New York Times піша, што Расея пры дапамозе Беларусі і Індыі іншых краін працягвае масава прадаваць свае дыямэнты на сусьветным рынку, нягледзячы на санкцыі ЗША і Вялікай Брытаніі.
Паводле газэты, уведзеныя Захадам абмежаваньні прынесьлі нязначны эфэкт, бо яны тычацца толькі неапрацаваных расейскіх алмазаў альбо тых дыямэнтаў, якія былі апрацаваныя выключна ў Расеі.
Расея зьяўляецца найбуйнейшым у сьвеце экспартэрам дыямэнтаў па аб’ёме: расейская дзяржаўная кампанія АЛРОСА здабывае амаль траціну ўсіх алмазаў, паводле статыстыку 2021 году.
ЗША — найбуйнейшы ў сьвеце рынак гатовых дыямэнтаў — увялі захады супраць расейскай сыравіны мінулай вясной, калі прэзыдэнт Джо Байдэн забараніў імпарт неапрацаваных алмазаў з Расеі, а Міністэрства фінансаў ЗША наклала санкцыі на АЛРОСА.
Іншыя краіны таксама ўвялі свае санкцыі, у тым ліку Вялікая Брытанія, якая ў пачатку гэтага году абвясьціла поўную забарону на расейскія алмазы.
Летась Эўразьвяз некалькі разоў спрабаваў увесьці санкцыі ў дачыненьні да расейскіх алмазаў, але гэтаму перашкодзіла Бэльгія з прычыны пратэстаў Антвэрпэна, бэльгійскага партовага горада, які зьяўляецца вядучым цэнтрам гандлю каштоўнымі камянямі.
Цяпер у Кітаі знаходзяцца новыя буйныя порты заходу расейскіх алмазаў, а новыя цэнтры агранкі і паліраваньня ў былых савецкіх краінах, такіх як Армэнія і Беларусь, выклікалі значны ўсплёск абʼёмаў неапрацаваных камянёў, піша New York Times
Паводле выданьня, ад санкцый таксама выйгралі Дубай і Індыя, дзе 90 працэнтаў неапрацаваных камянёў у сьвеце аграняецца і паліруецца ў горадзе Сурат, там працягваюць апрацоўваць расейскія алмазы, не падвяргаючыся заходнім санкцыям.
Тым часам улады ЗША замарозілі некаторыя алмазныя зьдзелкі, якія праводзіліся індыйскімі гандлярамі, якія падазраваліся ў апрацоўцы расейскіх камянёў.