Паводле сацыёлягаў, ва Ўкраіне ў грамадзтве дамінуе думка аб тым, што Беларусь зьяўляецца акупаванай Расеяй краінай, але беларуская дзяржава мусіць выплаціць кампэнсацыю за свой саўдзел у расейскай агрэсіі і нанесеную шкоду.
Як сьведчаць вынікі сацыялягічнага апытаньня, праведзенага ўкраінскай кампаніяй Active Group 26 жніўня пры дапамозе онлайн-панэлі зSunFlower Sociology, больш за 76% рэспандэнтаў назвалі Беларусь «выключна» і «пераважна» акупаванай краінай.
На пытаньне аб тым, ці павінна Беларусь выплачваць кампэнсацыю Ўкраіне ў выпадку прыходу да ўлады дэмакратычных сілаў, 41,4 % апытаных адказалі, што Беларусь мусіць кампэнсаваць шкоду на роўных з Расеяй, 45,7% — на меншым, чым Расея, узроўні, а 12,9% перакананыя, што не павінна выплачваць кампэнсацыю.
Згодна з вынікамі апытаньня, 45,7% рэспандэнтаў заявілі, што ўлады Ўкраіны робяць недастаткова для таго, каб прыцягнуць да адказнасьці Аляксандра Лукашэнку, і толькі 4,5% апытаных лічаць такія захады дастатковымі.