Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар абароны Кітая прасоўваў «плян глябальнай бясьпекі» Пэкіна падчас паездкі ў Расею і Беларусь. Што гэта такое


Лукашэнка і Лі Шанфу
Лукашэнка і Лі Шанфу

На фоне абвастрэньня вайны ва Украіне міністар абароны Кітая Лі Шанфу завяршыў сымбалічную паездку ў Расею і Беларусь, умацоўваючы ваенныя сувязі і прасоўваючы кітайскую ініцыятыву, накіраваную на тое, каб канкурыраваць з Захадам і паставіць Пэкін у цэнтар міжнароднай палітыкі бясьпекі.

Пра гэта піша Рыд Стэндыш, аглядальнік Радыё Свабода, які асьвятляе падзеі ў Расеі і Эўразіі. Раней ён быў аўтарам амэрыканскага часопіса Foreign Policy ў Вашынгтоне, пісаў, у прыватнасьці, для The Washington Post, The Atlantic, Politico, пазьней быў карэспандэнтам часопіса Foreign Policy у Маскве. Публікаваўся ў шэрагу іншых выданьняў Эўропы і Цэнтральнай Азіі.​

Лі Шанфу прыбыў у Маскву 14 жніўня, каб пачаць вайскова-дыпляматычны тур перамоваў з чыноўнікамі, у тым ліку з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным і расейскім міністрам абароны Сяргеем Шайгу.

Пэкін і Масква паабяцалі ўзмацніць вайсковае супрацоўніцтва, нягледзячы на поўнамаштабнае ўварваньне Крамля ва Ўкраіну, якое пацягнула за сабой гуманітарную катастрофу і пахіснула структуру глябальнай бясьпекі.

Лі правёў 17 жніўня перамовы з высокапастаўленымі беларускімі чыноўнікамі ў Менску, уключаючы Аляксандра Лукашэнку, пра тое, як паглыбіць супрацоўніцтва ў сфэрах ад абароны да эканамічнага супрацоўніцтва. Пры гэтым бакі пагадзіліся правесьці ў наступным годзе сумесныя вайсковыя вучэньні.

Лі Шанфу і Сяргей Шайгу
Лі Шанфу і Сяргей Шайгу

Але галоўным у паездцы Лі было прасоўваньне новай Ініцыятывы глябальнай бясьпекі Кітая (ІГБ). Гэты шырокамаштабны праект Пэкіна, задуманы кітайскім лідэрам Сі Цзіньпінам, мае на мэце прапанаваць альтэрнатыву той зьнешняй палітыцы, якую прапануе Захад.

Канцэпцыя Кітая, апублікаваная ў лютым, патрабуе засяродзіць увагу на дыпляматыі і абароне. Паводле Кітая, яны могуць зрабіць сьвет больш бясьпечным дзякуючы паляпшэньню супрацоўніцтва і дыялёгу па розных пытаньнях — ад барацьбы з тэрарызмам да ўзмацненьня вайсковых вучэньняў і больш усебаковага абмену выведнымі дадзенымі.

«Незалежна ад таго, ці ідзе размова аб Афганістане, Сірыі, Карэйскім паўвостраве, Украіне або іранскай ядзернай праблеме, Кітай будзе садзейнічаць мірным перамовам і дапаможа дасягнуць міжнароднага кансэнсусу», — сказаў Лі на Маскоўскай канфэрэнцыі па міжнароднай бясьпецы 15 жніўня.

Як прыклад такога падыходу ён прывёў заключанае ў сакавіку пры пасярэдніцтве Пэкіна Пагадненьне па нармалізацыі адносін паміж Саудаўскай Арабіяй і Іранам.

Вядучы кітайскі дыплямат Ван І (у цэнтры) і прадстаўнікі Саудаўскай Арабіі і Ірану з тэкстамі пагадненьня аб нармалізацыі адносін паміж Эр-Рыядам і Тэгеранам пры пасярэдніцтве Кітая. Пэкін, 10 сакавіка 2023 г.
Вядучы кітайскі дыплямат Ван І (у цэнтры) і прадстаўнікі Саудаўскай Арабіі і Ірану з тэкстамі пагадненьня аб нармалізацыі адносін паміж Эр-Рыядам і Тэгеранам пры пасярэдніцтве Кітая. Пэкін, 10 сакавіка 2023 г.

Кітайскія афіцыйныя асобы супрацьпастаўляюць ІГБ ініцыятывам і палітыцы, якая прасоўваецца Захадам у апошнія гады, у прыватнасьці, выкарыстаньню Вашынгтонам эканамічных санкцый і ўварваньню Злучаных Штатаў у Афганістан і Ірак.

Выступаючы на канфэрэнцыі ў Маскве, Лі ня надта завуалявана крытыкаваў зьнешнюю палітыку ЗША.

«Міжнародная супольнасьць супраціўляецца і рашуча выступае супраць гегеманісцкага падыходу навязваньня сваёй волі іншым і ўмяшаньня ва ўнутраныя справы іншых краін, — заявіў ён. — Гэтыя памылковыя дзеяньні пазбаўляюць іншыя краіны іх права на разьвіцьцё і аўтаномію і зьяўляюцца крыніцай хаосу і катастроф у сьвеце».

Маскоўская канфэрэнцыя па бясьпецы стварыла спрыяльную глебу для намаганьняў Пэкіна прадставіць сябе як альтэрнатыву Злучаным Штатам у якасьці партнэра па бясьпецы.

Падчас мерапрыемства прагучала запісанае пасланьне Пуціна, у якім ён абвінаваціў ЗША ў падліваньні «алею ў агонь» глябальных канфліктаў, пры гэтым прэзыдэнт РФ засяродзіўся на ваеннай падтрымцы Вашынгтона і пастаўцы зброі Ўкраіне.

Крэмль запрасіў да ўдзелу ў канфэрэнцыі 92 краіны, у тым ліку Беларусь, Саудаўскую Арабію, Індыю і Віетнам, але расейскія СМІ паведамілі, што ніводнага прадстаўніка заходняй краіны не было.

Знаходзячыся ў Маскве, Лі сказаў, што Кітай гатовы праводзіць больш вайсковых вучэньняў зь іншымі краінамі і пашырыць вобласьць вучэньняў.

«Уся сутнасьць ІГБ заключаецца ў спробе станоўча зьмяніць падыход Кітая да бясьпекі, — сказаў Радыё Свабода Рафаэла Пантучы, старшы навуковы супрацоўнік Школы міжнародных дасьледаваньняў у Сынгапуры. — Кітайцы любяць мець гэтыя вялікія, грандыёзныя ідэі, каб упарадкаваць свае погляды на сьвет, якія затым могуць прасоўваць і прадаваць іншым краінам».

Кітай абнародаваў сваю Ініцыятыву глябальнай бясьпекі ў лютым гэтага году пасьля прапановы Сі Цзіньпіна ў красавіку 2022 году.

У гэтай прамове Сі прапанаваў краінам вырашаць свае спрэчкі шляхам дыялёгу, паважаючы рознагалосьсі, каб дасягнуць «бясьпекі для ўсіх».

Кіраўнік Кітая Сі Цзіньпін на вялікім экране падчас сьвяткаваньня 100-годзьдзя Камуністычнай партыі Кітая ў жніўні 2021 году
Кіраўнік Кітая Сі Цзіньпін на вялікім экране падчас сьвяткаваньня 100-годзьдзя Камуністычнай партыі Кітая ў жніўні 2021 году

«Мы павінны працаваць разам, каб падтрымліваць мір і стабільнасьць у сьвеце, — сказаў Сі. — Краіны ва ўсім сьвеце падобныя да пасажыраў на борце аднаго карабля, якія падзяляюць агульны лёс».

Але аналітыкі папярэджваюць, што ружовая рыторыка ІГБ накіраваная на стварэньне глябальнай сыстэмы, якая была б больш прыязная да аўтакратычных рэжымаў і размывала б цяперашні шматнацыянальны працэс пад кіраўніцтвам Захаду.

«ІГБ — апошні і, магчыма, самы трывожны доказ таго, што супрацьстаяньне паміж ЗША і Кітаем перарастае ў паўнавартасную барацьбу за глябальнае першынство», — напісаў Майкл Шульман, супрацоўнік «Атлянтычнай рады».

Невядома, як Лі і іншыя чыноўнікі Кітая будуць глядзець на разьвіцьцё ІГБ у будучыні.

«Краіны гатовыя падпісаць такія ініцыятывы і наратывы, як у ІГБ, таму што яны хочуць узаемадзеяньня з Кітаем, — сказаў Пантучы. — Не абавязкова яны вераць заявам або дэталям, але яны хочуць мець адносіны з Пэкінам, таму яны гатовыя гэта прыняць».

Акрамя заяў у Маскве аб узмацненьні супрацоўніцтва, Пэкін таксама ўключыў у шырэйшыя рамкі ІГБ сваю прапанову з 12 пунктаў, як пакласьці канец вайне ва Ўкраіне.

Дакумэнт скрытыкавалі заходнія лідэры, якія паставілі пад сумнеў здольнасьць Кітая дасягнуць перамір'я, улічваючы рост яго сувязяў з Расеяй.

Аднак гэтая прапанова атрымала пэўную падтрымку з боку Глябальнага Поўдня і дапамагла пачаць сэрыю дыпляматычных ініцыятыў па вайне ва Ўкраіне з боку лідэраў Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі.

Лі таксама выкарыстоўваў ІГБ і сваё турнэ ў Расею і Беларусь, каб прасоўваць іншыя кітайскія мэты. На канфэрэнцыі ён сказаў, што спробы «выкарыстоўваць Тайвань для стрымліваньня Кітая» «несумненна скончацца правалам», паведамляе дзяржаўнае кітайскае агенцтва Сіньхуа.

Напружанасьць вакол Тайваня застаецца высокай, і Пэкін разглядае востраў як сваю непакорлівую правінцыю, якой ён імкнецца завалодаць сілай, калі гэта будзе неабходна.

Экспэрты адзначаюць, што многія прынцыпы, якія падтрымліваюцца ІГБ, такія як неўмяшаньне і рэгіянальная стабільнасьць, адсылаюць да ўласных клопатаў і жаданьняў Кітая ў патэнцыйным канфлікце з удзелам Тайваня.

Пэкін неаднаразова крытыкаваў амэрыканскае ўзаемадзеяньне з востравам, зь якім у Вашынгтона няма афіцыйных дыпляматычных адносін, асабліва з прычыны продажу Тайбэю амэрыканскай зброі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG