Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камандуючы літоўскім войскам расказаў, ці існуе пагроза з боку Беларусі


Літоўскі памежны слуп
Літоўскі памежны слуп

Прамой ваеннай пагрозы з боку Беларусі няма, а літоўскае войска цяпер дзейнічае «адэкватна пагрозе». Такую заяву зрабіў 21 жніўня камандуючы Ўзброенымі сіламі Літвы Вальдэмарас Рупшыс, паведамляе Літоўскае нацыянальнае радыё і тэлебачаньне.

«Мы вядзем маніторынг, саюзьнікі вядуць маніторынг, Узброеныя сілы Літвы вядуць маніторынг. Непасрэднай пагрозы няма. Але я б сказаў, што і расейскія сілы, якія знаходзяцца зараз у Беларусі, і сам беларускі рэжым вельмі непрадказальныя. Мы выбралі свае мэты і задачы так, каб быць гатовымі рэагаваць на любую сытуацыю», — зазначыў камандуючы, піша BPN.

Паводле слоў Рупшыса, 25 жніўня на мяжы Літвы заплянаваныя вучэньні, падчас якіх памежнікі і вайскоўцы будуць «адпрацоўваць дзеяньні па сцэнарах, прадугледжаных абноўленым плянам прыкрыцьця дзяржаўнай мяжы». Разглядаецца пытаньне аб прыцягненьні да манэўраў супрацоўнікаў органаў унутраных справаў Польшчы, Латвіі і Эстоніі.

«Мы, вядома, робім столькі, колькі трэба. Сама ідэя палягае ў тым, каб не быць прывязанымі да памежнай зоны, паколькі мяжа вельмі шырокая. У нас ёсьць пляны, як, дзе, калі і зь кім мы будзем рэагаваць, але мы не абавязкова павінныя трэніравацца на мяжы», — сказаў камандуючы Узброенымі сіламі Літвы.

На думку прадстаўніка Галоўнага ўпраўленьня разьведкі Міністэрства абароны (ГУР МА) Украіны Андрэя Юсава, выказанага ім у эфіры тэлемаратону 21 жніўня, актыўнасьць расейскай ПВК «Вагнэр» на мяжы Беларусі з Польшчай або краінамі Балтыі не зьяўляецца ваеннай пагрозай, бо «сярод байцоў „Вагнэра“ няма вялікай колькасьці самазабойцаў».

«Уся папярэдняя актыўнасьць на, напрыклад, беларуска-польскай або на мяжы з краінамі Балтыі з боку вагнэраўцаў — гэта адцягваньне сіл і сродкаў, увагі, учыненьне пэўнага роду правакацый з мэтай стварэньня дадатковай напругі», — лічыць Юсаў. «Але гэта не рэальная ваенная пагроза, — заявіў ён. — Вядома, там шмат розных людзей, але самазабойцаў сярод іх, я не думаю, што вельмі вялікі адсотак. Прынамсі, Прыгожын дакладна да такіх не адносіцца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG