Як нагадвае праваабарончы цэнтар «Вясна», музыкаў вядомага беларускага гурту TOR BAND Яўгена Бурло, Дзьмітрыя Галавача і Андрэя Ярэмчыка затрымалі 28 кастрычніка 2022 году разам з жонкамі і спачатку абвінавацілі паводле артыкула 19.11 КаАП («распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Спачатку ім некалькі разоў запар прызначалі 15 сутак арышту за ўдзел у здымках кліпаў, а затым перавялі ў СІЗА.
У залежнасьці ад ролі кожнага іх абвінавачваюць паводле чатырох крымінальных артыкулаў:
- ч. 3 арт. 130 КК (распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці);
- ч. 1 і ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім);
- арт. 369-1 КК (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь);
- арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі).
TOR BAND займеў папулярнасьць у Беларусі на хвалі пратэстаў 2020 году. Многія песьні музыкаў былі гітамі зь мільёнам праглядаў. Вядомасьць здабылі творы «Жыве», «Уходи», «Кто, если не ты?», «Мы не народец». У 2021–2022 гадах музыкі таксама выпусьцілі творы «Dead Мороз», «Мы станем сильней!», «Родная зямля», «Я нарадзіўся тут».
Інфармацыйную прадукцыю, сацыяльныя сеткі і лягатып гурту TOR BAND задняй датай назвалі «экстрэмісцкімі матэрыяламі», у студзені 2023 году гурт прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем». У сьпіс «удзельнікаў экстрэмісцкага фармаваньня» ўнесьлі ня толькі музыкаў, але і жонку саліста Юлію Галавач, хоць яна ў гурце ня грала.
Пасьля адбыцьця арыштаў і выплаты штрафу блізкія музыкаў выйшлі на волю. Удзельнікі гурту Дзьмітры Галавач, Яўген Бурло і Андрэй Ярэмчык адбылі арышт тройчы па 15 дзён запар, пасьля чаго ім выставілі крымінальнае абвінавачаньне.