Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Варшаве выставілі няскончанае палатно Алеся Пушкіна


Алесь Пушкін
Алесь Пушкін

У варшаўскім Цэнтры сучаснага мастацтва «Ўяздоўскі замак» стварылі міні-экспазыцыю, прысьвечаную славутаму беларускаму мастаку, які памёр у зьняволеньні сёлета.

У Цэнтры сучаснага мастацтва «Ўяздоўскі замак» выставілі няскончанае жывапіснае палатно Алеся Пушкіна «Карціна Свабоды», паведаміў reform.by.

Штогод 25 сакавіка, на Дзень Волі, мастак ладзіў пэрформанс на галоўнай плошчы роднага мястэчка Бобр: усталёўваў на мальбэрт гэтае незавершанае палатно, зьмешваў фарбы на палітры, сьветлыя, калі год быў харошы, або цёмныя, калі год быў нядобры, і пісаў у прысутнасьці рэдкіх гледачоў. Такім чынам, палатно пісалася толькі раз на год, а сам пэрформанс адбываўся на працягу больш як 25 гадоў.

Мастак абяцаў скончыць твор, калі Беларусь будзе вольнай.

Галоўны пэрсанаж карціны — жанчына, сымбаль Беларусі, што пакутуе ад камуністычнага мінулага і дыктатарскай сучаснасьці.

26 жніўня 2016 году ў Познані адкрылася выстава пад назвай «Нацыянальна-радыкальны Алесь Пушкін», на якой мастак паказаў і партрэты сэрыі «Беларускі Рэзыстанс», якія ён ня мог выставіць у Беларусі, і «Карціну свабоды», якая пасьля выставы ў Беларусь не вярнулася. Алесь заявіў, што гэта можа адбыцца толькі пасьля зрынаньня рэжыму Лукашэнкі.

Урэшце карціна трапіла ў «Замак Уяздоўскі», дзе ў 2021 годзе яе паказалі на выставе «Палітычнае мастацтва».

Цяпер дырэкцыя «Замку» зладзіла адмысловы паказ, дзе можна ўбачыць гэтую манумэнтальную карціну, а таксама дакумэнтальнае кіно, на якім паказваецца фрагмэнт працэсу стварэньня палатна. Таксама ў экспазыцыю ўвайшла дошка памяці з чорнымі стыкерамі, на якіх ахвотныя маглі нешта напісаць.

Алесь Пушкін нарадзіўся 6 жніўня 1965 году ў вёсцы Бобр Крупскага раёну Менскай вобласьці, дзе і жыў да арышту ў 2021 годзе.

У 1978 годзе Алесь паступіў у Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Івана Ахрэмчыка. Вучыўся ў мастака Пятра Шарыпы да 1983 году, затым паступіў на курс манумэнтальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытуту (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў).

У 1984 годзе Алесь Пушкін трапіў у Савецкую Армію, служыў у Афганістане. У войску вёў дзёньнік на беларускай мове. Дзёньнік Пушкіна прызналі антысавецкім. У 1986 годзе Алесь дэмабілізаваўся і працягнуў вучобу.

Пушкін — рэдкі ў Беларусі сэртыфікаваны спэцыяліст з рэстаўрацыі. Ён аднаўляў і расьпісваў шмат гістарычных аб’ектаў, касьцёлаў і цэркваў. Быў жанаты. У яго засталіся жонка Яніна, сын і дачка. Яніна працуе настаўніцай у школе, сын паступіў ва ўнівэрсытэт, дачка вучыцца ў школе.

У мастацтве Пушкін запомніўся ня толькі партрэтамі, але і сваімі яскравымі пэрформансамі, якія былі закліканыя абудзіць беларускі народ, дазволіць беларусам узгадаць слаўную гісторыю сваёй нацыі і скінуць з шыі ярмо дыктатуры і русыфікацыі.

11 ліпеня палітзьняволены мастак памёр за кратамі. Да сьмерці ў рэанімацыі шпіталя Пушкін адбываў пакараньне ў горадзенскай «крытай» турме.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG