Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве стварылі працоўную групу па разглядзе і рэакцыі на пагрозы зь Беларусі


Літоўскія памежнікі на мяжы зь Беларусьсю
Літоўскія памежнікі на мяжы зь Беларусьсю

У краіне ўжо стварылі плян дзеяньняў. У працоўную групу ўвойдуць прадстаўнікі шэрагу службаў і міністэрстваў.

У Літве ствараюць міжведамасную працоўную групу, якая зоймецца выяўленьнем патэнцыйных пагроз з боку Беларусі. Пра гэта паведамілі ў Нацыянальным цэнтры крызіснага ўпраўленьня. Група таксама будзе выпрацоўваць адказы на гэтыя пагрозы.

«Комплексны міжведамасны плян дзеяньняў, заснаваны на канкрэтных захадах, і яго рэалізацыя дапамогуць справіцца з пагрозамі Літоўскай дзяржаве і насельніцтву. Чакаецца, што з улікам створанай сыстэмы аб’ектыўнага кантролю будуць уведзены розныя захады па зьніжэньні пагроз, такія як, напрыклад, скарачэньне часу працы памежных пунктаў, больш жорсткія праверкі, узмацненьне жорсткасьці кантролю за падакцызнымі таварамі або абмежаваньні на пэўныя транспартныя магутнасьці, індыкатары пагроз.

Дадатковае закрыцьцё пунктаў пропуску або поўнае закрыцьцё мяжы зь Беларусьсю ў якасьці меры таксама будзе прадугледжана пасьля ацэнкі таго, наколькі сыстэма індыкатараў выяўляе пагрозы адпаведнага маштабу», — пракамэнтаваў кіраўнік цэнтру Вільмантас Віткаўскас.

У склад рабочай групы ўвойдуць прадстаўнікі Нацыянальнага цэнтру кіраваньня ў крызісных сытуацыях, міністэрстваў унутраных і замежных спраў, юстыцыі, транспарту, фінансаў, абароны, а таксама прадстаўнікі Дзяржаўнай памежнай службы, Дэпартамэнту міграцыі, Другога ўпраўленьня апэратыўнай службы і Дэпартамэнту дзяржаўнай аховы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG