэктакляў з рэпэртуару», — удакладніў дырэктар Вялікага тэатру Расеі.