Камісія парлямэнту Ірана ўхваліла ўзмацненьне жорсткасьці пакараньняў за парушэньне закону аб абавязковым нашэньні хіджабу.
Хіджаб — накідка, якая хавае цела і/або твар. Паводле ісламскіх канонаў, мусульманкі павінны надзяваць хіджаб пры выхадзе на вуліцу.
На наступным этапе новы закон будзе прадстаўлены Радзе вартавых Канстытуцыі — кантрольнаму органу, які складаецца з прадстаўнікоў кансэрватыўнага духавенства.
Законапраект складаецца з 70 артыкулаў, якія прадугледжваюць значна буйнейшыя штрафы і доўгія турэмныя тэрміны для жанчын, якія адмаўляюцца насіць хіджаб, новыя жорсткія пакараньні для знакамітасьцяў і кампаній, якія парушаюць закон. Законапраект таксама прадугледжвае выкарыстаньне штучнага інтэлекту для выяўленьня парушальніц дрэс-коду.
Штраф за адмову ад хіджабу вырасьце ў тысячы разоў
Паводле цяперашняга іранскага заканадаўства за парушэньне дрэс-коду пагражае турэмнае зьняволеньне на тэрмін ад 10 дзён да двух месяцаў або штраф у памеры ад 50 тыс. да 500 тыс. іранскіх рыялаў (ад 1 да 10 эўра ў эквіваленце). Новы пакет законаў уводзіць пакараньне за адмову ад хіджабу ў выглядзе турэмнага зьняволеньня на тэрмін ад пяці да дзесяці гадоў, а таксама штраф у памеры да 360 млн іранскіх рыялаў (7800 эўра).
Узмацненьне жорсткасьці заканадаўства стала адказам кіраўніцтва краіны на акцыі пратэсту 2022 году. Нагодай для іх стала забойства іранскай паліцыяй нораваў 22-гадовай Махсы Аміні, якую затрымалі за няправільнае нашэньне хіджабу. Улады краіны жорстка здушылі пратэсты, у тым ліку пакаралі сьмерцю некалькі чалавек. Як адзначае нямецкае агенцтва dpa, нягледзячы на спыненьне пратэстаў, многія жанчыны працягваюць супраціўляцца патрабаваньню насіць хіджаб. Улады ўжо некалькі месяцаў рыхтуюць увядзеньне больш жорсткіх мераў пакараньня ў адказ.