Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канада ўвяла санкцыі супраць 14 расейцаў і забараніла экспарт прадметаў раскошы ў Расею


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

20 траўня Міністэрства замежных спраў Канады абвясьціла пра дадатковыя санкцыі ў дачыненьні да Расеі.

Новыя абмежавальныя меры, як гаворыцца на сайце канадзкага ўраду, уводзяцца супраць «14 фізычных асобаў, у тым ліку расейскіх алігархаў, чальцоў іх семʼяў і блізкіх паплечнікаў пуцінскага рэжыму».

Санкцыі таксама ўключаюць у сябе забарону на экспарт прадметаў раскошы ў Расею і на імпарт шэрагу тавараў зь яе. Так, забараняецца экспарт у Расею алькагольных напояў, тытуню, адзеньня і абутку клясу люкс, аксэсуараў, ювэлірных вырабаў і прадметаў мастацтва. Забарона на імпарт закране алькагольныя напоі, морапрадукты, рыбу і непрамысловыя алмазы. У 2021 годзе абарот гэтых тавараў склаў 75,7 млн даляраў.

Таксама ўрад Канады забароніць экспарт тавараў, якія могуць быць скарыстаныя ў вытворчасьці і вырабе зброі Расеяй.

«Пуцінскі рэжым павінен і будзе адказваць за свае неапраўданыя дзеяньні. Канада разам з саюзьнікамі будзе нястомна прыкладаць намаганьні для ціску на расейскі рэжым, пакуль ён ня страціць здольнасьць весьці вайну. Мы непахісныя ў нашай падтрымцы Ўкраіны і яе народу», — заявіла кіраўніца МЗС Канады Мэляні Жалі.

  • Пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну Канада ўвяла санкцыі ў дачыненьні больш як да 1000 фізычных і юрыдычных асобаў з Расеі, Украіны і Беларусі, гаворыцца на сайце канадзкага ўраду.
  • У канцы красавіка Палата абшчын Канады прыняла рэзалюцыю аб прызнаньні дзеяньняў Расеі генацыдам украінскага народу. У дакумэнце сказана, што Расея падчас вайны ва Ўкраіне зьдзяйсьняла «масавыя зьверствы» і «сыстэматычныя выпадкі наўмысных забойстваў мірных жыхароў Украіны». Сябра Палаты абшчын і аўтар дакумэнта Хізэр Макфэрсан тады заклікала ўлады ўзмацніць жорсткасьць санкцый у дачыненьні да Расеі і павялічыць абʼём гуманітарнай дапамогі Ўкраіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG