Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Онлайн-кнігарня Knihauka адкрывае дастаўку ў Беларусь


Архіўнае фота. Шыльда офлайн-кнігарні «Кнігаўка» ў Менску, травень 2022 году
Архіўнае фота. Шыльда офлайн-кнігарні «Кнігаўка» ў Менску, травень 2022 году

Праект выдавецтва «Янушкевіч» — інтэрнэт-кнігарня Knihauka.com — запускае дастаўку кніг у Беларусь. Разам з тым у выдавецтве ня могуць гарантаваць, што кнігі дойдуць да пакупнікоў у Беларусі.

Як паведаміла выдавецтва «Янушкевіч» у Фэйсбуку, паштовы апэратар, які будзе адказны за дастаўку кніг у Беларусь, — Польская пошта (Poczta Polska). Замовы на кнігі прымаюць толькі з папярэдняй онлайн-аплатай. Кожны пакупнік атрымае трэк-нумар, каб адсочваць сваю пасылку. У выдавецтве адзначаюць, што ня могуць даць гарантыяў дастаўкі кніг адрасату пасьля перасячэньня беларускай мяжы.

«Мы не нясем адказнасьці пасьля перасячэньня мяжы зь Беларусьсю і не даем гарантыяў, у якім стане да вас дойдуць / ня дойдуць кнігі пасьля кантакту з мытнікамі і супрацоўнікамі „Белпошты“. Грошы назад не вяртаюцца», — тлумачаць у выдавецтве «Янушкевіч» умовы замаўляньня кніг у Беларусь.

Knihauka.com зьвяртае ўвагу, што ўсе іх кнігі выдадзеныя легальна і не зьяўляюцца забароненай для распаўсюду прадукцыяй. «Экстрэмісцкім» у каталёгу кнігарні прызнаны толькі адзін раман — «Апошняя кніга пана А.» Альгерда Бахарэвіча.

«Дзеля ўласнай бясьпекі не замаўляйце гэтую кнігу», — папярэджвае выдавецтва.

Даведацца больш пра ўмовы дастаўкі ў Беларусь або замовіць кнігі можна на сайце кнігарні.

  • На пачатку жніўня беларускае выдавецтва «Янушкевіч» запусьціла сайт Knihauka, на якім можна набыць беларускія кнігі з дастаўкай у 14 краінаў Эўропы. На сайце можна набыць як арыгінальную беларускую літаратуру, гэтак і пераклады, ёсьць і кнігі для дзяцей.
  • 10 студзеня 2023 году выдавецтва «Янушкевіч» пазбавілі ліцэнзіі і права выдаваць кнігі ў Рэспубліцы Беларусь.
  • У сакавіку 2022 году выдаўцоў пазбавілі арандаванага офісу, у траўні таго ж году сілавікі прыйшлі зь ператрусам у іхную кнігарню «Кнігаўка». Тады забралі 200 кніг, 15 найменьняў адправілі на экспэртызу на наяўнасьць у іх «прыкмет экстрэмізму». Дырэктара выдавецтва Андрэя Янушкевіча і супрацоўніцу крамы Насту Карнацкую арыштавалі на 28 і 23 дні адпаведна.
  • Пасьля вызваленьня Андрэй Янушкевіч вымушана зьехаў зь Беларусі ў Польшчу, дзе аднаўляе дзейнасьць свайго выдавецтва.
  • Днямі Беларуская рада культуры паведаміла, што за паўгода ў межах праекту «Беларускія магістраты» сабралі больш за 20 тысяч эўра, неабходныя для аднаўленьня ў Польшчы дзейнасьці выдавецтва Андрэя Янушкевіча.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG