«Плянуем пераезд у Польшчу — дзеля свайго спакою»
Алеся (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы. — РС) жыве ў Грузіі з сынам з 2021 году. Краіна прывабіла іх сваёй прыгажосьцю і ляяльным візавым заканадаўствам. Беларусы могуць знаходзіцца тут бязь візы практычна год, толькі мусяць пасьля выехаць за мяжу і вярнуцца назад. Часьцей за ўсё беларусы выяжджалі ў Турэччыну і вярталіся ў той жа дзень.
Алеся праверыла тэрмін дзеяньня пашпартоў — яна мае дзейсны дакумэнт да 2030 году, сын да 2026-га.
«Запас часу ў нас ёсьць. Раней мы і не хваляваліся, каб замяніць сыну пашпарт. У 2021 годзе я зьвярталася ў беларускае консульства з пытаньнем аб замене пашпарта для сына. Мне вельмі ветлівая жанчына сказала, што няма аніякіх праблемаў — плачу каля 100 эўра і праз 4 месяцы маю новы пашпарт. Цяпер усё. Усім нашым, хто быў запісаны на прыём, каб атрымаць даверанасьці, іншыя дакумэнты, патэлефанавалі і адмянілі прыём у консульстве», — кажа беларуска.
Праблема для беларусаў яшчэ і ў тым, кажа Алеся, што ў Грузіі няпроста атрымаць турыстычную візу ў краіны Эўропы. Для гэтага трэба мець дазвол на жыхарства.
«Яго не заўсёды ці вельмі рэдка даюць нават беларусам, якія маюць тут нерухомасьць, бізнэс, плацяць падаткі. Добра, што пакуль не выганяюць, хоць і гэта ўмоўна. Бо былі выпадкі, калі людзі ехалі ў Турэччыну, каб „абнуліць“ тэрмін знаходжаньня, і не вярталіся адтуль — іх проста не ўпускалі ў Грузію», — тлумачыць суразмоўца.
Яна вырашыла налета пераяжджаць з сынам у Польшчу. Прычына — легалізацыя.
«Усё-ткі ў Грузіі ў нас няма спакою ў тым пляне, што можам паехаць „абнуліцца“ у Турэччыну. А раптам назад нас ня пусьцяць, і дзе потым бадзяцца? Ды і хто гарантуе, што заўтра будзе ў Грузіі зь беларусамі? Можа, высылаць пачнуць», — кажа Алеся.
«Будзем спрабаваць задаваць пытаньні грузінскім чыноўнікам»
Кіраўнік грамадзкай арганізацыі «Беларуская дыяспара ў Аджарыі» Аляксей Балашоў кажа, што пасьля інфармацыі пра «пашпартны» ўказ многія беларусы ўзрушаныя, а шмат хто і ў паніцы. Некаторыя маюць запас часу — пашпарты з адносна доўгім тэрмінам дзеяньня. Іншыя заклапочаныя тым, што ў дзяцей заканчваецца тэрмін дзеяньня пашпартоў.
«Легальнага спосабу застацца ў Грузіі, калі скончыўся тэрмін дзеяньня пашпарта, няма. Тут тры варыянты: паехаць у Беларусь (але для многіх гэта непрымальнае рашэньне), ехаць у краіны Эўразьвязу ці падавацца тут на міжнародную абарону. Апошняе — праблема. Бо пакуль мы ня мелі станоўчых адказаў на запыты беларусаў аб абароне ў Грузіі. Але і мала людзей падаваліся на атрыманьне такога статусу, бо ляяльнае візавае заканадаўства дазваляла гэтага не рабіць», — тлумачыць Аляксей Балашоў.
Ён кажа, што пакуль сытуацыю дыяспара абмяркоўвае з грамадзкай супольнасьцю Грузіі. «Будзем прынамсі задаваць пытаньні грузінскім чыноўнікам, куды зможам дакрычацца. Грузія ж зьбірацца стаць кандыдатам на ўступленьне ў ЭЗ, таму так ці інакш чыноўнікам ня ўдасца проста махнуць на нас рукой», — гаворыць суразмоўца.
Ён дадаў, што ў найбольш уразьлівым стане цяпер тыя беларусы, якія купілі ў Грузіі нерухомасьць, пачалі бізнэс, аддалі дзяцей у школу.
«Буду падавацца на міжнародную абарону»
Марыя жыве ў Грузіі з сынам-першаклясьнікам. У яго налета скончыцца пашпарт. Для яе было шокам, што цяпер нельга зрабіць у консульстве пашпарт для дзіцяці. Сын ідзе ў грузінскую школу, значыць, можа атрымаць часовы дазвол на жыхарства «па вучобе». Але што далей? Калі ў сына будзе пашпарт, «старэйшы» за тры месяцы да канца тэрміну дзеяньня, яму нават візы не паставяць.
Марыя вырашыла застацца ўсё ж у Грузіі і падавацца на міжнародную абарону. «Дагэтуль я нават падатак плаціла ў Беларусі на аўтамабіль, які, хоць і запісаны на мяне, але фізычна не існуе. Нават той падатак заплаціць было цяжка, але я старалася знайсьці нейкія спосабы. Цяпер той аўтамабіль я не магу нават з уліку зьняць, паводле новага ўказу», — дадала Марыя.
«Чаканьне статусу ўцекача — ад 6 да 21 месяца»
Праваабаронца Раман Кісьляк кажа, што ў Грузіі ёсьць магчымасьць падавацца на атрыманьне статусу ўцекача ці міжнароднай абароны. На практыцы, дадае ён, мала беларусаў рабілі такое. Па законе разгляд справы можа цягнуцца ад 6 да 21 месяца. Адмову можна абскардзіць.
«Просьбіт прытулку мае права на экстраную мэдыцынскую дапамогу і мае легальны статус у Грузіі на той час, пакуль чакае прытулку ці абскарджвае адмову. На гэты час ён можа працаваць ці вучыцца, гэта дазволена», — тлумачыць праваабаронца.
Ён дадаў, што пасьля 2020 году Грузія для беларусаў была ў асноўным транзытнай краінай, дзясяткі тысяч беларусаў прыехалі сюды, але затым выехалі далей, у краіны Эўропы. Але, паводле грузінскай статыстыкі на вясну 2023 году, у Грузіі жыве 13 тысяч беларусаў.
«Я толькі такую магу даць параду тым, у каго можа скончыцца пашпарт у Грузіі, у сувязі з новым указам: ці падавацца на візу і ехаць у краіны ЭЗ, ці падавацца тут на прытулак», — кажа Раман Кісьляк.
- Нацыянальная статыстычная служба Грузіі апошні раз давала зьвесткі аб беларусах увесну. Іх налічылі каля 13 тысяч. Беларусы былі трэцяй па колькасьці групай іншаземцаў у Грузіі (пасьля ўкраінцаў і расіянаў).
- Па зьвестках Інстытуту разьвіцьця свабоды інфармацыі (IDFI), з сакавіка па чэрвень 2022 году ў Грузіі засталіся жыць каля 15 тысяч беларусаў. У параўнаньні з сакавіком-чэрвенем 2019 году гэта на 11 тысяч больш.