У цэлым з музэйных фондаў у розны час розныя асобы выкралі каля 2 тысяч артэфактаў, піша BBC са спасылкай на старшыню праўленьня музэю Джорджа Осбарна.
Супрацоўніка музэю, якога падазраюць ва ўдзеле ў выкраданьні, звольнілі.
Дырэктар Брытанскага музэю Гартвіг Фішэр пайшоў у адстаўку адразу пасьля таго, як прызнаў, што расьсьледаваньне 2021 году правялі няправільна.
Выкрадзеныя каштоўнасьці датуюцца пэрыядамі з XV стагодзьдзя да нашай эры па XIX стагодзьдзе. Асноўную частку зь іх не выстаўлялі для наведвальнікаў, яны захоўваліся для дасьледчых мэтаў.
Джордж Осбарн, які стаў старшынём праўленьня ў чэрвені 2021 году сказаў, што ўпэўнены — «сумленныя людзі» вернуць рэчы. Разам з тым ён прызнаў, што «іншыя могуць і не вярнуць».
Заснаваны ў 1753 годзе Брытанскі музэй сабраў калекцыю з каля 8 мільёнаў экспанатаў, але па стане на 2019 год толькі каля 80 000 былі выстаўлены на ўсеагульны агляд, а астатнія захоўваліся ў сховішчах.
Осбарн сказаў, што ня ўсе прадметы былі «належным чынам занесеныя ў каталёг і зарэгістраваныя», і выказаў здагадку, што «той, хто ведае, што не зарэгістравана, мае вялікую перавагу ў іх выкраданьні».
Хрыстас Цыраяніс, судовы археоляг, які ўзначальвае групу ЮНЭСКА ў барацьбе зь незаконным гандлем старажытнасьцямі, назваў гэтыя крадзяжы найгоршымі ў сучаснай гісторыі.