Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, што Зяленскі ўзнагародзіў ордэнам «За мужнасьць» яшчэ аднаго загінулага беларускага добраахвотніка


Зьміцер «Ганс» Рубашэўскі загінуў у Луганскай вобласьці
Зьміцер «Ганс» Рубашэўскі загінуў у Луганскай вобласьці

30-гадовы Зьміцер «Ганс» Рубашэўскі загінуў 12 красавіка 2022 году падчас баёў у Луганскай вобласьці.

Фонд «Вольная Беларусь», зарэгістраваны ў Львове (Украіна), паведаміў, што яшчэ аднаго беларускага добраахвотніка, які загінуў ва Ўкраіне, пасьмяротна ўзнагародзілі ордэнам «За мужнасьць» трэцяй ступені.

«Атрымалі адказ на пададзены намі зварот аб узнагароджаньні званьнем Героя Ўкраіны (пасьмяротна) беларускага добраахвотніка Зьмітра Рубашэўскага, пазыўны „Ганс“. Указам прэзыдэнта Ўкраіны ад 30 чэрвеня 2022 году жаўнер Рубашэўскі Зьміцер адзначаны дзяржаўнай узнагародай Украіны — ордэнам „За мужнасьць“ трэцяй ступені», — адзначаецца ў паведамленьні фонду.

30-гадовы Зьміцер «Ганс» Рубашэўскі загінуў 12 красавіка 2022 году падчас баёў у Луганскай вобласьці. Быў у складзе ротнай тактычнай групы, якая рабіла вылазкі ў тыл праціўніка. Перад сьмерцю «Ганс» зьнішчыў камандзіра расейскай групы.

Рубашэўскі родам зь Берасьця. Вучыўся ў будаўнічай вучэльні. Ваяваў з 2015 году. Прыехаў у Львоў на футбольны матч зборных Беларусі і Ўкраіны, так і застаўся.

Ваяваў у шэрагах «Правага сэктару». За абарону шахты Бутаўка меў грамадзкую узнагароду «Народны герой Украіны». Рубашэўскі меў некалькі раненьняў. У 2019 годзе ў баях страціў вока. Пасьля раненьня яго даглядала сястра загінулага пабраціма. У хуткім часе яны пабраліся шлюбам, нарадзілася дачка.

Жыў у Львоўскай вобласьці. Пазыўны «Ганс» меў за нямецкую каску часоў Другой сусьветнай вайны. Апошнім часам служыў у складзе 24-й асобнай мэханізаванай брыгады князя Данілы Галіцкага.

Раней стала вядома, што прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі сваім указам ад 10 траўня 2023 году ўзнагародзіў ордэнамі «За мужнасьць» трэцяй ступені беларускіх добраахвотнікаў Эдуарда Лобава і Данііла Ляшука.

У красавіку 2022 году званьне Героя Ўкраіны пасьмяротна прысвоілі беларускаму добраахвотніку Аляксею Скоблю, які загінуў 13 сакавіка 2022 году, прыкрываючы адыход сваіх байцоў пад Кіевам. Яго пахавалі ў Кіеве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG