Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзеці ў літоўскай школе атрымалі дзёньнікі з сымболікай рэжыму Лукашэнкі і словамі дзяржаўнага гімна


Беларускі дзёньнік у літоўскай школе. Скрыншот зь відэа Telegram
Беларускі дзёньнік у літоўскай школе. Скрыншот зь відэа Telegram

Беларусы, якія ўцяклі ад рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі ў Літву, паведамілі, што ў першыя дні новага навучальнага году ў адной са школ Вільні іх дзеці прынесьлі са школы дзёньнікі, купленыя ў Беларусі.

У рэдакцыю LRT.lt паступіла інфармацыя ад бацькі вучня гімназіі ў Грыгішках (Грыгораве) пра тое, што для дзяцей закупілі дзёньнікі з сымболікай рэжыму Лукашэнкі і словамі дзяржаўнага беларускага гімна. Дырэктарка школы, у сваю чаргу, паведаміла LRT.lt, што праблему ўжо вырашылі.

Летась у сьнежні сям’я Андрэя пакінула Беларусь праз палітычны перасьлед.

«Мы прыехалі ў Вільню і на пачатку студзеня ўладкавалі дзяцей у школу. Дзеці задаволены, ім тут падабаецца. Калектыў, настаўнікі і дырэктар прынялі нас добра. На пачатку навучальнага году мы ўнесьлі невялікую суму, каля трох з паловай эўра, на дзёньнікі для дзяцей. Учора дзіця вярнулася са школы зь беларускім дзёньнікам і, шчыра кажучы, я ашаломлены ўбачаным. Разумею, гэты варыянт таньнейшы; магчыма, бацькоўскі камітэт ці бацькі вырашылі зэканоміць», — сказаў Андрэй і дадаў, што для яго гэта стала шокам.

«На гэтых дзёньніках былі чырвона-зялёныя сьцягі, якія нагадвалі нам пра Беларусь, дзе пад такімі сьцягамі людзей забівалі і дзе сядзяць цяпер палітвязьні. Для мяне гэтая сытуацыя стала, як са сьвету фантастыкі, што ў Літве я сутыкнуся з такой праблемай», — заявіў беларускі актывіст.

Мужчына кажа, што ў сьнежні споўніцца роўна год, як яны прыехалі ў Літву. Пасьля выпадку зь дзёньнікамі Андрэй рашыў зьвязацца з клясным кіраўніком.

«Больш за ўсё я не хацеў выказваць сваю незадаволенасьць, таму што мы людзі новыя ў гэтай клясе. Нас усё задавальняе, і нам усё падабаецца. Проста ўзьнікла такая сытуацыя, якую ніхто ня мог прадбачыць. Ізноў жа, я нічога ня маю супраць Беларусі. Я супраць лукашэнкаўскіх чырвона-зялёных сьцягоў, ад якіх мы ўцякалі. Цяпер наша краіна цалкам акупаваная, і гэтыя сьцягі ставяць на кожным слупе. Разумееце?» — кажа беларус.

Бацька дзіцяці кажа, што адказ кляснага кіраўніка яго крыху зьдзівіў. Яна прапанавала заклеіць сьцягі ці надзець вокладку, каб гэта не раздражняла. Сказала, што калі сям'і не падабаецца гэты дзёньнік, бацькі могуць купіць літоўскі.

Андрэй прыйшоў да высновы, што бацькі спрабавалі зэканоміць.

«Я вырашыў зайсьці ў інтэрнэт і паглядзець на цэны. Сапраўды, літоўскі дзёньнік каштуе 6 эўра, а два беларускія — 3,5 эўра. Выніковая эканомія — 3 эўра. Я таксама за эканомію, але эканомія коштам падтрымкі рэжыму Лукашэнкі таго ня вартая. Я быў бы гатовы заплаціць нават 10 эўра за гэты дзёньнік, абы ён быў не беларускім, а літоўскім», — тлумачыць беларус.

Дырэктарка гімназіі ў Грыгораве Ханка Гжыбоўска, у сваю чаргу, заявіла, што ўпершыню чуе пра інцыдэнт.

«Інфармацыя для мяне новая, я нічога ня ведаю», — сказала дырэктарка і паабяцала падрабязьней разабрацца ў сытуацыі.

Празь некаторы час дырэктар школы зьвязалася з LRT.lt і сказала, што дзёньнікі сапраўды купілі, але праблема ўжо вырашаная. Дзёньнікі ўжо забралі, яны больш ня трапяць у рукі дзяцей.

Дырэктарка папрасіла прабачэньня ў бацькоў.

Вядома, што цяпер у школах Вільні вучыцца 506 дзяцей, якія выбралі мовай навучаньня беларускую. Усяго ж, уключаючы прыватныя школы, такіх вучняў у горадзе 740.

Рэальныя лічбы могуць быць вышэйшыя, бо ўказаньне роднай мовы не зьяўляецца абавязковым.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG