На сайце радыёстанцыі разьмясьцілі інфармацыю пра колькасьць палітычных зьняволеных у Беларусі ды іншую статыстыку рэпрэсій, паведамляе тэлеграм-канал Кібэрпартызанаў.
«Усе незалежныя СМІ з 2020 году былі вымушаныя спыніць сваю дзейнасьць у Беларусі. Цяпер беларусы альбо адрэзаныя ад праўдзівых навінаў, альбо вымушаныя з рызыкай для свабоды ўпотай чытаць „экстрэмісцкія“ рэсурсы. 5 верасьня 2020 г. адзін з заснавальнікаў Кібэрпартызанаў апублікаваў на прадзяржаўных рэсурсах рэальную інфармацыю аб дыктатуры і барацьбе ў Беларусі. Падтрымліваем традыцыю», — паведамляюць кібэрпартызаны.
Сёньня кібэрпартызаны ўзламалі сайт беларускага Чырвонага Крыжа і разьмясьцілі на ім інфармацыю пра датычнасьць арганізацыі да вывазу дзяцей з Украіны і супрацоўніцтва з уладамі.
- Радыё «Мир» — музычна-інфармацыйная радыёстанцыя. Як паведамляецца на яе старонцы ў фэйсбуку, «уласныя карэспандэнты радыёстанцыі асьвятляюць працу ўсіх дзяржаўных органаў улады, працуюць у прэзыдэнцкім „пуле“, у парлямэнце і Савеце міністраў рэспублікі, МЗС, ЦВК, штаб-кватэры СНД».