Намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі Пётра Пархомчык паведаміў, што ў Беларусі будуць выпускаць яшчэ адзін кітайскі аўтамабільны брэнд.
«У нас ёсьць яшчэ адна дамова з адной з кітайскіх кампаній, якая ўжо паставіла на сэртыфікацыю два красовэры. Гэтыя машыны ня будуць перасякацца з прадукцыяй Belgee. Гэтыя красовэры больш адносяцца да бізнэс-клясы, даражэйшыя», — сказаў чыноўнік.
Які менавіта брэнд адкрые вытворчасьць у Беларусі, чыноўнік не сказаў. Глядзім, што цяпер адбываецца зь беларускім аўтамабільным рынкам.
Што купляюць беларусы
Са студзеня па ліпень Geely займаў лідэрскія пазыцыі на беларускім аўтамабільным рынку з доляй продажу новых аўтамабіляў 75,6% сярод усіх набытых аўтамабіляў, падлічвае Беларуская аўтамабільная асацыяцыя.
На другім месцы ў ліпені была «Лада» — 218 рэалізаваных аўтамабіляў за месяц.
На трэцім зь вялікім адрывам нямецкая Audi — 65 рэалізаваных машын.
Беларус, які нядаўна прадаваў уласны аўтамабіль у Менску, на ўмовах ананімнасьці расказаў Свабодзе, што сёньня адбываецца з рынкам. На ягоны погляд, цяпер нават старыя машыны можна прадаць даражэй, чым яны калісьці каштавалі.
«Сваю машыну я выстаўляў на продаж год таму, а зараз прадаў яе на 25% даражэй, чым хацеў тады. Прычым гэта старая машына. Аўтамабіляў стала менш, добрых варыянтаў і так заўжды было мала, а цяпер іх яшчэ менш. Актыўныя перакупшчыкі. Людзі шукаюць розныя варыянты, бо цяпер шмат машын ідзе на Расею. Туды ідуць машыны даражэй. Калі раней 20-гадовая машына амаль зусім не цанілася, то цяпер такую машыну забіраюць. Знаёмы ў мяне ў 2021 годзе купіў новую машыну з салёну і цяпер прадаў яе даражэй, чым набыў».
Што можна купіць проста цяпер
Адзін з самых даступных варыянтаў — гэта кітайскі брэнд беларускай зборкі Geely. Самая танная яго мадэль, Geely Emgrand, каштуе ад 49 200 рублёў, або 14 428 эўра.
Самы дарагі варыянт кітайскага брэнду — красовэр Geely Monjaro, ён каштуе 141 900 рублёў у базавай камплектацыі, або 41 612 эўра.
«Лада» ў афіцыйным салёне ў Менску каштуе ад 29 000 рублёў, або ад 8500 эўра.
Самы дарагі варыянт Niva Travel абыдзецца ў 40 500 рублёў, або 11 876 эўра.
З эўрапейскімі брэндамі ў Беларусі ўсё яшчэ цяжка. Напрыклад, у салёне Volvo аўтамабілі гэтай швэдзкай маркі можна купіць толькі з прабегам. Новыя аўтамабілі там прадаюць толькі кітайскай маркі Skywell. Каштуюць 142 344 рублі, або 41 743 эўра.
Таксама ў Менску можна знайсьці машыны кітайскай маркі HAVAL. Каштуюць ад 65 900 рублёў, або больш за 19 тысяч эўра.
У салёне Mazda ў Менску знаходзім новыя аўтамабілі. Там кажуць, што яны японскай зборкі (да ўвядзеньня санкцый у Беларусі можна было купіць Mazda, сабраныя ў Эўразьвязе. — РС). Mazda 3 каштуе больш за 38 000 эўра. У суседняй Літве, напрыклад, такая ж новая Mazda 3 будзе каштаваць да 27 000 эўра (на 11 000 эўра таньней). У Польшчы такая ж машына абыдзецца яшчэ таньней, у 23 866 эўра.