Пра гэта паведаміў партал «Зеркало», які знайшоў адпаведную інфармацыю ў банку судовых рашэньняў. Як вынікае з дакумэнту, прысуд ім вынесьлі яшчэ 6 чэрвеня 2023 году.
Прозьвішчы лекараў дакладна не вядомыя, бо ў апублікаваным прысудзе прыводзяцца толькі ініцыялы. Усе яны працавалі ў Менскім абласным шпіталі: М. і А. былі там у штаце, а Б., будучы дацэнтам катэдры траўматалёгіі і артапэдыі БелМАПА, прымаў у шпіталі пацыентаў і праводзіў апэрацыі.
А. абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 433 Крымінальнага кодэксу (прыняцьце работнікам дзяржаўнай арганізацыі, які не зьяўляецца службовай асобай, незаконнага ўзнагароджаньня за дзеяньне ў рамках сваіх службовых паўнамоцтваў), а таксама па ч. 2 гэтага ж артыкула (тое ж у буйным памеры). М. і Б. прад’явілі абвінавачаньне толькі па ч. 2 арт. 433 КК.
Усіх траіх затрымалі ў 2022 годзе і зьмясьцілі пад варту, але потым вызвалілі і дазволілі ім працаваць.
У чэрвені па выніках судоў М., Б. і А. прызначылі па два з паловай гады «хатняй хіміі» са штрафам 500 базавых велічынь кожнаму (18 500 рублёў) без пазбаўленьня права займаць пэўныя пасады. Пры гэтым паводле амністыі кожнаму зьнялі па годзе пакараньня — засталося 1,5 года абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову.
У чым абвінавачвалі лекараў
М. абвінавацілі ў тым, што ён не пазьней за 2017 год пачаў падтрымліваць адносіны з прадстаўнікамі фірмы ТАА «Медлінк», эксклюзіўным пастаўшчыком у Беларусь якасных нямецкіх эндапратэзаў Waldemar Link, а з 2018 году таксама падтрымліваў кантакты зь фірмай «Джонсан & Джонсан» — пастаўшчыком амэрыканскіх пратэзаў DePuy Synthes.
Сьледзтва палічыла, што ён прымаў адмовы пацыентаў ад усталяваньня эндапратэзаў суглобаў беларускай вытворчасьці (закупленых за бюджэтны кошт, а значыць бясплатных) і правёў ім апэрацыі з ужываньнем платных імпартных пратэзаў. На працягу некалькіх гадоў такіх пацыентаў, якія абралі пратэзы Waldemar Link, было, паводле абвінавачваньня, сама меней 32 чалавекі. А яшчэ 10 чалавек выбралі пратэзы DePuy Synthes.
Паводле абвінавачваньня, у той жа пэрыяд доктар некалькі разоў прыняў ад дырэктара фірмы «Медлінк» і яе прадстаўнікоў незаконнае ўзнагароджаньне ў суме ня менш за 6600 эўра (што складае буйны памер). А яшчэ 150 тысяч расейскіх рублёў (4109 беларускіх) атрымаў ад фірмы «Джонсан & Джонсан».
Абвінавачаньне супраць Б. было ідэнтычнае. Паводле вэрсіі сьледзтва, пасьля кансультацыі 42 яго пацыенты адмовіліся ад бясплатных беларускіх пратэзаў і вырашылі ставіць пратэз Waldemar Link, а яшчэ тры — DePuy Synthes. Ад пастаўшчыкоў нямецкіх пратэзаў, фірмы «Медлінк», доктар нібыта атрымаў сумарна ня менш за 6500 эўра (буйны памер), а ад «Джонсан & Джонсан» — 140 тысяч расейскіх рублёў (3835 беларускіх).
Трэцяму доктару, А., прадʼявілі два абвінавачваньні. Адно — такое ж, як у М. і Б.: што пасьля яго кансультацый 22 пацыенты пагадзіліся на пратэзы Waldemar Link і чатыры — на DePuy Synthes. А за гэта лекар нібыта атрымаў 5600 эўра ад пастаўшчыкоў першых і 1700 даляраў — ад пастаўшчыкоў другіх.
Акрамя таго, паводле другога абвінавачаньня, лекар атрымліваў узнагароджаньне ад саміх пацыентаў, якім ён праводзіў апэрацыі. Адзін з пацыентаў нібыта даў яму 50 даляраў за ўстаноўку пратэза Waldemar Link, а наступным разам яшчэ 300 даляраў — за ўстаноўку беларускага пратэза ад ЗАТ «Алтымед». Яшчэ два пацыенты, паводле сьледзтва, аддзячылі лекару сумамі ў 100 і 200 рублёў за апэрацыю з пратэзам Waldemar Link.
Усе трое дактароў цалкам прызналі віну. М. (які да моманту суду ўжо пералічыў усе атрыманыя грошы ў бюджэт) адзначыў, што пры кансультаваньні пацыентаў тлумачыў ім усе варыянты пратэзаваньня, іх плюсы і мінусы. Паводле яго, ён успрымаў грошы ад фірмаў як узнагароджаньне за якасную ўстаноўку іх пратэзаў. Б. сказаў тое ж самае, але прызнаў, што ўсьведамляў незаконнасьць узнагароджаньня. А. заявіў, што грошы ад пацыентаў прымаў як падзяку за якасную апэрацыю, але разумеў, што гэта парушэньне закону.
На судзе выступілі калегі дактароў. Дырэктар шпіталя пацьвердзіў, што лекары мусілі растлумачыць пацыентам наяўныя опцыі, а ўжо задачай тых было абраць, які менавіта пратэз ім ставіць. Начальнік «станоўча ахарактарызаваў абвінавачаных як урачоў высокай кваліфікацыі».
Суд прызнаў усіх траіх вінаватымі. Іх яўкі з пакаяньнем не залічылі як зьмякчальную акалічнасьць, бо яны былі напісаныя пасьля арышту. Тым ня менш, улічваючы тое, што абвінавачаныя зьяўляюцца высокакваліфікаванымі спэцыялістамі, іх вырашылі не адпраўляць у калёнію.
Справа артапэдаў
- У сакавіку 2022 году ў рамках так званай «справы артапэдаў» затрымалі 35 лекараў па ўсёй Беларусі. Іх абвінавацілі ў атрыманьні хабару за лабіяваньне эндапратэзаў пэўных вытворцаў.
- Прыватным клінікам (за выключэньнем «Мерсі», зьвязанай зь сям’ёй Лукашэнкі) забаранілі ставіць імпартныя пратэзы. «Мерсі» на нейкі час стала адзінай клінікай у Беларусі, якая па-ранейшаму ставіла імпартныя пратэзы, але ў тры разы даражэй, чым да таго ў дзяржаўных бальніцах.
- Пасьля гэтага зьявіўся загад Мінздароўя, паводле якога ўсе імпартныя пратэзы павінны былі набывацца толькі празь дзяржаўнае прадпрыемства «Белмэдтэхніка». Жыцьця пацыентам гэта ніяк не аблягчыла — толькі чэргі на пратэзаваньне суставаў сталі нашмат большыя.
- 27 лютага 2023 кіраўніца сталай камісіі парлямэнту па ахове здароўя, фізкультуры, сямейнай і моладзевай палітыцы Людміла Макарына-Кібак паведаміла, што нямецкія кампаніі адмовіліся пастаўляць у Беларусь пратэзы тазасьцегнавых суставаў і «нават лякалы», на аснове якіх пратэзы выраблялі ў Беларусі. Паводле яе, улады працягваюць перамовы зь імі, а таксама пачалі разглядаць у якасьці магчымых альтэрнатыўных пастаўшчыкоў Кітай і Індыю.
- Сёлета 23 траўня Лукашэнка зрабіў чарговы разнос мэдыкам і загадаў на працягу году зрабіць пратэзаваньне суставаў усім, хто мае ў гэтым патрэбу і стаіць у чарзе.
- У траўні стаў вядомы прысуд двум траўматолягам зь Берасьця, якіх таксама затрымалі ў сакавіку 2022 году і асудзілі паводле падобных абвінавачаньняў. Загадчыка траўматалягічнага аддзяленьня Берасьцейскай цэнтральнай гарадзкой бальніцы Андрэя Варановіча асудзілі на 1,5 года «хатняй хіміі», а былога галоўнага траўматоляга вобласьці Сяргея Кісяля — на 4 гады калёніі з адтэрміноўкай на 2 гады, а таксама на вялізны штраф.