Дыппрадстаўніцтва нагадвае, што ўрад Літвы 18 жніўня закрыў два пункты пропуску на мяжы зь Беларусьсю, а «ўрады Польшчы, Літвы і Латвіі заявілі, што магчымае далейшае закрыцьцё пунктаў пропуску на мяжы зь Беларусьсю», піша BPN.
Амбасада заклікае сваіх грамадзян «не наведваць Беларусь у сувязі з тым, што беларускія ўлады працягваюць садзейнічаць нападу Расеі на Ўкраіну, з нарошчваньнем расейскіх узброеных сіл у Беларусі, адвольным ужываньнем мясцовых законаў, рызыкай затрыманьня і абмежаванай здольнасьцю амбасады аказаць дапамогу грамадзянам ЗША, якія пражываюць у Беларусі або накіроўваюцца ў яе».
Грамадзянам ЗША, якія знаходзяцца ў Беларусі, «трэба неадкладна пакінуць краіну», разгледзеўшы магчымасьць выезду праз пункты перасячэньня мяжы зь Літвой і Латвіяй, якія яшчэ засталіся.
23 студзеня 2022 году, за месяц і адзін дзень да пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну пры падтрымцы беларускіх уладаў, Злучаныя Штаты раілі сваім суайчыньнікам не наведваць Беларусь. Грамадзянам ЗША нагадалі пра неабходнасьць «праяўляць павышаную ўвагу і пільнасьць адносна палітычнай і ваеннай напружанасьці ў рэгіёне».
31 студзеня таго ж году Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША распарадзіўся аб ад’езьдзе зь Беларусі чальцоў семʼяў амэрыканскіх дзяржаўных службоўцаў. Дзяржаўны дэпартамэнт ня раіў сваім грамадзянам наведваць Беларусь «з прычыны адвольнага характару ўжываньня законаў, рызыкі быць затрыманым, а таксама нетыповага нарошчваньня расейскай вайсковай сілы ўздоўж мяжы Беларусі з Украінай».
12 красавіка 2023 году пасольства ЗША ў Менску яшчэ раз раіла суграмадзянам «неадкладна пакінуць» тэрыторыю Беларусі.