У Беларусі суд прыгаварыў да чатырох гадоў «хатняй хіміі» (без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу) 63-гадовую Яніну Панасевіч за публікацыі ў «Одноклассниках», паведамляе «Берасьцейская Вясна».
Жанчыну прызналі вінаватай па чатырох крымінальных артыкулах: публічная абраза прэзыдэнта (частка 1 артыкула 368 КК), паклёп на Лукашэнку (частка 2 артыкула 367 КК), незаконныя дзеяньні з пэрсанальнымі дадзенымі (частка 3 артыкула 203-1 КК) і паклёп (артыкул 188 КК).
У пракуратуры журналістам раённай газэты «Наш край» распавялі, што на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Одноклассники» жанчына разьмясьціла выяву, «якая прыніжае гонар і годнасьць» Аляксандра Лукашэнкі, а потым «абвінавачаньне» на ягоны адрас «у зьдзяйсьненьні цяжкіх злачынстваў». Апроч гэтага, Панасевіч разьмясьціла асабістыя дадзеныя начальніка аднаго з раённых аддзелаў міліцыі: яго адрас, нумар тэлефона і рэгістрацыйны нумар аўтамабіля.
Паводле праваабаронцаў, жанчына на сваёй старонцы таксама ставіла лайкі пад відэа незалежных СМІ і навінамі з падтрымкай Украіны ў вайне супраць Расеі, а таксама дзялілася беларускамоўным кантэнтам.
Яніна Панасевіч таксама мусіць заплаціць штраф у памеры 3700 беларускіх рублёў ($1463).