Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«40% палітвязьняў — моладзь». Размова з дарадцай Ціханоўскай у моладзевай палітыцы пра эйджызм, альтэрнатыву БРСМ і моладзевыя квоты


Марго Ворыхава
Марго Ворыхава

Як бачыць свае пэрспэктывы беларуская моладзь у краіне і за мяжой і як ёй могуць дапамагчы дэмакратычныя сілы?

Расказвае Марго Ворыхава, дарадца Сьвятланы Ціханоўскай па моладзевай палітыцы і студэнтах. Гаворым пра тое, чым яна будзе займацца, пра 627 маладых палітвязьняў, а таксама пра тое, у якія замежныя краіны і якія ВНУ ёсьць шанец трапіць моладзі зь беларускімі пашпартамі.

Глядзець размову на відэа цалкам.

Тут фрагмэнты размовы

«У Беларусі было даволі шмат эйджызму»

— Колькі моладзі сярод прызнаных палітвязьняў?

— 627 палітзьняволеных, або 40% ад усіх палітзьняволеных, — гэта маладыя людзі да 25 гадоў. Што да дапамогі і падтрымкі, то гэта аднолькава для ўсіх палітвязьняў — лісты, данаты, апякунства над палітвязьнямі.

Марго Ворыхава, дарадчыца Сьвятланы Ціханоўскай у пытаньнях моладзі і студэнцтва
Марго Ворыхава, дарадчыца Сьвятланы Ціханоўскай у пытаньнях моладзі і студэнцтва

— Як часта вы сутыкаліся з эйджызмам, калі вас недаацэньвалі альбо дыскрымінавалі з прычыны маладога ўзросту? У Беларусі, на эміграцыі?

— Так, у Беларусі было даволі шмат эйджызму. У тым ліку з боку адміністрацыі ва ўнівэрсытэце, у школе. Калі я спрабавала рабіць нейкія праекты, ініцыятывы, мне заўсёды казалі: «Вось ты спачатку скончы ўнівэрсытэт, а потым займайся, чым табе хочацца, у цябе адна мэта — вывучыцца, атрымаць як мага больш нашай цудоўнай савецкай адукацыі, а потым ужо займацца сур’ёзнымі справамі». І гэта можна толькі рабіць, калі табе 35, 40 гадоў.

Заўсёды было прынята ў краіне, што ў палітыку калі і ісьці, то не маладым, а хутчэй людзям, якія набраліся досьведу. Вельмі прыемна бачыць, як гэтае стаўленьне мяняецца пры ўезьдзе ў Эўразьвяз, калі ты кантактуеш з больш устойлівымі дэмакратычнымі структурамі, у якіх разумеюць, што моладзь цудоўная група і яе трэба ўцягваць у розныя працэсы. У розных краінах ЭЗ ёсьць устойлівыя практыкі ўвядзеньня квотаў, уцягваньня моладзі ў працэс прыманьня рашэньняў. Абавязкова ў парлямэнце павінна быць пэўная колькасьць моладзі ў суадносінах.

Моладзь — самыя ідэйныя, самыя актыўныя, вельмі адукаваныя і разумныя людзі, якіх трэба ўцягваць ва ўсе працэсы. Хочацца, каб у нас да моладзі было такое ж стаўленьне. Бо гэтыя людзі будуць рухаць нашу краіну наперад, а ня тыя, каму трэба набрацца досьведу і толькі пасьля ўцягвацца ў розныя працэсы. Мы страчваем тады вялікі пласт энэргіі, рэсурсу і матывацыі.

Марго Ворыхава
Марго Ворыхава

— Як шмат маладых людзей у камандзе Ціханоўскай?

— Насамрэч вялікі адсотак каманды — маладыя людзі. Гэта радуе і паказвае, што моладзь, калі даць прастору і магчымасьць удзельнічаць, займае самую актыўную пазыцыю, ня толькі ў Офісе Ціханоўскай, але і ў Каардынацыйнай радзе (ёсьць моладзевая фракцыя і моладзевая кааліцыя).

