Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апэрацыя «Сініца». Ва ўкраінскай выведцы расказалі, як расейскі пілёт на вайсковым верталёце ўцёк ва Ўкраіну


Расейскі верталёт Мі-8. Ілюстрацыйнае фота
Расейскі верталёт Мі-8. Ілюстрацыйнае фота

Галоўным матывам свайго ўчынку расейскі пілёт назваў катэгарычнае непрыняцьце агрэсіі Расеі супраць Украіны і нежаданьне ўдзельнічаць у ваенных злачынствах.

У Галоўным упраўленьні выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны назвалі імя расейскага пілёта, які разам зь верталётам Мі-8 уцёк ва Ўкраіну.

У выведцы паведамілі, што згон верталёта адбыўся ў межах апэрацыі «Сініца», а расейскага пілёта завуць Максім Кузьмінаў. Ён камандаваў экіпажам у званьні капітана. Два іншыя члены экіпажу адмовіліся здавацца ў палон і загінулі.

«Я зьвязаўся з прадстаўнікамі выведкі Ўкраіны, патлумачыў сытуацыю. Мне прапанавалі гарантыі бясьпекі, новыя дакумэнты, грашовую кампэнсацыю. Абмеркавалі дэталі і пачалі плянаваць непасрэдна мой пералёт», — расказаў 28-гадовы расейскі пілёт. Ён служыў у 319-м асобным верталётным палку армейскай авіяцыі ў Прыморскім краін Расеі.

Галоўным матывам свайго ўчынку Максім Кузьмінаў назваў катэгарычнае непрыняцьце агрэсіі Расеі супраць Украіны і нежаданьне ўдзельнічаць у ваенных злачынствах.

«Тое, што цяпер адбываецца, — гэта проста генацыд украінскага народу, як украінскага, так і расейскага. Падстава майго ўчынку ў тым, каб не спрыяць гэтым злачынствам. Я цудоўна ведаю, чым гэта скончыцца: Украіна адназначна пераможа ў гэтай вайне проста таму, што народ моцна згуртаваўся. Увесь сьвет дапамагае, таму што разумее, што найперш трэба цаніць жыцьцё чалавека... Ніхто ня хоча гэтай вайны», — патлумачыў расеец.

Паводле яго, украінская выведка змагла арганізаваць для пралёту верталёта бясьпечны калідор.

«Я зразумеў, што знаходжуся побач зь мяжой, я перадаў сваё месцазнаходжаньне. [...] Пераляцеў на вельмі малой вышыні ў рэжыме радыёмаўчаньня. Ніхто ня ведаў, што са мной. Мабыць, дні 3-4 ніхто не разумеў, што адбылося. Пераляцеў пасьпяхова, прызямліўся», — дадаў Максім Кузьмінаў.

Пілёт заклікаў сваіх расейскіх калег пераймаць ягоны прыклад. «Вы зусім не пашкадуеце. Вы проста адкрыеце для сябе сьвет фарбаў. І памятайце: вы проста шмат чаго ня ведаеце, ня бачылі, як жывуць іншыя людзі. Калі вы сапраўды нешта адкрыеце, вы кардынальна зьменіце сваю думку», ― заявіў расейскі пілёт.

У Галоўным упраўленьні выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны падкрэсьлілі, што ўкраінская дзяржава гарантуе бясьпеку расейскім вайскоўцам, якія пераправяць ва Ўкраіну спраўную авіятэхніку, а таксама грашовае ўзнагароджаньне.

Апэрацыя «Сініца» ішла некалькі месяцаў і праходзіла ў рэжыме надзвычайнай сакрэтнасьці. Да яе рэалізацыі сям’ю пілёта вывезьлі ва Ўкраіну.

«Два іншыя члены экіпажу, якія ня ведалі аб рэальных плянах пілёта, ухвалілі рашэньне не здавацца ў палон і загінулі адразу пасьля пасадкі», — удакладнілі ў выведцы.

Першая інфармацыя аб «выкрадзеным» вайсковым верталёце зьявілася ва ўкраінскіх СМІ 23 жніўня. Тады паведамілі, што расейскі верталёт Мі-8 «выбавілі» на тэрыторыю Ўкраіны разам з запчасткамі да самалётаў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG