Камандуючы Аб’яднанымі сіламі Ўкраіны Сяргей Наеў, які адказвае за паўночны апэрацыйны кірунак, заявіў, што правядзеньне на тэрыторыі Беларусі вайсковых вучэньняў Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы «Баявое братэрства – 2023» зьяўляецца аспэктам павелічэньня небясьпекі.
«Паводле вайсковай навукі мы заўсёды рэагуем на любыя зьмены ў апэратыўнай баявой абстаноўцы. [...] Для нас любыя дзеяньні з боку ворага, у тым ліку правядзеньне вучэньняў на іхнай тэрыторыі, — гэта пэўны аспэкт павелічэньня небясьпекі», — заявіў Сяргей Наеў.
Камандуючы Аб’яднанымі сіламі Ўкраіны паведаміў, што ўкраінскія войскі атрымалі «дакладныя заданьні ўва ўзмацненьні аховы дзяржаўнай мяжы Ўкраіны і пільнасьці на ўсіх баявых пазыцыях. Мы ўсьведамляем, што ад ворага можна чакаць чаго заўгодна. Але ён павінен разумець, што мы заўсёды гатовы да адпаведнага рэагаваньня», — дадаў ён.
У рамках комплексу апэратыўна-тактычных вучэньняў АДКБ «Баявое братэрства» 1–6 верасьня на тэрыторыі Беларусі пройдуць:
- манэўры «Узаемадзеяньне» (сумеснае ўрэгуляваньне крызіснай сытуацыі);
- «Пошук» (узаемадзеяньне выведак), «Эшалён» (дзеяньні сіл і сродкаў матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня);
- «Бар’ер» (сумесная работа фармаваньняў радыяцыйнай, хімічнай і біялягічнай абароны;
- і «Скала» (дзеяньні ратавальнікаў краін АДКБ пры ядзернай аварыі).
Чакаецца ўдзел 2,5 тысячы вайскоўцаў і звыш 500 адзінак вайсковай і спэцыяльнай тэхнікі. Будуць задзейнічаныя палігоны і ўчасткі мясцовасьці Берасьцейскай, Горадзенскай і Менскай абласьцей.
Арганізацыя Дамовы аб калектыўнай бясьпецы — вайскова-палітычны блёк.
У АДКБ уваходзяць Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Расея і Таджыкістан.