Гуманітарны калідор для тых грамадзян Беларусі, якіх тэрарызуе рэжым Аляксандра Лукашэнкі, заўсёды будзе адкрыты, заявіў кіраўнік камітэту Сейму Літвы ў нацыянальнай бясьпецы і абароне (КНБА) Лаўрынас Кашчунас 28 жніўня ў эфіры Delfi.
Разам з тым ён чарговы раз паўтарыў, што выступае за ўраўноўваньне нацыянальных абмежаваньняў у адносінах да беларусаў і расейцаў. Сваю пазыцыю ён аргумэнтаваў тым, што ў Літве жыве больш за 58 тысяч грамадзян Беларусі, пры гэтым 910 зь іх былі прызнаны пагрозай нацыянальнай бясьпецы.
Паводле літоўскага дэпутата, у краіну «прыяжджае ня толькі апазыцыя, змагары за свабоду, абаронцы правоў чалавека, якіх тэрарызуе [рэжым] Лукашэнкі і якім заўсёды будзе гуманітарны калідор адкрыты», «пачынаюць прыяжджаць людзі, якія зьвязаныя з рэжымам».
«Я павінен думаць пра сваю дзяржаву, пра сваё грамадзтва. Ня толькі пра маральныя [аспэкты], маўляў, ураўняць [абмежаваньні для беларусаў і расейцаў], не зраўняць... Я разумею, ніхто раўняць вас з Расеяй ня будзе, але нам пра сябе трэба думаць, — сказаў Кашчунас. — Можа, нейкае рашэньне [неабходна прыняць], што ў выдачы візаў, працоўных [дазволаў] трэба крыху паўзу зрабіць?»
Разважаючы аб пэрспэктыве пашырэньня нацыянальных санкцый супраць беларусаў на восеньскай сэсіі парлямэнту, кіраўнік КНБА прызнаў, што «будзе няпроста».
«Адна лібэральная партыя супраць, іншая партыя таксама супраць. Чую, што і ў нашай фракцыі [кансэрватараў] таксама ўсялякае ёсьць. Ня будзе проста. Тое ж і ў камітэце — 50 на 50, я думаю», — зазначыў ён.
У красавіку літоўскі Сейм прыняў закон, які прадугледжвае абмежавальныя меры для грамадзян Беларусі і Расеі, зьвязаныя з парадкам уезду і легалізацыі ў гэтай балтыйскай дзяржаве, набыцьця нерухомасьці і інш. На этапе разгляду дакумэнт быў значна больш мяккім у дачыненьні да беларусаў, большасьць санкцый закранула расейцаў.
Прэзыдэнт Гітанас Наўседа наклаў на закон вэта і прапанаваў парлямэнту зраўнаваць санкцыі для беларусаў і расейцаў. Сейм адхіліў вэта і зацьвердзіў дакумэнт без прапановаў кіраўніка дзяржавы.
Пасьля прыбыцьця ў Беларусь наймітаў ПВК «Вагнэр» Наўседа і некаторыя іншыя палітыкі заклікалі восеньню вярнуцца да пытаньня аб сынхранізацыі нацыянальных абмежаваньняў супраць беларусаў і расейцаў.
Беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская заклікала літоўскія ўлады не ісьці на гэты крок. За падзел санкцый у дачыненьні да грамадзян Беларусі і Расеі адкрыта выступіла сьпікер парлямэнту Літвы Вікторыя Чміліце-Нільсэн.