Украінскі кампазытар атрымаў замову на напісаньне опэры пра мацярок з гэтай краіны, якія адпраўляюцца ў Расею, каб выратаваць сваіх дзяцей, якіх гвалтоўна трымаюць там. 42-гадовы Максім Каламіец напіша музыку на лібрэта драматурга Джорджа Бранта.
Генэральны мэнэджэр Мэтраполітэн-опэра Пітэр Гэлб разьлічвае, што кампанія прадставіць новую працу да 2027-2028 года.
Сюжэт опэры выдуманы, але заснаваны на рэальных падзеях ва Ўкраіне і Гаазе.
- У вывазе ўкраінскіх дзяцей з Украіны ёсьць і беларускі сьлед. Раней кібэрпартызаны, якія ўзламалі сайт беларускага Чырвонага Крыжа, паведамлялі, што ва ўнутраных дакумэнтах арганізацыі ёсьць інфармацыя пра ўвоз у Беларусь дзяцей з акупаванага Лісічанску. «Усе атрыманыя дакумэнты па ўвозе ўкраінскіх дзяцей без бацькоў на тэрыторыю РБ будуць перададзеныя афіцыйным органам Украіны для далейшых разьбіральніцтваў», – паведамілі кібэрпартызаны. Таксама Літва перадала ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе інфармацыю пра магчымы ўдзел «Беларускай калійнай кампаніі» ў незаконным вывазе ўкраінскіх дзяцей.
- У канцы чэрвеня НАУ перадала пракурору Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе Карыму Хану доказы ваенных злачынстваў у выглядзе незаконнага перамяшчэньня ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый у Беларусь. Паводле матэрыялаў дасье, у пэрыяд зь верасьня 2022 году ў Беларусь з акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны вывезьлі больш за 2100 дзяцей.
- Ці будзе ў опэры ўзгадвацца пра ўдзел афіцыйнага Менску ў вывазе дзяцей, не паведамляецца.