У Дзяржаўнай памежнай ахове Латвіі паведамілі, што цягам 2023 году дазволілі ўезд у краіну з гуманітарных меркаваньняў 315 грамадзянам, аднак не ўдакладнілі паходжаньня гэтых асобаў.
Тром грамадзянам Расеі і аднаму грамадзяніну Ўкраіны адмовілі ва ўезьдзе на тэрыторыю Латвіі зь меркаваньняў бясьпекі — іх вярнулі ў краіны, зь якіх яны спрабавалі ўехаць на латвійскую тэрыторыю.
«У часе правядзеньня захадаў іміграцыйнага кантролю ўнутры краіны выявілі пяць грамадзян, якія парушылі правілы ўезду або знаходжаньня ў Латвіі, у тым ліку двух грамадзян Расеі і па адным — Латвіі, Беларусі і Літвы», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.
За парушэньні ў галіне транспартных сродкаў і навігацыйнага абсталяваньня супрацоўнікі Дзяржаўнай памежнай аховы прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці або забаранілі перасякаць мяжу 14 асобам: шасьці грамадзянам Беларусі, двум — Латвіі, па адным — Расеі, Літвы, Бэльгіі, Казахстану, Украіны і Ўзбэкістану. У чым канкрэтна палягалі парушэньні, афіцыйна не паведамляецца.