«Была вымушаная выехаць зь Беларусі пасьля масавай ліквідацыі недзяржаўных арганізацый»

— Пра ваша прызначэньне стала вядома менш як месяц таму на канфэрэнцыі «Новая Беларусь 2023». Колькі вам гадоў, дзе вы вучыліся, які ваш досьвед, кампэтэнцыі, актыўнасьць?

Марго Ворыхава (у цэнтры)
Марго Ворыхава (у цэнтры)

— Мне 22 гады. Я была і застаюся прэзыдэнткай Беларускага нацыянальнага моладзевага савету «Рада». У «Раду» ўваходзяць 38 арганізацый розных кірункаў (культурныя, ЛГБТ, экалягічныя, адукацыйныя ініцыятывы ды іншыя). Я займалася і займаюся прасоўваньнем моладзевых пытаньняў на розных узроўнях. Большую частку часу аддаю міжнароднай працы ў розных структурах — прадстаўляю «Раду» ў кантактнай групе Рады Эўропы і ў Каардынацыйнай радзе Эўразьвязу. Акрамя гэтага, мы прадстаўляем беларусаў на Эўрапейскім моладзевым форуме. Там я займаюся распрацоўкай рэзалюцый, дакумэнтаў, справаздачаў аб правах моладзі ў Беларусі. Сёлета ў лістападзе мы прадставім на разгляд рэзалюцыю па маладых палітвязьнях. Я таксама была ўдзельніцай Эўрапейскага моладзевага парлямэнту ў Беларусі і Задзіночаньня беларускіх студэнтаў.

Гэта ўсё валянтэрская дзейнасьць. Акрамя гэтага, я працую ў IT-кампаніі, але цяпер завяршаю там працу і пераходжу цалкам у Офіс Сьвятланы Ціханоўскай. Два гады я вучылася ў Беларускім дзяржаўным эканамічным унівэрсытэце на факультэце эканомікі і мэнэджмэнту, год адвучылася ў ЭГУ на міжнароднай эканоміцы і палітыцы. Была вымушаная выехаць зь Беларусі пасьля масавай ліквідацыі недзяржаўных арганізацый у 2021 годзе.

— Да вас прадстаўніцай Ціханоўскай у справах моладзі і студэнтаў была Алана Гебрэмарыям (да таго, як трапіла за краты), далей гэтая пазыцыя была вакантная, і цяпер яе занялі вы. Маглі б расказаць, чым вы будзеце займацца?

— Я бачу маю пазыцыю як абʼяднальную для ўсяго моладзевага сэктару, каб сфармаваць у моладзевых арганізацый, маладых людзей у цэлым разуменьне таго, якая праца вядзецца на розных узроўнях у моладзевым сэктары і як яны могуць стаць часткай усеагульнага моладзевага руху. Адпаведна, каб сфармаваць ва ўсёй грамадзянскай супольнасьці разуменьне таго, як моладзь Беларусі прасоўвае беларускі парадак дня, колькі рэсурсаў мы ўкладаем у гэты рух, якія ёсьць структуры ў рамках гэтага руху, як яны ўсе аб’ядноўваюцца і ўзаемадзейнічаюць.

Я буду займацца распрацоўкай моладзевай палітыкі — дакумэнта, які быў бы ўмоўна тэхнічнай візіяй беларускай моладзі пра тое, як павінен выглядаць наш сэктар у Беларусі, калі яна будзе дэмакратычнай і прававой. Будзе праца па кірунках — дапамога маладым палітвязьням, даваньне магчымасьці адукацыі для беларускай моладзі, а таксама каб беларуская моладзь была уключаная ў працэс прыняцьця рашэньняў на розных узроўнях у розных краінах і ў розных структурах.

Марго Ворыхава
Марго Ворыхава

— Лукашэнка шмат гадоў мае БРСМ, даволі шмат людзей робяць карʼеру праз гэтую арганізацыю. Ці патрэбная ўвогуле моладзевая арганізацыя?

— Я думаю, што патрэбная. Але я субʼектыўная, бо я прэзыдэнтка «Рады», якая аб’ядноўвае многія моладзевыя арганізацыі ў адзіную структуру і рух. Яна не ахоплівае ўвесь пул арганізацый, якія існуюць у Беларусі, але хацелася б абʼядноўваць як мага болей моладзевых арганізацый пад адну структуру... У мяне ёсьць досьвед камунікацыі як з арганізацыямі ўнутры Беларусі, так і па-за Беларусьсю. Мая пасада прадугледжвае аб’яднаньне і зьмяншэньне разрыву паміж гэтымі групамі.

Зьяжджаць ці заставацца моладзі?

— Многія людзі ў Беларусі рыхтуюцца да ад’езду ў іншыя краіны, і іх матывацыя найперш тычыцца дзяцей, якія ў Беларусі трапляюць у вельмі ідэалягізаванае асяродзьдзе, унівэрсытэты становяцца не ўстановамі адукацыі, а палітычнымі і прапагандысцкімі ўстановамі. Які ваш адказ у гэтым няпростым выбары — заставацца ці ехаць?

— Абодва выбары ня самыя простыя. Памятаю свае сумневы, калі я пакідала Беларусь. Я разумею, што краіна мяняецца. І я са сваёй пазыцыяй чалавека, які знаходзіцца два гады не ў Беларусі, не магу даваць прамых парадаў. У кожнай пазыцыі ёсьць умовы, пры якіх зьяжджаюць і ў якія пераяжджаюць. Зь сямʼёй зьяжджаць значна больш складана, чым аднаму. Вывучэньне мовы, легалізацыя — праз гэта цяжка праходзіць. Я не хачу раіць, але калі застаяцеся ў Беларусі, то важна засьцерагаць дзяцей ад ідэалягічнага ўплыву і даваць нейкую альтэрнатыву. Важна ўплываць і адукоўваць унутры сямʼі, расказваць падчас кухонных размоваў, што насамрэч адбываецца ў краіне, што адбывалася некалькі гадоў таму на вуліцах нашых гарадоў. Хаця б такія малыя крокі дапамогуць, каб моладзь разумела, што адбываецца, і была ў кантакце ў тым ліку і з дэмакратычнымі сіламі. А калі наважыцеся выяжджаць, то гэта запатрабуе вялікіх сілаў. Гэта складаны працэс, але заўсёды ёсьць арганізацыі, якія могуць дапамагчы ў ім.

Марго Ворыхава
Марго Ворыхава

— Вядома, наколькі складана моладзі зь беларускімі пашпартамі трапіць у ЭЗ, стаць студэнтамі. У той жа Чэхіі Сьвятлана Ціханоўская зь вялікай цяжкасьцю змагла паспрыяць, каб беларускія студэнты мелі магчымасьць атрымліваць візы, вучыцца і нават мець стыпэндыі. Але гэта вельмі невялікая колькасьць людзей, літаральна некалькі дзясяткаў. Як бы вы параілі, у якія краіны, у якія ВНУ ёсьць шанец трапіць моладзі зь беларускімі пашпартамі?

— Ёсьць розныя праграмы ў розных унівэрсытэтах, трэба вывучаць патрабаваньні. Ёсьць спэцыялізаваныя праграмы для маладых беларусаў. Самая простая опцыя, на мой погляд, — ЭГУ, куды даволі проста паступіць без высокага ўзроўню ангельскай мовы. Можна напісаць у офіс Сьвятланы Ціханоўскай дарадцы ў адукацыі і атрымаць кансультацыю аб праграмах, адкрытых для беларусаў. Такім чынам можна падабраць ВНУ, якая можа прапанаваць больш інклюзіўныя ўмовы для таго, хто жыве ў Беларусі.

Марго Ворыхава
Марго Ворыхава

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG