«У кнізе 16 вершаў-гісторый пра розны транспарт. Усё будзе буксаваць і разьлівацца, раскручвацца і адвальвацца — ведаем, што любяць малыя», — так гучыць анатацыя да выданьня, аздобленага малюнкамі Волі Кузьміч.
Колішні супрацоўнік «Нашай Нівы» Андрэй Скурко вызваліўся з магілёўскай калёніі 18 жніўня, цалкам адбыўшы прысуджаныя яму 2 з паловай гады зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт. 216 Крымінальнага кодэксу «Нанясеньне маёмаснай шкоды без прыкмет раскраданьня, учыненае групай асоб».
На волі Андрэя чакалі жонка Паўліна і маленькі сынок Тамаш. Для яго ён увесь час зьняволеньня пісаў дзіцячыя вершы, якія склалі аснову зборніка «Пра сланоў і барсучкоў», выдадзенага ў мінулым годзе. Таксама за кратамі Скурко пераклаў на беларускую «Доктара Айбаліта» Карнея Чукоўскага, які стаў беларускім «Доктарам Будзь-Здароў».