Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нобэлеўскі фонд адклікаў запрашэньні амбасадарам Беларусі і Расеі на ўручэньне прэміяў у Стакгольме


Нобэлеўскі фонд адклікаў запрашэньні амбасадарам з Расеі, Беларусі і Ірану на цырымонію ўручэньня прэмій з прычыны «бурнай рэакцыі», вынікае з заявы на сайце арганізацыі ад 2 верасьня.

Першапачатковае рашэньне запрасіць на цырымонію ўсіх амбасадараў у фондзе патлумачылі жаданьнем «як мага шырэй распаўсюджваць каштоўнасьці і сэнсы, якія ўвасабляе Нобэлеўская прэмія — напрыклад, з дапамогай выразнага палітычнага пасланьня мінулага году, калі прэмію міру прысудзілі змагарам за правы чалавека з Расеі і Беларусі».

У арганізацыі заявілі, што ўлічылі «рэзкую рэакцыю» Швэцыі, у сталіцы якой сёлета пройдзе цырымонія.

«Таму мы вырашылі паўтарыць леташняе выключэньне са звычайнай практыкі, гэта значыць не запрашаць амбасадараў Расеі, Беларусі і Ірану на цырымонію ўручэньня Нобэлеўскай прэміі ў Стакгольме», — гаворыцца ў апублікаванай на сайце фонду заяве.

Пры паведамляецца, што амбасадараў трох краін «запросяць на цырымонію ў Осла».

Пяць з шасьці цырымоній уручэньня Нобэлеўскай прэміі штогод праходзяць у Стакгольме, а Нобэлеўская прэмія міру ўручаецца ў Осла.

Летась Нобэлеўскі фонд заявіў, што паслоў Расеі і Беларусі не запросяць з прычыны расейскай агрэсіі супраць Украіны. Сёлета арганізатары зьмянілі рашэньне і 1 верасьня заявілі, што амбасадараў Беларусі і Расеі запрасілі на банкет з нагоды ўручэньня Нобэлеўскіх прэмій.

Пасьля гэтага швэдзкі дэпутат Эўрапарлямэнту ад Лібэральнай партыі Карын Карлсбра абвінаваціла Фонд у стварэньні «небясьпечнага прэцэдэнту», а афіцыйны прадстаўнік МЗС Украіны Алег Нікаленка заявіў, што прысутнасьць расейскага і беларускага амбасадараў толькі ўзмоцніць упэўненасьць гэтых дзяржаў у сваёй беспакаранасьці.

Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская заклікала Нобэлеўскі фонд і Нобэлеўскі камітэт не запрашаць «прадстаўнікоў нелегітымнага рэжыму Лукашэнкі ні на якія мерапрыемствы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG