Некалькі дзён таму ў пункце пропуску «Райгардас» на ўезьдзе ў Літву перахапілі буйную партыю з амаль мільёна пачкаў кантрабандных беларускіх цыгарэт.
Кіроўца грузавіку Daf, грамадзянін Беларусі, заявіў, што вязе 11,6 тоны (290 цюкоў) поліэфірнага валакна транзытам у Польшчу празь Літву. Мытнікі вырашылі аўтамабіль і выявілі схаваныя за пакункамі валакна скрыні з цыгарэтамі, паведамляе літоўская мытня. Агулам знайшлі 1934 скрыні (967 тысяч пачкаў) цыгарэт зь беларускай этыкеткай — «Мінск Капітал QS», «Мінск 5 Супэрслімс», NZ Gold, NZ Black, Queen Menthol, Dove Menthol, Fest і іншыя.
Кошт цыгарэт з улікам падаткаў ацанілі ў 3,99 мільёна эўра.
Кіроўцу грузавіка затрымалі на двое сутак, а пасьля адпусьцілі пад заклад у 15 тысяч эўра. У Ковенскім аддзяленьні Мытнай крымінальнай службы пачалі дасудовае расьсьледаваньне па факце кантрабанды.
Як адзначаюць у літоўскай мытні, у апошні час актывізаваліся плыні кантрабанды цыгарэт зь Беларусі. Калі раней кантрабандныя пастаўкі цыгарэт такога памеру (каля мільёна пачкаў) адбываліся некалькі разоў на год, то цяпер такія грузы перахопліваюць штомесяц.
- 6 жніўня літоўскія мытнікі затрымалі груз з 891 тысяч пачкаў кантрабандных цыгарэт (коштам каля 3,5 млн эўра), 29 ліпеня партыю ў мільён пачкаў цыгарэт (коштам больш за 4 мільёны эўра), 30 чэрвеня — 850 тысяч пачкаў нелегальных цыгарэт.
- Тыдзень таму Літва закрыла два памежныя пераходы на мяжы зь Беларусьсю. Сярод прычын закрыцьця, апроч імавернай пагрозы вагнэраўцаў і плыні нелегальных мігрантаў зь Беларусі, таксама казалі пра тое, што закрытыя пераходы «Шумск» і «Цьверач» былі слабей абсталяваныя тэхнічна, таму праз іх маглі ісьці кантрабандныя тавары.