Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Лябедзька пра прысуд сыну: Мне вельмі балюча, але я ганаруся ім


Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

«Мне балюча, але я ганаруся, што наш сын паказаў вялізарнай колькасьці людзей і сваёй дачцэ, як у цяжкай сытуацыі застацца чалавекам і грамадзянінам», — сказаў Анатоль Лябедзька ў інтэрвію BPN пасьля вынясеньня прысуду ягонаму сыну Арцёму.

Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і міжпарляменцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька таксама выказаў надзею, што Лябедзька-малодшы будзе на волі раней, чым вызначыў суд.

«Мяне складана чымсьці зьдзівіць, але мой сын мяне зьдзівіў. Ён чалавек з грамадзянскай пазыцыяй, але па-за палітыкай, ня мае ніякага палітычнага досьведу. Мяне захапіў сын, ягоныя паводзіны падчас судовага працэсу. Я ведаю: заўсёды ёсьць спакуса нешта зьмякчыць падчас працэсу. У майго сына гэтага не было», — зазначыў Лябедзька.

Паводле Анатоля Лябедзькі, сын задаў суду пытаньне, чаму органы ўлады бязьдзейнічалі 14 месяцаў, калі, на іх думку, структуры, якім ён пералічыў грошы, зьяўляліся «экстрэмісцкімі».

Арцём Лябедзька сказаў у судзе, што яго судзяць замест бацькі, а апошняе слова ў судзе скончыў словамі, якія «людзі баяцца прамаўляць, знаходзячыся на волі: „Жыве Беларусь!“», удакладніў ягоны бацька.

«Калі бяруць у закладнікі родных і блізкіх, гэта безь перабольшваньня 1937 год. Улады даносяць народу, што галоўны парадак дня гэтага рэжыму — утрыманьне ўлады праз рэпрэсіі і страх. Тое, што мы перажываем сёньня ў Беларусі, страшна, гэта быдляцтва, гэта ўжо ніжэй за ўсякую ватэрлінію. Дзеючы рэжым страціў чалавекападобнасьць», — сказаў Анатоль Лябедзька.

Анатоль Лябедзька з сынам Арцёмам
Анатоль Лябедзька з сынам Арцёмам

Лябедзька выказаў надзею, што людзі, якія ўдзельнічаюць у вынясеньні палітычна матываваных прысудаў у Беларусі, будуць несьці за гэта пэрсанальную адказнасьць.

  • 24 жніўня Менскі гарадзкі суд асудзіў палітвязьня Арцёма Лябедзьку на 3,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму. Прысуд вынес Яўген Пісарэвіч. Менавіта такога пакараньня на судовым паседжаньні 23 жніўня запрасіў пракурор Раман Бізюк.
  • Арцёма Лябедзьку прызналі вінаватым у «фінансаваньні дзейнасьці экстрэмісцкага фармаваньня». Паводле матэрыялаў справы, «з выкарыстаньнем разьліковага рахунку аднаго з банкаў з дапамогай мабільнага тэлефона» ён зрабіў «шэраг грашовых пераводаў тром арганізацыям, прызнаным экстрэмісцкімі», а таксама «рабіў пераводы праз «Фэйсбук». Падсудны віны не прызнаў.
  • Арцёма Лябедзьку затрымалі 28 сакавіка нібыта за «дробнае хуліганства» і пасьля арыштавалі на 15 сутак, а потым яшчэ раз на такі ж тэрмін. Пасьля яго заканчэньня на волю ён ня выйшаў — яго ўзялі пад варту ў рамках крымінальнай справы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG