Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Адэсе расьсьледуюць набыцьцё беларускай прадукцыі за сродкі бюджэту. Што дагэтуль Украіна купляе зь Беларусі


Беларускі трактар у цэнтры Кіева, дзе выставілі падбітую расейскую вайсковую тэхніку. 21 жніўня 2023
Беларускі трактар у цэнтры Кіева, дзе выставілі падбітую расейскую вайсковую тэхніку. 21 жніўня 2023

Свабода прааналізавала, якую беларускую прадукцыю дагэтуль купляюць ва Ўкраіне.

Сьледчы аддзел расьсьледаваньняў асабліва цяжкіх злачынстваў паліцыі Адэскай вобласьці завёў справу аб парушэньні заканадаўства пры ажыцьцяўленьні закупаў за сродкі мясцовага і дзяржаўнага бюджэту прадукцыі паходжаньнем зь Беларусі.

У прыватнасьці, прадметам расьсьледаваньня стала набыцьцё трактара вытворчасьці Менскага трактарнага заводу адным з камунальных прадпрыемстваў Адэскай вобласьці. На яго зь бюджэту выдаткавалі 865 тысяч грыўняў (амаль 24 тысячы даляраў у эквіваленце. — РС).

Праз суд сьледчыя дабіліся доступу да дакумэнтаў, па якіх адбываўся тэндэр на закуп беларускага трактара.

Якую беларускую прадукцыю купляюць за бюджэтныя сродкі ва Ўкраіне

Трактары і запчасткі да іх і да іншай аўтамабільнай тэхнікі беларускай вытворчасьці — найбольш распаўсюджаная прадукцыя, якую цяпер купляюць ва Ўкраіне і цывільныя, і вайсковыя прадпрыемствы.

Раней прадпрыемствы-замоўнікі пры абвяшчэньні конкурсаў пазначалі ў адпаведнай дакумэнтацыі від запчастак і вытворцу — канкрэтнае беларускае прадпрыемства. Цяпер, пасьля ўвядзеньня забароны на купляньне беларускай і расейскай прадукцыі, у дакумэнтах падаюць толькі спэцыфікацыю. Але гэта зусім не азначае, што беларускую прадукцыю больш не купляюць.

Прадукцыя Менскага трактарнага заводу. Архіўнае фота
Прадукцыя Менскага трактарнага заводу. Архіўнае фота

Пасьля 24 лютага 2022 году ўкраінскія прадпрыемствы толькі беларускіх трактароў купілі ня менш як на 20 мільёнаў грыўняў (больш як паўмільёна даляраў у эквіваленце. — РС). Як паведаміў праект DOZORRO Transparency International Ukraine, беларускія трактары набывалі камунальныя прадпрыемствы Адэскай, Днепрапятроўскай і іншых абласьцей Украіны.

Пакупнікі беларускай прадукцыі тлумачылі свой выбар або тым, што пасьпелі іх купіць да ўвядзеньня забароны, або тым, што куплялі тэхніку, сабраную ўжо ва Ўкраіне.

Вядома таксама, што ў верасьні 2022 году беларускі трактар коштам 1,6 мільёна грыўняў (больш за 40 тысяч даляраў у эквіваленце. — РС) заказаў Ужгарадзкі аэрапорт. Сёлета беларускія запчасткі для транспарту куплялі дзяржаўная кампанія «Укренерго», камунальнае прадпрыемства «Одесміськелектротранс» і іншыя.

У прыярытэце — запчасткі для вайсковай і ратавальнай тэхнікі

Пачынаючы з 2014 году,, Украіна купляла ў Беларусі шмат аўтамабільнай тэхнікі, якая ўжо на мясцовых прадпрыемствах перараблялася для патрэбаў Узброеных сілаў, Нацыянальнай паліцыі, Нацыянальнай гвардыі і ратавальных службаў.

Пасьля абстрэлаў або ўдзелу ў баявых дзеяньнях гэтую тэхніку трэба рамантаваць, а на гэта патрэбныя беларускія запчасткі.

Свабода знайшла некалькі тэндэраў, па выніку якіх Украіна ў 2023 годзе купляла такую прадукцыю для артылерыйскіх войскаў у складзе Сухапутных сіл, падпарадкаваных апэратыўнаму камандаваньню «Поўдзень».

