Былы намесьнік кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі, ягоны памочнік Аляксандар Радзькоў расказаў у інтэрвію газэце «Звязда», што разам з археолягам Вячаславам Капыціным стварыў адукацыйна-патрыятычную праграму «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся!». Абодва працавалі ў Магілёўскім пэдынстытуце, калі там вучыўся Лукашэнка.
Паводле Радзькова, падчас вучобы на гістфаку Лукашэнка ўдзельнічаў археалягічных экспэдыцыях пад кіраўніцтвам Капыціна.
«Можна быць упэўненым, што і яны ўнесьлі свой уклад у фарміраваньне сапраўднай любові да Беларусі нашага Прэзыдэнта (Радзькоў мае на ўвазе Лукашэнку — РС)», — сказаў былы памочнік Лукашэнкі.
Разам з Капыціным яны вырашылі арганізаваць сыстэмныя экскурсіі па краіне, акрэсьліўшы сем асноўных памятных мясьцін у кожнай вобласьці, якія абавязаны наведаць кожны беларус. Паводле задумы Радзькова і Капыціна, усе гэтыя мясцовасьці павінны ў будучыні быць пазначаныя шыльдай, агароджай, альтанкай. Да рэалізацыі праграмы ён прыцягвае школы, а плянуе ДАІ і мясцовыя ўлады.
У праграме Радзькова-Капыніца апынуліся?
- У Менску — Палац Незалежнасьці, музэй Вялікай Айчыннай вайны, трактарны завод, МАЗ, «Гарызонт», Вялікі тэатр, Акадэмія навук,...
- У Менскай вобласьці — Нясьвіж, Хатынь, Курган Славы, БелАЗ, парк «Вялікі Камень», лінія Сталіна, Салігорскі калійны камбінат,...
- У Берасьцейскай вобласьці — Берасьцейская крэпасьць, Белавеская пушча, Косаўскі замак, «Савушкін прадукт», археалягічны музэй «Бярэсьце», Камянецкая вежа, Ружанскі замак,...
- У Віцебскай вобласьці — старажытны Полацк, Аршанскі льнокамбінат, Летні амфітэатар «Славянскага базару», «Нафтан», мэмарыяльны комплекс «Прарыў», Дом-музэй Марка Шагала, Нацыянальны парк «Браслаўскія азёры»,...
- У Горадзенскай вобласьці — Калоская царква, Стары замак, Мірскі замак, Лідзкі замак, касьцёл у Гервятах, Жыровіцкі манастыр, «Гроднаазот»,...
- У Гомельскай вобласьці — Палац Румянцавых і Паскевічаў, музэй прыроды ў Ляскавічах, «Гомсельмаш», Юравіцкі манастыр, Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, Жлобінскі мэталюргічны завод, Рагачоўскі малочнакансэрвавы камбінат,...
- У Магілёўскай вобласьці — Буйніцкае поле, Магілёўская ратуша, Бабруйская крэпасьць, «Белшына», Горацкая акадэмія, «Магілёўхімвалакно», «Беларускі цэмэнтны завод».
Як сказаў Радзькоў, праграма абавязковага наведваньня сямі знакавых месцаў кожным беларусам затармазілася ў сувязі з тым, што ў апошнія гады «беларусы сталі жыць лепш».
«Практычна ў кожнай сям’і зьявілася легкавая машына, а то і не адна. Людзі сталі сем’ямі з задавальненьнем падарожнічаць па краіне. Адпала неабходнасьць сыстэмнай арганізацыі калектыўных аўтобусных экскурсій, як у савецкі час». — лічыць Радзькоў.