  • У чэрвені на набыцьцё запчастак, у тым ліку блёкаў шасьцерняў і шасьцерняў вытворчасьці Менскага заводу шасьцерняў, пэўная вайсковая частка накіравала 39 759,95 грыўні (больш як адну тысячу даляраў). Што праўда, у пераліку закупак ёсьць і прадукцыя зь Літвы, Чэхіі, Славаччыны, Нямеччыны, а таксама з Расеі, вытворчасьці ГАЗ ці КамАЗ.
  • У студзені яшчэ адна вайсковая частка разам зь іншымі замежнымі запчасткамі купляла дэталі для карданнага валу вытворчасьці Менскага аўтамабільнага заводу. Агульны кошт закупкі склаў 110 348,6 тысячы грыўняў (больш за 3 тысячы даляраў у эквіваленце). Кошт іншых аналягічных тэндэраў, паводле якіх тая ж вайсковая частка набывала запчасткі МАЗу, складаў ад 30 да 60 тысяч грыўняў (ад 1 да 2 тысячы даляраў).
  • 28 жніўня завершыцца тэндэр коштам 546 437 грыўняў (амаль 15 тысяч даляраў у эквіваленце) аб куплі пажарна-ратавальным атрадам Дзяржаўнай службы Ўкраіны ў надзвычайных сытуацыях у Днепрапятроўскай вобласьці паслуг па тэхнічным абслугоўваньні і бягучым рамонце пажарных аўтамабіляў МАЗ.
Пажарная машына МАЗ на выставе «Зброя і бясьпека» ў Кіеве, 9 кастрычніка 2018 году
Пажарная машына МАЗ на выставе «Зброя і бясьпека» ў Кіеве, 9 кастрычніка 2018 году

Такія тэндэры аб набыцьці запчастак для вайсковай, ратавальнай і сельскагаспадарчай тэхнікі абвяшчаюць у розных рэгіёнах ці ня кожны дзень.

Падлічыць агульную колькасьць тэндэраў, паводле якіх купляюць беларускую прадукцыю, і іхны кошт немагчыма, бо цяпер урад Украіны дазволіў ажыцьцяўляць закупкі, кошт якіх не перавышае 200 тысяч грыўняў (амаль 5,5 тысячы даляраў у эквіваленце), без выкарыстаньня электроннай сыстэмы.

Хто пастаўляе і адкуль

Пераможцаў вялікіх абаронных тэндэраў ведаюць толькі дзяржаўныя органы. У электроннай сыстэме яны закадаваныя пад назвай «абаронны пастаўшчык».

У дробных конкурсах беларускія запчасткі пастаўляюць звычайныя камэрцыйныя ўкраінскія прадпрыемствы, якія да пачатку вайны шчыльна супрацоўнічалі з МАЗ, МТЗ і іншымі беларускімі прадпрыемствамі. Сярод іх найбольш з тых рэгіёнаў, дзе Беларусь да вайны пасьпела стварыць вялікія сеткі для абслугоўваньня сваёй тэхнікі.

Цалкам верагодна як тое, што беларускую прадукцыю прадаюць з запасаў, сфармаваных на тэрыторыі Ўкраіны да поўнамаштабнай агрэсіі Расеі, так і тое, што ў 2023 годзе зь Беларусі могуць адбывацца і новыя пастаўкі празь іншыя краіны.

Забароны на гандаль зь Беларусьсю, як у выпадку з Расеяй, Украіна ня ўводзіла. Аднак межы між дзьвюма краінамі закрытыя і пункты пропуску фізычна не працуюць. Як паведамлялі Свабодзе ўкраінскія юрысты, тавар зь Беларусі могуць завозіць на тэрыторыю Ўкраіны, напрыклад, праз тэрыторыю Эўразьвязу або іншыя трэція краіны.

У той жа час Украіна ўвяла санкцыі супраць шэрагу беларускіх прадпрыемстваў, у тым ліку і тых, прадукцыя якіх цяпер запатрабаваная на ўкраінскім рынку: супраць Менскага аўтамабільнага заводу, ААТ «БелАЗ», ААТ «Гомсельмаш» і «БелАЗ-Сэрвіс».

Украінская мытня адзначае павелічэньне гандлёвых патокаў з Польшчы, Турэччыны і Кітаю

З пачатку расейскага ваеннага ўварваньня Ўкраіна спыніла публікацыю сваёй замежнагандлёвай дзейнасьці ў разрэзе краін і відаў прадукцыі, якая зь іх імпартуецца на ўкраінскую тэрыторыю.

У той жа час нядаўна Дзяржаўная мытная служба Ўкраіны абнародавала зьвесткі, падрыхтаваныя паводле аналізу мытных дакумэнтаў пры ўвозе грузаў ва Ўкраіну.

Паводле мытнікаў, агульны аб’ём таваразвароту Ўкраіны за 7 месяцаў году склаў 57,5 мільярда даляраў, што на 3% больш за ўзровень 2022 году (імпарт — 35,7 мільярда, экспарт — 21,8 мільярда).

Найбольш Украіна імпартавала з Кітаю (на 5,6 мільярда даляраў), Польшчы (на 3,8 мільярда даляраў) і з Турэччыны (2,8 мільярда даляраў).

А зь відаў імпартаванай прадукцыі найбольшую частку склалі машыны, абсталяваньне і транспарт (на 10,6 мільярда даляраў), нафтапрадукты і паліва (на 6,4 мільярда даляраў) і прадукцыя хімічнай прамысловасьці (на 6,4 мільярда даляраў).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG